Архiепiскап Арцемiй. Пра найбольшую запаведзь
У сённяшнім Евангеллі (Мф. ХХІІ, 35-46) утрымліваецца вучэнне Госпада нашага Іісуса Хрыста аб любові. “Якая запаведзь найбольшая ў законе?” – такое пытанне прагучала сёння з вуснаў законніка, фарысея (Мф. ХХІІ, 36).
Згодна з Евангеллямі паводле Матфея і Марка гэта было апошняе з трох пытанняў у храме, якія задалі Хрысту на працягу апошніх трох дзён перад Яго пакутамі і смерцю на Крыжы.
Мы шмат разоў чулі гэты евангельскі ўрывак, але ці задумваліся пра тое, што значыць любіць Бога ўсім сэрцам і ўсёй душой? Сэрца – духоўны цэнтр чалавека, дзе з’яўляюцца і ўсякая нечысціня, і самыя святыя пачуцці. Мы павінны жыць так, каб усё наша сэрца было напоўнена Богам, пранізанае Яго прысутнасцю. Сэрца наша заўсёды адгукаецца на ўсё, што адбываецца вакол, а таму нярэдка бывае поўнае збянтэжанасці, перажыванняў, хваляванняў, але ж мы маглі б жыць так, каб яно было напоўнена Богам і ў ім панавала б любоў Божая. Колькі складанасцяў, бедстваў і праблем, унутраных і знешніх, нам удалося б пазбегнуць, калі б мы навучыліся скіроўваць свае сардэчныя, унутраныя сілы на любоў Божую, калі б душу сваю не растрачвалі на мітусню, на тугу, на перажыванні, звязаныя з жыццём гэтага свету.
Сэрцам узлюбіць Бога – гэта значыць аддаць Яму сваё сэрца і зрабіць служэнне Яму і выкананне Яго волі цэнтральнай мэтай жыцця.
Як мы можам узлюбіць Бога ўсім нашым разуменнем? Перш за ўсё, калі заўжды будзем насіць у памяці імя Божае, калі малітва злучыцца з нашым розумам, калі прысутнасць Божая ў нашых думках будзе пастаяннай. Часта наш розум заняты не тым, чым трэба, нават у часе малітвы мы адхіляемся і нашы думкі блукаюць “у далёкай краіне”. Часта мы не ўмеем кантраляваць свае помыслы, і тады да нас прыходзяць помыслы распусныя, грахоўныя, помыслы зайздрасці і нянавісці. Многія грахі бяруць пачатак менавіта ў розуме, і калі мы не ўмеем яго кантраляваць, то не можам перашкодзіць развіццю ў нас грахоў і страсцей.
Нарэшце, узлюбіць Бога трэба ўсёй моцай нашай, іншымі словамі, усім нашым цялесным складам. Не толькі розум, душа і сэрца павінны быць сасудамі, што ўмяшчаюць любоў да Бога, але і цела наша павінна быць пранікнута гэтай любоўю.
Як можа Бог быць праслаўлены праз наша чалавечае цела? І як слава Іісусава можа адкрыцца праз наша цела? Перш за ўсё, калі мы не будзем дапускаць шматлікіх заган, грахоў і страсцей, звязаных з жыццём нашага цела, каб праз наша цела праслаўляўся Хрыстос.
Калі ў душы, у сэрцы, у розуме і целе чалавека пануе любоў Божая, гэта значыць, што чалавек – на шляху да святасці. Мы ў меру сваіх сіл павінны імкнуцца да таго, каб наша цела станавілася храмам Божым, храмам Святога Духа.
Любоў ёсць падмуркам усяго Бажэственнага домаўладкавання аб збаўленні нашым у Хрысце Іісусе. Слова Божае гаворыць нам пра любоў. Бог наш ёсць любоў. Усё ў свеце: і неба, і зямля, не толькі закон і прарокі – сцвярджаецца на любові. Прыбяры закон любові – і ўсё рассыплецца. Усе прарокі гавораць пра любоў, і яна іх жывіць, бо толькі любоў відушчая. Толькі любоўю можна бачыць тое, што адбываецца тут, на зямлі, і ў вечнасці. І толькі любоў робіць законнымі стасункі паміж людзьмі. І нішто не ёсць у нашай веры ісцінным і праваслаўным, калі на першым месцы не стаіць любоў. З першай запаведдзю звязана і другая – “узлюбі бліжняга твайго як самога сябе”. Адно не бывае без іншага. Мы не можам любіць Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усім розумам і ўсёй моцай і пры гэтым не любіць бліжняга. Але мы не зможам па-сапраўднаму любіць бліжніх, калі не навучымся любіць Бога. Без любові да Бога любоў да бліжняга не можа быць поўнай, дасканалай, бо толькі пазнаючы Бога і Яго любоў да нас мы можам даведацца, што такое па-сапраўднаму любіць; і толькі навучыўшыся ад Бога гэтай любові, можам мы ўзлюбіць і бліжняга свайго, як Бог нас вучыць, усім сэрцам, усёй душой, усім жыццём.
