Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб хаджэннi па водах
За Бажэственнай літургіяй, калі чыталася евангелле, мы з вамі чулі апавяданне пра тое, як Гасподзь Іісус Хрыстос глыбокай ноччу пайшоў да сваіх Апосталаў па водах Галілейскага возера і як Апостал Пётр паспрабаваў ажыццявіць той самы цуд хаджэння па водах, які ажыццявіў яго Бажэственны Настаўнік.
Наколькі павучальны гэты цуд для нас! Па-першае, ён паказвае, што такое вера і якую моц яна дае чалавеку, калі цалкам яго напаўняе. Па-другое, ён указвае на тое, што Гасподзь з намі і тады, калі нам здаецца, што як быццам бы Ён нас пакінуў, а ў сапраўднасці Ён пільнуе за намі, за нашай тугой, за нашымі бедамі. І калі будзе патрэбна, Ён прыйдзе і да нас на дапамогу, як Ён прыйшоў да Апосталаў, калі яны трапілі пад буру. І калі Ён і не явіцца нам бачна ў зямным сваім абліччы, як Ён явіўся ім, але ва ўсякім выпадку, благадаццю і моцай Сваёй абавязкова паспяшаецца нам на дапамогу. Гэта – падбадзёрванне для нашай слабасці і нашай немачы.
Чалавечае жыццё падобнае да бурнага мора – змрок і цемра акружаюць нас, хвалі спакус і бедстваў пагражаюць патапіць нас… Нават найвышэйшая наша здольнасць – розум – толькі сляпы правадыр у справах жыццёвых, і асабліва духоўных…
Усе мы ходзім па зыбкіх хвалях жыццёвага мора, якое хвалююць і ўзбунтоўваюць разнастайныя нягоды, ідзем па іх да варот смерці, на суд Божы. Якая няверная стыхія пад нагамі нашымі! Мы не можам ведаць, што адбудзецца з намі ў найбліжэйшы час. Немагчыма прадбачыць і прадугадаць, што прыдумае зласлівасць, што паслужыць нагодай і сродкам да напасці, адкуль узнікае спакуса. Па большай частцы ні папярэдзіць, ні адхіліць іх немагчыма. Наша жыццё здаўна падобнае да плавання па прасторы часу – ад часовага да вечнага… Адны прыстаюць да жаданага берага, іншыя тонуць у хвалях жыццёвага мора…
І другое мора, мора нябачнае – пад мысленнымі ступнямі нашымі. Іншыя вятры хвалююць гэта мора. Мора – наша сэрца, у якім бушуюць шматлікія адчуванні. Адчуванні нашы знаходзяцца пад уплывам помыслаў, якія ўзнікаюць у нас саміх і якія прыносяць нам злыя духі, ворагі роду чалавечага. То апаноўвае нас жаль, то ўсхваляваны мы гневам, то зачараваныя сладастраснасцю, то захопленыя славалюбствам і ганарлівасцю. Гэты вецер – напор помыслаў – часта бывае такі моцны, што мы не знаходзім сродкаў супрацьстаяць яму, губляемся, прыходзім у паныласць, у адчай, набліжаемся да пагібелі.
Спакусы неабходныя для нас. Яны папускаюцца нам Провідам Божым, каб мы, прыгнечаныя імі, прыходзілі да забытага намі Бога, вопытна спазнавалі Яго.
Апостал Іакаў кажа: “Радуйцеся, калі ўпадаеце ў розныя спакусы” (Іак. І, 2). Святы апостал, безумоўна, не раіць нам быць нячулымі, але прапануе ўключаць у працу богаўгодны промысел. Трываючы спакусы, мы практыкуемся ў дабрадзействах і становімся ўгоднымі Богу.
Цярпенне ў час выпрабаванняў грунтуецца на сапраўднасці нашай веры Богу. Спакусы – гэта неабходныя сродкі, якімі ўмацоўваецца наша вера. Практыкаванні ў дабрадзействах залежаць ад нас і знаходзяцца ў нашай уладзе, а ўпадзенне ў спакусу не залежыць ад нас, але без спакус не бывае духоўных дасягненняў, без спакус наша вера немачная. Правільныя адносіны да спакусаў – прыкмета дасканалай веры.
Папушчаныя нам спакусы прыносяць карысць не толькі дасканалым у веры. Спакусы прыносяць карысць і недасканалым. Вучні Іісуса, што былі ў лодцы, уверавалі толькі пасля гэтай страшнай падзеі і пакланіліся Яму, вызнаючы Яго Бажаство.
Спакусы, якія прыходзяць да людзей, разнастайныя. Найгоршыя з іх – гэта спакусы асалодай, славай і багаццем. Зазнаючы такія спакусы, чалавек падвяргаецца небяспецы забыць Бога. Ёсць і іншыя спакусы, якія прыходзяць звонку. Гэта пажада, грэх і злосць, якія пануюць у свеце гэтым і навальваюцца на верніка разам з ворагам нашага збаўлення, які імкнецца перамагчы хрысціяніна, які нясе подзвіг дабрадзейства.
