Архiепiскап Арцемiй. Крыжапаклонная
Сённяшні нядзельны дзень называецца Нядзеляй Крыжапаклоннай. Сённяшняя нядзеля павінна стаць для нас з вамі не толькі днём пакланення святому жыватворнаму Крыжу Гасподняму, але і днём роздуму над тым, а што ж для нас, хрысціянаў, азначае гэты Крыж.
На жаль, для многіх з нас выява Крыжа Гасподняга стала настолькі звыклай і будзённай, што мы вельмі часта перастаем усведамляць галоўны і сапраўдны сэнс гэтага вялікага сімвала хрысціянскай Царквы. Апранаючы на свае грудзі Крыж, мы вельмі часта ўспрымаем Крыж як нейкі магічны знак, як інструмент, які павінен гарантаваць нам бяспеку, застрахаваць нас ад усіх жыццёвых непрыемнасцей. Па сутнасці, мы чакаем таго, што нашэнне Крыжа, да якога пакліканы кожны хрысціянін, зробіць наша жыццё лёгкім і бясхмарным. І тут мы застаемся тымі ж самымі абязбожанымі абывацелямі, якіх часта бачым вакол сябе і якіх вельмі часта асуджаем. Давайце задумаемся над тым, да чаго абавязвае нас Крыж, які мы нясем на сваіх грудзях, да чаго абавязвае нас, хрысціянаў, гэты вялікі сімвал Хрыстовых пакут.
Сённяшняе Евангелле вельмі коратка і вельмі ёміста выразіла сутнасць нашых хрысціянскіх адносінаў да Крыжа.
Гасподзь наш Іісус Хрыстос кажа нам пра тое, што той з нас, хто хоча ўратавацца, павінен адмовіцца ад сябе, узяць Крыж свой і следаваць за Ім, за Хрыстом. У кожным слове ў гэтым Евангельскім аповедзе заключаны глыбокі сэнс. Такім чынам, нам перадусім трэба адрынуць сябе. А ці ўмеем мы гэта рабіць? Ці атрымліваецца ў нас гэта адмаўленне нават тады, калі мы становімся хрысціянамі, нават тады, калі мы носім на сабе Крыж Гасподні?
На жаль, вельмі часта мы аказваемся зусім далёкімі ад гэтага самага галоўнага подзвігу хрысціянскага жыцця. Уваходзячы ў царкоўнае жыццё, мы менш за ўсё думаем пра тое, каб адмовіцца ад сябе, але наадварот, мы і ў царкоўнае жыццё ўваходзім перш за ўсё думаючы пра сябе. Ідучы ў Царкву, мы думаем пра тое, каб нам стала лягчэй, стала лепш, каб мы сталі багацейшымі, каб было ў нас здароўе, каб быў у нас дабрабыт, каб не было ў нас ніякіх нягод і пакут. Няма для нас нічога больш важнага, чым наша ўласнае жыццё, чым нашы ўласныя радасці, якіх мы хочам мець як мага больш.
І ад Царквы мы патрабуем найперш радасці і дабрабыту для сябе. У многіх з нас і да Царквы адносіны складваюцца дакладна такія ж, якія складваюцца ў абязбожаных людзей вакол нас да ўсіх у гэтым свеце – адносіны спажыўца, мы хочам, каб Царква жыла для нас, а не мы жылі для Царквы. І гэта вельмі складана пераадолець у сабе, вельмі складана адкінуць ад сябе.
Гэта адсутнасць здольнасці адмовіцца ад сябе і ўзяць свой крыж праяўляе сябе яшчэ адным, нашмат, магчыма, больш падступным чынам. Мы нясем на сабе крыж, хто залаты, хто срэбны, хто алюмініевы, хто медны, але вельмі не хочам несці на сабе таго галоўнага Крыжа, які нёс Збаўца. А што ёсць гэты Крыж? Гэта пакута. Натуральна, па немачы нашай мы баімся пакут, але бываюць у жыцці сітуацыі, калі няма іншага шляху застацца хрысціянінам, акрамя таго, як падчас, мабыць, добраахвотна прыняць на сябе пакуты, а значыць і свой Крыж. Мы хочам, каб наш нацельны крыж быў гарантыяй ад усіх складанасцей, ад усіх іншых крыжоў, ад самага галоўнага Крыжа, які мы павінны несці, а Хрыстос нам кажа, што адмаўленне наша павінна вымагаць нашэнне Крыжа.