Гэта значыць яшчэ і тое, што мы павінны любіць саміх сябе, клапаціцца пра свой розум, сэрца, цела, каб любоў Божая панавала ў нас.
У кожным з нас ёсць розныя слаі быцця: ёсць паверхневы слой, сябелюбівы, эгаістычны, той слой, які здольны на прагнасць, на нянавісць, на баязлівасць, на ўсё непрыгляднае ў нас – таксама, канечне, як і на паверхневую любоў, тую, якую можна выразіць словамі: “Я люблю…” – дзе слова “я” ў цэнтры ўсяго; гэта тая любоў, якая шукае ў сваім прадмеце радасць асалоды, але якая не здольная ісці на ахвяры, нават проста на ўступку.
А ёсць у нас іншы, глыбінны слой, маё сапраўднае “я”, вобраз Божы, ікона…
І вось нам трэба пастаянна выбіраць: каго ж мы любім у сабе? Тое дробнае, прагнае, баязлівае, нікчэмнае “я” або, наадварот, таго, хто жыве ў маіх глыбінях і здольны на самы вялікі подзвіг, на самую цудоўную красу жыцця?
Калі мы не любім сябе такой хрысціянскай любоўю, то не зможам узлюбіць ні Бога, ні бліжняга, не зможам выканаць тую запаведзь, якая ёсць найбольшай у законе і на якой сцвярджаюцца закон і прарокі.
І вось, любіць бліжняга, як самога сябе, – гэта заклік навучыцца бачыць у кожным бліжнім не нікчэмнасць яго, а магчымую яго веліч, і гэтай велічы служыць, каб вырас чалавек у поўную меру сваёй велічы і красы. І тады мы выканаем гэту запаведзь, і тады сальюцца абедзве запаведзі, бо служачы гэтаму глыбіннаму чалавеку, якога апостал Пётр называе “патаемны чалавек сэрца”, – мы адначасова служым Богу, мы Яму пакланяемся ў Яго вобразе і дапамагаем гэтаму жывому вобразу стаць тым, каго задумаў Гасподзь.
Нашто спатрэбілася страшная Ахвяра, прынесеная на Галгофе? Нашто пралівалі кроў сваю, вызнаючы веру ў Распятага і Уваскрэслага, мноства мучанікаў? Ці не для таго, каб паказаць усім нам, чаго варта любоў?
Толькі што ў апостальскім пасланні мы чулі словы, ад якіх кроў стыне ў жылах: “Бо мы, жывыя, заўсёды аддаём сябе на смерць дзеля Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкрылася ў смяротнай плоці нашай” (2 Кар. ІV, 11).
Мы павінны заўсёды памятаць, што галоўнае, што вызначае нашу думку, наш дух і наша вызнанне веры – гэта пакланенне Крыжу Хрыстоваму. Калі яно сапраўднае, то адкрываецца нам любоў Божая, даецца нам благадаць Духа Святога, праз якую мы пазнаем усе таямніцы жыцця.
Мы бачым сёння гэту паўнату вызнання ісціны па мностве навамучанікаў і вызнаўцаў нашага часу. Па тым мностве святых угоднікаў Божых, якія ўсе выяўляюцца з крыжам. Кожны з іх трымае ў крыжы ўсю таямніцу багаслоўя, усю таямніцу таго, Хто ёсць Хрыстос і паводле чалавечай прыроды, і паводле Бажаства, і далучанасць да гэтага багаслоўя. Крыж – гэта тое, дзе злучаюцца непарыўна ісціна і любоў, бо мы ведаем, колькі любові гіне ў свеце без ісціны. Крыж – гэта самая мудрая кніга, якую толькі можна прачытаць. Хто не ведае гэтай кнігі, той невук, нават калі ён ведае на памяць усё Свяшчэннае Пісанне. Сапраўдныя багасловы – толькі тыя, хто любіць гэту Кнігу, вучацца ў яе, паглыбляюцца ў яе. Усё горкае, што ёсць у гэтай Кнізе, не будзе ніколі дастатковым для таго, хто хоча насыціцца яе слодыччу, бо гэта слодыч – Хрыстова ісціна і любоў. Амінь.