Мізэрнае патрасенне бедамі ў параўнанні з пазнаннем Бога. Тамленне ў бедах – кароткачасовае; істотнае пазнанне Бога – скарб вечны, зарука ўсіх вечных даброт.
Гэтаксама трэба дзейнічаць, калі паўстае бура душэўная, калі сэрца ўзбунтуецца і парушыцца яго спакой помысламі грахоўнымі. Жахлівая бура страсцей, жахлівейшая яна за ўсе вонкавыя бедствы. Бедства ўнутранае больш небяспечнае за знешняе.
Падобна да апостала Пятра, трэба ўсклікаць ад усёй душы да Госпада. Падаў Збавіцель свету Пятру, які тануў, Сваю руку, каб уратаваць яго ад патаплення; пасылае Ён служыцелям Сваім Бажэственную благадаць, праз яе дакранаецца да духу іх і ратуе тых, хто тоне і гіне ад буры страсцей, якія ўсхваляваліся.
Гасподзь Іісус Хрыстос заўжды падкрэсліваў гэты момант – згоду чалавека на прысутнасць Божую ў яго жыцці. А згода гэта выражаецца ў веры.
Вера – гэта ключ, які дапамагае нам адкрываць сэнс ва ўсіх падзеях нашага жыцця і ва ўсім навакольным свеце, а самае галоўнае – вера дапамагае адкрываць прысутнасць Божую ў навакольным свеце, у нашым жыцці і ў жыцці блізкіх нам людзей.
Вера – гэта дар Божы, які даецца чалавеку ў адказ на яго малітву, у адказ на яго пошукі і жаданне адшукаць Бога, адкрыць Яго для сябе.
Мы не можам выхаваць у сабе веру, але мы ў сілах прасіць Бога, каб Ён дараваў нам яе, і каб гэты дар Божы ў нас узрастаў, умацоўваючы нас з дня ў дзень. Бо менавіта вера дае нам магчымасць жыць так, як запаведаў Гасподзь Іісус Хрыстос. Менавіта вера адкрывае нашы ўнутраныя вочы, наш слых і наша сэрца насустрач Богу. Менавіта вера дазваляе нам ісці па хвалях жыццёвага мора і не праваліцца ў вір, ісці насустрач Госпаду Іісусу Хрысту, Які ў любы момант нашага жыцця падасць нам Сваю благадаць і Сваю дапамогу.
Ці знойдзе Гасподзь веру і ў нас? Мы верым у Хрыста ў храме і дома ў часе малітвы, але ў жыццёвых складанасцях і ў адносінах з людзьмі паводзім сябе як няверуючыя… Збавіцель запаведаў нам змірэнне, але мы прымаем змірэнне як зручнае правіла, і зміраемся не дзеля Хрыста, а з дагаджэння людзям, гэта значыць з дагаджэння самому сабе… Гасподзь запаведаў нам быць лагоднымі, але мы лічым, што быць лагоднымі – значыць, выракаць сябе на ўціск… Гасподзь запаведаў нам любіць ворагаў, але мы гэтага прымаць не хочам… Гасподзь вучыў нас быць праўдзівымі, а мы пастаянна лжэм… Няўжо такія адносіны да запаведзяў ёсць верай? За верай следуе паслухмянасць… А мы спрабуем прыстасаваць нябеснае вучэнне да нашага зямнога дабрабыту…
Царква не можа глядзець на сябе як на служанку таго ці іншага ідэалагічнага, нацыянальнага ці палітычнага кірунку. Яна – Царква Бога.
Якім жа цвёрдым павінен быць падмурак нашай веры, той дом, у якім нам трэба будзе жыць, і той камень, які ляжыць у падмурку! Мы – Божы народ, а не стада. Кожны абавязаны правяраць усякае пачутае вучыцельнае слова – і Свяшчэнным Пісаннем, і агульнацаркоўным паданнем, і ўзважваннем розуму, і голасам сумлення. Каб ніякі воўк у абліччы пастыра не мог “пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Іісус Хрыстос”. Бо не камусьці, а самому табе ісці па мосце твайго ўратавання праз бездань тваёй пагібелі. І пагэтаму ты абавязаны ўсё зрабіць, каб быць упэўненым, што чарговы твой крок не будзе ў пустату, і што ратавальны Крыж Хрыстоў заўсёды будзе тваёй апорай.
У наш гаротны і цяжкі час ад нас несумненна і яўна патрабуецца шчырая вера і адданасць нашаму Госпаду і поўны давер да Яго. Таму маліся заўсёды, хрысціянская душа, каб Гасподзь прыйшоў на дапамогу і ўмацаваў веру, каб яна была сапраўды цвёрдай верай хрысціянскай. Амінь.


