Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб багатым юнаку
Мы толькі што чулі аповед пра сустрэчу Збавіцеля з багатым юнаком. Багацце ў тыя часы вельмі многімі разглядалася як асаблівае благаславенне Бога для тых, хто жыве праведным жыццём.
І вось аказваецца, што нават выкананне старазапаветных запаведзяў яшчэ не ёсць гарантыяй дасканаласці, гарантыяй збаўлення. Іісус Хрыстос кажа юнаку пра тое, што адзінае, чаго яму не стае для збаўлення, – гэта здольнасці адмовіцца ад свайго багацця. Ён заклікае яго аддаць усё сваё багацце бедным і адправіцца ўслед за Ім, за Хрыстом, па крыжовым шляху. І юнак раптам адчувае сябе глыбока няшчасным, бо ён быў вельмі багаты і цяжка было яму адмовіцца ад свайго багацця.
І далей Збавіцель ужо звяртаецца не толькі і не столькі да юнака, Ён звяртаецца да ўсіх, хто стаіць побач з Ім. Ён кажа, што багацце можа паслужыць вельмі сур’ёзнай перашкодай у справе збаўлення. Калі мы задумваемся над гэтымі словамі Збавіцеля, нам здаецца, што для большасці прысутных у гэтым храме гэта не ёсць сур’ёзнай спакусай, бо мы ў большасці сваёй небагатыя. У нас няма той вялікай маёмасці, якая была ў юнака. Але валоданне багаццем падразумявае не толькі валоданне канкрэтным бачным адчувальным багаццем. Вельмі часта людзі аддаюцца празмернай схільнасці да матэрыяльных даброт, не маючы багацця, але пастаянна знаходзячыся ў жаданні гэта багацце набыць. І ў сучасным грамадстве большая частка людзей сапраўды бедная, але для большай часткі людзей думка пра багацце становіцца назойлівай ідэяй, яны не думаюць ні пра што іншае, акрамя таго, як добра быць багатымі. Іх беднасць становіцца падмуркам злосці і нянавісці з іх боку да людзей багатых. Яна падштурхоўвае іх да думкі пра тое, што калі ў іх няма багацця, значыць яны праведныя. І яны лічаць, што бедны лепшы за багатага, што бедны – праведны паводле вызначэння.
Мы з вамі паходзім з той краіны, дзе людзі былі бедныя і пры гэтым былі часта зайздрослівыя і былі перакананыя ў тым, што той, хто багаты – дрэнны. У нас цэлая ідэалогія існавала і цяпер існуе: там, дзе беднасць, – там праведнасць, там, дзе багацце, – там грэх.
Але ці так гэта? Бо вельмі часта такія людзі насамрэч празмерна схільныя да матэрыяльных даброт, бо ўсе іх помыслы скіраваныя або на думку аб прыдбанні багацця, або на думку аб тым, наколькі яны лепшыя за тых, хто валодае багаццем. І атрымліваецца, магчыма, самы спакуслівы, самы цяжка выкрываны грахоўны стан душы. Чалавек рэальнага багацця не мае, але думае толькі аб тым, як добра было б мець багацце, і ненавідзіць тых, у каго гэта багацце ёсць, і ўжо не можа думаць ні пра што іншае.
Але менавіта гэта багацце і гэтых багачоў у значнай ступені меў на ўвазе Збавіцель, калі гаварыў пра тое, што багатаму цяжка ўратавацца. Цяжка ўратавацца менавіта таму багачу, для якога матэрыяльнае багацце, наяўнае або яшчэ не атрыманае ім, становіцца мэтай і сэнсам жыцця. На жаль, мы жывем у такім грамадстве, у такім свеце, у якім сапраўды багацце разглядаецца як самая галоўная каштоўнасць. Як пераадолець у сабе гэты дух зайздрасці, гэты дух карыслівасці, які і беднякоў пераўтварае ў такіх самых грэшнікаў, як і багачоў? Вось аб чым мы павінны задумацца сёння.
Справа не проста ў тым, што юнак багаты, а справа ў тым, што ён унутрана самазадаволены. Ён сапраўды не ведае, што яму яшчэ зрабіць для таго, каб быць з Богам, стаць Яго сапраўдным вучнем. І перашкаджае яму ў гэтым яго становішча, яго задаволенасць, яго жыццё, – як матэрыяльнае, так і духоўнае. У гэтым і няпраўда – для яго асабіста. Не можа чалавек, які сапраўды шукае Бога, адчуваць унутраную самазадаволенасць, самазаспакаенне. Але вельмі часта мы да гэтага пачуцця ў Царкве імкнемся.
Няўжо нам невядома, як лёгка, асабліва людзі царкоўныя, рэлігійныя, пачаўшы проста хадзіць у храм, чытаць правіла і трымаць пасты, адразу напаўняюцца пачуццём уласнай паўнацэннасці і нават звышпаўнацэннасці? “Усё ў нас у парадку, усё ў нас добра, асабліва ў параўнанні з тымі, хто ў храм не ходзіць, малітваў не чытае, постаў не трымае”. Але ж рэлігійнае жыццё памірае, памірае хрысціянскае жыццё, як толькі чалавек адчувае самазадаволенасць, калі ён становіцца вось такім самаістуканам.
