Прастольнае свята царквы Архіерэйскага Падвор’я
22 мая Царква адзначае памяць свяціцеля Мікалая Цудатворца. Свяціцель Мікалай, бадай, адзін з найбольш шанаваных святых і ў Заходняй, і ва Усходняй Цэрквах. Адметна, што свяціцеля шануюць нават прадстаўнікі мусульманскай рэлігіі.
У гонар гэтага найбольш вядомага хрысціянскага святога ў горадзе над Нёманам асвячоны адзін з прыдзелаў Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, а таксама храм Архіерэйскага Падвор’я. З гэтай прычыны ў дзень прастольнага свята Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій узначаліў служэнне Боскай літургіі ў гэтым храме. Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі, мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, благачынны Гродзенскай акругі протаіерэй Аляксандр Велісейчык, в.а. настаяцеля храма іерэй Мікалай Гайдук, клірыкі храма іерэй Аляксандр Рудзінскі і іерэй Павел Сяргееў, а таксама протадыякан Дзімітрый Шэпелеў і дыякан Дзімітрый Паўлюкевіч. Архіерэйскае набажэнства суправаджалася прыгожымі спевамі прыходскага хору пад кіраўніцтвам рэгента Ксеніі Собаль.
У часе літургіі адбылося дзве хіратоніі – іерэйская і дыяканская. Дыякан Дзімітрый Хямяляйнен быў рукапаложаны ў іерэя, а іпадыякан Дзімітрый Галамбоўскі – у дыякана.
Па заканчэнні літургіі адбыўся Хрэсны ход вакол храма, а напрыканцы – слаўленне каля іконы свяціцеля.
У часе пропаведзі Уладыка павіншаваў прысутных з прастольным святам і пажадаў кожнаму з нас следаваць прыкладу свяціцеля Мікалая ў сваім духоўным жыцці.
Свяціцель Мікалай – гэта ўзор дабрадзейнага жыцця. Нягледзячы на тое, што ён жыў не надта заможна, ён дзяліўся сваім набыткам з усімі, ў каго была нястача.
Уладыка адзначыў, што свяціцель заставаўся верны Госпаду і Яго запаведзям ва ўсіх жыццёвых выпрабаваннях. А гэты найбольш знаны ўгоднік Божы зазнаў нямала нягод на працягу свайго жыцця. Сярод іх – шматлікія катаванні за веру і за праўду Хрыстову. Адметна, што царкоўны ўстаў прадпісвае сёння спяваць на Боскай літургіі пракімен, гл. 7: “Восхвалятся преподобнии во славе и возрадуются на ложах своих”. Гэты пракімен выконваецца галоўным чынам на службах, прысвечаных памяці свяшчэннамучаніка, прападобнамучаніка і вызнаўцы. Святая Маці-Царква недарэмна ўстанавіла спяваць гэты пракімен у дзень памяці свяціцеля Мікалая. Хоць яго святасць не была яўлена праз пакутніцкую смерць, але свяціцеля можна назваць сапраўдным вызнаўцам, бо ён спазнаў нямала пакут за веру і ў часы ганенняў на хрысціянаў, і ў пазнейшыя часы, калі хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй. І пра тое, што свяціцель Мікалай нямала пакутаваў за Хрыста, сведчыць не толькі яго жыціе, але і навуковыя даследаванні яго пачэсных мошчаў.
Няхай жыццёвы подзвіг свяціцеля стане для нас прыкладам сапраўднага хрысціянскага жыцця. Няхай кожны з нас навучыцца пераймаць яго смеласць і цвёрдасць у адстойванні праўды Хрыстовай у сваім жыцці. Няхай кожны з нас стане тым, вакол каго, як і вакол свяціцеля Мікалая, са слоў прападобнага Серафіма Сароўскага, “уратуюцца тысячы”.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч