Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 08 » 22 » Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб даўжніках

Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб даўжніках

У евангельскай прытчы, якую мы чулі сёння, Гасподзь наш Іісус Хрыстос нагадвае нам пра тое, што ўсе мы ёсць даўжнікамі ў Бога. Хрыстос кажа якраз пра тыя сітуацыі, якія здараюцца ў жыцці кожнага з нас, калі чалавек ад Бога атрымлівае многа, а бліжнім аддае мала.

Калі чалавек ад Бога атрымлівае прабачэнне сваіх правінаў, а бліжнім не можа дараваць нават малыя недахопы. Гасподзь шматразова выкрываў такіх людзей, кажучы: “Што ты глядзіш на сучок у воку бліжняга свайго, а ў сваім воку бервяна не заўважаеш?” (Мф. VII, 3). Гэта таксама маленькая прытча, якая павінна прымусіць нас задумацца аб тым, як мы ставімся да людзей.

Галоўнай тэмай сённяшняга евангельскага чытання ёсць тое, што на першы погляд ўяўляецца нам нават не вельмі актуальным – а менавіта суадносіны ў жыцці нашым справядлівасці і міласэрнасці.

Мы ўжо многія гады жывем у такіх умовах, калі хлусня вакол нас, якая стала чымсьці цалкам паўсядзённым, паступова пазбавіла нас уяўлення нават пра тое, што мы павінны быць справядлівымі. Вось, уласна, чаму мы хітруем у словах, справах, узаемаадносінах, часта нават не заўважаючы гэтага. І калі раптам узнікае ў нас патрэба ў якойсьці справядлівасці, жаданне справядлівасці, мы бядуем, бо яе немагчыма ажыццявіць, і ўсякае выкананне справядлівасці ўспрымаем як вялікую радасць, хаця мы цудоўна разумеем, што справядлівасць застаецца для нас у многім недасягальным ідэалам.

Але вось, здавалася б, сённяшняе Евангелле распавядае нам пра тое, як справядлівасць перамагае. Перамагае яна не ў адносінах да гаспадара і даўжніка, а ў адносінах да прабачанага гаспадаром даўжніка і яго сябра.

Ён пачуў мальбу даўжніка і дараваў яму. І, зазнаўшы вялікі акт міласэрнасці, прабачаны даўжнік праявіў сябе цалкам неміласэрна ў адносінах да свайго даўжніка.

Тут перад намі адкрываецца вельмі сур’ёзная праблема. Праблема таго, што справядлівасць і міласэрнасць аказваюцца нярэдка ў нашым жыцці ў нейкай глыбокай супярэчнасці. І часам нават мы, служыцелі Царквы, гатовыя праявіць міласэрнасць да якіх-небудзь жулікаў, якія несумленна нажываюць сабе багацці, калі яны ахвяруюць на Царкву. Мы прабачаем ім зладзействы, калі частка скрадзенага пераходзіць да нас.

Тут асабліва відавочна праяўляецца вось гэта глыбокая хлусня, калі адсутнасць справядлівасці пакрываецца нібы міласэрнасцю, а па сутнасці, тут няма ні міласэрнасці, ні справядлівасці.

І што ж у гэтай евангельскай прытчы для нас утрымліваецца канкрэтнага з пункту погляду адказу на пытанне аб тым, як жа нам жыць у несправядлівым і неміласэрным свеце, стараючыся быць не толькі справядлівымі, але і міласэрнымі? А напэўна, тут заключаецца для нас вельмі важны вывад аб тым, што, не будучы справядлівымі, мы сапраўды часта аказваемся няздольнымі быць міласэрнымі. Але яшчэ часцей, стаўшы сапраўды справядлівымі, мы ўжо канчаткова вызваляем сябе ад працы быць міласэрнымі.

Так паступова хрысціянскае жыццё выганяецца нават з жыцця нашых сем’яў. Што ўжо казаць пра адносіны да тых, каго мы не ўспрымаем як хрысціянаў, як людзей царкоўных.

Мы ўсе, нават будучы чадамі Царквы, падчас аддаем належнае не веры ў Хрыста, а веры ў тую ці іншую ідэю, так скажам, у той ці іншы абстрактны прынцып, і вось гэта перашкаджае здольнасці жыва перажываць Хрыста ў сабе, Хрыста ў нашых бліжніх. Бо што пабудзіла гаспадара дараваць даўжніку? Тое, што ён адчуў яго як бліжняга, як самога сябе, а самім сабе мы часта ўмеем прабачаць.

Як нам навучыцца бачыць у нашых блізкіх сапраўдных нашых бліжніх? Спосаб толькі адзін - бачыць іх у Хрысце і з Хрыстом. Хрыстос даруе нам, а потым паўстае перад намі ў выглядзе бліжняга, які нас пакрыўдзіў, і не яму мы павінны дараваць у той момант, а Хрысту, які выпрабоўвае нас, прапануючы нам праявіць сябе ў якасці хрысціянаў, калі мы прабачаем нашым бліжнім. Бо звернем увагу на тое, што прабачэнне даецца нам асабліва цяжка тады, калі яно бывае цалкам бескарыслівым, калі яно не патрабуе ад нас ніякіх матэрыяльных затрат. Якім жа цяжкім аказваецца яно нават у такіх сітуацыях!

І тут выяўляецца, магчыма, самая важная для нас, хрысціянаў, праблема: мы ўсе ведаем пра тое, што Бог ёсць любоў, што хрысціянства – гэта рэлігія любові, але разам з тым у нашых адносінах з людзьмі мы часта не ўмеем не тое, што любіць, а нават прабачаць, нават спачуваць. А між тым менавіта са здольнасці прабачаць і пачынаецца хрысціянскае жыццё. Нам вельмі хочацца, каб у нашых узаемаадносінах з людзьмі ніхто нікому не быў абавязаны, але так не заўсёды атрымліваецца. І вельмі часта нават чыста матэрыяльны доўг набывае духоўны сэнс. І вельмі часта духоўнае спачуванне павінна пабуджаць чалавека да матэрыяльнай ахвяры. Але часцей за ўсё бывае так, што мы лёгка прымаем дапамогу і прабачэнне нашых грахоў, нашых даўгоў з боку іншых людзей, а самі, на жаль, вельмі неахвотна даруем, вельмі ашчадна адорваем іншых. І вядома, немагчыма ў гэтым разабрацца ў поўнай меры нікому, акрамя Бога. І Бог не патрабуе ад нас скрупулёзна, на нейкім духоўным калькулятары пралічваць усе нашы маральныя ахвяры і нашы маральныя даўгі. Ён кажа вельмі ясна, што будзе прабачаць нам у той меры, у якой мы аказваемся здольнымі прабачаць даўжнікам нашым.

Таму будзем імкнуцца быць міласэрнымі не толькі да сябе, але і да бліжніх. Таму будзем імкнуцца ўмець прабачаць, і тады наша неміласэрнае жыццё стане напоўненым не толькі міласэрнасцю, але і той самай справядлівасцю, без якой мы так часта бядуем, якой так часам марна чакаем і якую гатовыя часта ажыццяўляць у сваім жыцці жорстка і неміласэрна. Амінь.

 

Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб даўжніках
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut