Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у дзень Праабражэння
Праабражэнне – гэта яўленне царства Божага на зямлі. Бог, вечны і неспасціжны, даў відзенне Сваёй блізкасці да людзей на гары Фавор. Бажэственнае святло, якое першапачаткова ўласцівае Сыну Божаму па прыродзе, было яўлена на гары Праабражэння тром вучням.
Таямніца Асобы Богачалавека Іісуса Хрыста заключаецца ў тым, што Ён быў адначасова і Богам, і Чалавекам: у Ім непадзельна і неразлучна былі спалучаныя дзве прыроды – Бажэственная і чалавечая. І калі не заўсёды людзі сузіралі Бажэственнае святло, якое ад Яго сыходзіла, то не таму, што гэтае святло не было яму ўласціва, а таму, што людзі не маглі яго бачыць на свае цялесныя вочы.
Паводле тлумачэння свяціцеля Грыгорыя Паламы, архіепіскапа Фесаланіцкага, Праабражэнне было яўленнем людзям славы Божай. Святло, якое заззяла на Фаворы, было не фізічным святлом, не адлюстраваннем сонца – гэта было Бажэственнае святло. Гэта святло, якое пастаянна было са Хрыстом, гэта святло Бажэственнага Царства, гэта святло вечнасці.
На гары Фавор адбылося Богаяўленне апосталам. Гасподзь перамяніўся для таго, каб апосталы, убачыўшы Яго ў знявазе, у ганьбе, прымацаваным да Крыжа, не страцілі веры. Праабражэнне павінна было ўмацаваць веру апостальскую.
Хрыстос кажа людзям, што гэта царства цемры, зла і смерці – гэта несапраўднае жыццё, эта не той свет, які створаны быў Богам. Чалавек забыў пра сваю сапраўдную прыроду і пакліканне, выракся іх.
Хрыстос таемна ад свету і ад людзей, явіў траім з вучняў сваіх тую славу, тое святло, тую перамогу, да якой вечна пакліканы чалавек.
Святло Бажэственнага Царства існуе ўжо зараз. Гэта паралельны свет, гэта свет, які мы не бачым фізічнымі вачамі. Гэты свет існуе, і кожнаму з нас, падобна да апосталаў, дадзена магчымасць дакрануцца да гэтага свету ўжо ў гэтым жыцці.
У імкненні да дасягнення гэтага Святла, да абожання чалавечай прыроды бачыць хрысціянскае вучэнне духоўны сэнс жыцця.
Бажэственнае святло наведвае нас, каб перамяніць наша жыццё. Без гэтага перамянення ад жыцця грахоўнага да жыцця па запаведзях Божых, да духоўнага жыцця, да жыцця ў Хрысце немагчыма спадзявацца не збаўленне. Іісус невыпадкова перамяняецца па Сваёй Чалавечай прыродзе, тым самым паказваючы, што кожны з нас можа і павінен перамяніцца ў сваім жыцці.
Сёння нам патрэбна ўмацаванне нашай веры. Для таго, каб паверыць, не трэба бегаць за цудамі, а трэба бачыць Бога ў навакольным свеце. Калі Бог становіцца цэнтрам нашага жыцця, – тады і ажыццяўляецца вялікі цуд Богаяўлення. І нам ужо не трэба ніякіх гучных цудаў – мы будзем бачыць Бога ў кожным кроку свайго жыцця, у кожнай справе, разумець знакі гістарычных падзей. Жывучы з Богам, для нас стане бачным духоўны, сутнасны сэнс гісторыі, што засцеражэ нас ад спакусы прыняць антыхрыста за Бога.
Гасподзь сёння ўмацоўвае нас гэтаксама, як умацаваў Сваіх вучняў відзеннем Бажэственнай славы, цяпер мы маем магчымасць разам з вучнямі Госпада ўзысці на гару Фаворскую і ўбачыць Яго Праабражэнне. Гэта адбываецца для нас дзякуючы Царкве, дзякуючы храму Божаму і Святой Еўхарыстыі, якую мы разам ажыццяўляем. Царква становіцца для нас Фаворскай гарой.
Сам Гасподзь Іісус ажыццяўляе тое Бажэственнае Таінства, у якім мы ўсе ўдзельнічаем. Ён аддае нам усяго Сябе, каб мы насычаліся Яго Бажаством, каб гэта Бажэственнае святло асвятляла нас і праз нас пачынала асвятляць навакольных людзей, перамяняючы Бажэственнай благадаццю.
Святло Бажэственнае – гэта святло благадаці Божай. Гэта тое святло, якое азарае наша жыццё і робіць яго цудоўным; святло, якое дае нам натхненне на працу, яўляе нам благаславенне Божае. Гэта тое святло, да якога мы далучаемся, калі прычашчаемся Святых Хрыстовых Тайнаў.
Гасподзь прыйшоў у свет для таго, каб свет перамяніўся, каб ён набыў вобраз, які шматразова перавышае па велічы, моцы, красе той вобраз, які ёсць. Праабражэнне – гэта мара, гэта надзея і гэта заданне. Праабражэнне – гэта тая праграма, якую Бог даў роду чалавечаму, і ўсё наша жыццё павінна быць скіравана на тое, каб перамяняць сябе і навакольны свет. Няхай Гасподзь дапамагае нам захоўваць веру, і праз гэту веру цвёрда захоўваць званне і пакліканне, да якога мы Самім Богам пакліканыя. І няхай свята Праабражэння дапаможа нам зразумець, як мы, тыя, што жывем у мітуслівым ХХІ стагоддзі, здольныя не проста захаваць, але і ўмацаваць веру, якая ўводзіць нас у жывое судакрананне з Усемагутным Богам. Амінь.