Спадзявацца на Бога, следаваць за Богам можна толькі тады, калі ты адчуваеш уласную непаўнацэннасць. Няма лепшага сродку пераўтварыць хрысціянаў у нехрысцей, чым выклікаць у іх душах адчуванне таго, што яны ўжо сталіся хрысціянамі, што Царква на гэтай зямлі перамагла. А як нам хочацца гэтай перамогі! І мы ўсяляк спрабуем стварыць у сабе часта ілюзію гэтай перамогі – нібыта Царква перамагла, а мы дасягнулі духоўных вышынь.
Дык вось што прагучала сёння – гэта напамін пра тое, што Царква, якую мы ствараем, якой мы ёсць, ні ў якой ступені не павінна быць самазадаволенай. Бо ў Царкве самазадаволенай няма месца для Хрыста. Хрыстос у сённяшняй размове з юнаком кажа пра вялікую здольнасць чалавека пастаянна адчуваць уласную недасканаласць, перамяняцца пастаянным шуканнем Бога – таго самага Бога, Якога прагне наша душа, але шлях да Якога аказваецца адзін – крыж Хрыстоў.
І Хрыстос адчувае, бачыць тое, што адбываецца з гэтым юнаком, што ў дадзены момант ён яшчэ не здольны паследаваць за Ім. Не ў тым сэнсе, каб усё раздаць і стаць побач з Хрыстом і хадзіць з Ім па тых самых дарогах Палесціны, па якіх ходзіць Ён. Следаванне за Богам часта не азначае рух у фізічнай прасторы. Гэта толькі нашы сучасныя прафесійныя паломнікі, якіх стала незлічонае мноства, прафесійныя рэлігійныя “пустахістаі” (“праздношатаи” – тэрмін М. Бярдзяева) лічаць, што маршрут, напоўнены святымі мясцінамі, гарантуе духоўнае ўзрастанне вандроўнікаў.
Верагодна, таму, што вельмі часта хрэсныя хады ў нашым жыцці якраз і сімвалізуюць тую самую самазаспакоенасць і самазадаволенасць, ад таго яны вельмі часта пачынаюць нагадваць падчас усім нам вядомыя першамайскія дэманстрацыі. Ідуць спакойныя або эмацыйна ўзбуджаныя, але духоўна сытыя, упэўненыя ў сваёй праваце людзі. Як не падобна гэта на крыжовы шлях Хрыста! І трэба сказаць, што ў нашым царкоўным жыцці нямала бывае вось такіх бачных знакаў нашай самазадаволенасці, нашай самазаспакоенасці. Пагэтаму дай Бог нам заўжды быць здольнымі адчуваць цяжар ад таго, да чаго так часта хіліцца сэрца звычайнага чалавека – вось ад той самай задаволенасці, якая вельмі часта перарастае ў самазадаволенасць, што па сутнасці паралізуе духоўнае жыццё чалавека.
Незалежна ад таго, багатыя мы ці бедныя, мы павінны памятаць іншыя словы Збавіцеля: “Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша”. Гэтыя словы павінны натхніць нас на тое, каб будаваць сваё жыццё менавіта ў адпаведнасці з галоўным запаветам Збавіцеля – запаветам аб тым, каб мы збіралі свой скарб не тут, а на нябёсах.
У гэтым жыцці Хрыстос не абяцае нам лёгкасці, задаволенасці, сытасці і спакою, але Ён патрабуе ад нас прагі духоўнага ўдасканалення. Няхай жа менавіта прага духоўнага ўдасканалення, а не прага матэрыяльных даброт вядзе нас па жыццёвым шляху. Гэта не значыць, што мы павінны стаць нейкімі “хрысціянскімі зомбі”, якія перастаюць адчуваць па-чалавечы, мысліць па-чалавечы, якія “запраграмаваны” на збаўленне. Такога не бывае. Збаўленне – гэта дынамічны працэс, які складаецца з вельмі многіх, часта супярэчлівых этапаў. І кожны з гэтых этапаў па сутнасці патрабуе ад нас выбару ў нейкай канкрэтнай сітуацыі паміж Хрыстом і светам.
Жыццё кожнага чалавека глыбока індывідуальнае, глыбока ўнікальнае. І пагэтаму кожны чалавек у нейкі вырашальны момант свайго жыцця робіць выбар паміж гэтым светам, часта досыць недасканалым, і Хрыстом, Які кліча яго ісці за Сабой, даверыўшыся менавіта Яму – Таму, Хто не абяцаў людзям нічога на крыжовым хрысціянскім шляху, акрамя выпрабаванняў.
Здаецца, нашто нам ісці такім шляхам? Ды проста таму, што няма ў гэтым свеце іншага шляху дасканаласці і збаўлення, акрамя як шляху следавання за Хрыстом. А складанасць гэтага шляху для кожнага з нас свая. І ў поўнай меры гэта складанасць нам яшчэ невядомая. Каб зразумець, наколькі складаны або доўгі наш шлях да Хрыста і за Хрыстом, трэба ўступіць на яго і, уступіўшы, ісці як мага далей. Да таго самага апошняга этапа, калі Хрыстос будзе ў нас і мы будзем у Хрысце. Амінь.