Мы павінны адмовіцца ад сябе, узяць Крыж свой – у кожнага ён асаблівы – і ісці за Хрыстом. Несучы свой Крыж, будзем памятаць, што наш Крыж, які мы нясем з хрысціянскім змірэннем, гэта таксама наша служэнне Богу. Мы прызвычаіліся шмат разважаць і гаварыць пра тое, што нам патрэбна дапамога Божая, гэта сапраўды так, без Бога мы не можам нічога, але і Бог жадае нашага служэння, як Яму патрэбна была дапамога тады, калі Ён быў на зямлі і ішоў крыжовым шляхам на Галгофу. Тады знайшліся праведнікі, якія дапамаглі несці Яму Крыж. Таго ж самага подзвігу Ён чакае ад нас. І як мы можам несці разам з Хрыстом Яго адкупіцельны Крыж? Толькі са змірэннем несучы па-хрысціянску свой уласны жыццёвы Крыж.
Разам з тым у сённяшнім Евангельскім чытанні Хрыстос кажа нам пра тое, што калі хто-небудзь з нас пасаромеецца Яго, таго і Ён, Сын Чалавечы, пасаромеецца тады, калі прыйдзе ў гэты свет у славе ў сонме ангелаў. Што значыць “пасаромецца Хрыста”, і як звязаны гэтыя словы са словамі пра нашэнне крыжа Гасподняга?
Нам складана зразумець гэта ў поўнай меры, бо мы вельмі добра ведаем, што значыць спалохацца вызнаваць Хрыста. Многія з нас, нават носячы ў сваім сэрцы веру ў Хрыста, гадамі, дзесяцігоддзямі страшыліся, баяліся вызнаваць гэту веру бліжнім. Зараз як быццам усё іначай, пачуццё страху быць гнаным, быць пакараным за сваю веру тут, на зямлі, сышло з нашых душ. Але ці не бывае часта так, што, называючыся хрысціянамі, саромеемся жыць па-хрысціянску, мы саромеемся Хрыста?
Мы ўспамінаем зараз вельмі часта Хрыста гнанага, Хрыста, які пакутуе, Хрыста, які прымае крыжовыя пакуты, і разам з тым не саромеемся менавіта гэтага самага Хрыста прасіць аб тым, каб Ён надзяліў нас як можна большай колькасцю зямных марных радасцяў. І як толькі мы не атрымліваем таго, аб чым просім, мы калі і не наракаем на Хрыста, то ва ўсякім выпадку лёгка забываем пра Яго і ўжо без Яго дапамогі сваімі сіламі спрабуем зрабіць сваё жыццё такім, каб яно менш за ўсё нагадвала жыццё ў Хрысце і з Хрыстом.
Тут ёсць, напэўна, вельмі глыбокая таямніца душы кожнага чалавека: не думаючы ўсвядомлена пра тое, што ён саромеецца Хрыста, ён жыве такім чынам, што Хрыстос, прыйшоўшы ў гэты свет і ўстаўшы перад ім, напэўна, пасаромеўся б яго, бо хрысціяне пакліканы жыць зусім іначай.
І вельмі часта ў нашым жыцці адбываецца менавіта гэта: кажучы пра тое, што мы – хрысціяне, мы жывем у такой бессаромнасці, што нявольна задаешся пытаннем, а ці пазнае ў нас Хрыстос, калі прыйдзе зноў у гэты свет у сіле і славе, хрысціянаў? Ці не стане Яму сорамна ад таго, што такія людзі, як многія з нас з вамі, прапаведуючы Хрыста, аб’яўляючы сябе хрысціянамі, жылі так, як быццам Хрыста ніколі не было ў гэтым свеце? І ці не адбудзецца менавіта тое, пра што кажа сённяшняе Евангелле – Хрыстос пасаромеецца нас, адыдзе ад нас, і мы застанемся адны ў сваім граху, адны ў сваёй бессаромнасці.
Давайце, дарагія браты і сёстры, часцей успамінаць пра тое, што нясенне Крыжа на сваіх плячах – гэта сапраўды подзвіг, што, калі мы наважваемся называць сябе хрысціянамі і насіць на сабе Крыж Гасподні, мы павінны быць гатовымі да таго, што наша жыццё будзе напоўненым не радасці, а тугі, не весялосці, а пакутаў, і толькі тады мы штосьці зразумеем у царкоўным жыцці, толькі тады мы штосьці зразумеем у хрысціянстве. Няхай не будзе для нас нашэнне Крыжа як нашэнне цудадзейнага амулета ад жыццёвых непрыемнасцей і нягод, няхай для нас Крыж будзе знакам таго, што мы з годнасцю і мужнасцю, якая была ў Госпада нашага Іісуса Хрыста, са змірэннем і любоўю, якімі Ён адорваў усіх людзей у гэтым свеце, пойдзем за Хрыстом. І тады Крыж, які некалі быў зброяй смерці, стане і для нас з вамі зброяй смерці, стане і для нас з вамі зброяй збаўлення, і тады той маленькі крыжык, які мы носім на сваіх грудзях, стане сапраўды знакам нашай сапраўды хрысціянскай годнасці перад Богам. Амінь.