Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 07 » 18 » Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб ацаленнi паралізаванага

Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб ацаленнi паралізаванага

Сёння за Бажэственнай літургіяй мы чулі апавяданне пра тое, як Гасподзь наш Іісус Хрыстос ацаліў паралізаванага.

На сучаснай мове царкоўнаславянскае “расслабленный” – гэта паралізаваны чалавек, які не валодае сваімі членамі. Пры гэтай страшнай хваробе чалавек становіцца абсалютна бездапаможным і цалкам, нават у дробязях, залежыць ад людзей, якія яго акружаюць і даглядаюць. Самая малая нядбайнасць, можа быць і не заўважаная імі, часта дастаўляе чалавеку вялікі жаль.

Людзі, якія прынеслі паралізаванага, відаць, адносіліся да яго з любоўю (можа быць, ён быў іх сваяком ці сябрам) і жадалі яму ўсяго самага добрага. І вось яны ў надзеі на тое, што паралізаваны атрымае ацаленне, знайшлі магчымасць прынесці хворага да Хрыста.

Часта сваякі якога-небудзь хворага маюць большую веру, чым сам хворы. Дзеля тых людзей, якія яго прынеслі, Гасподзь сказаў яму: “Паўстань, чада! Адпускаюцца табе грахі твае”.

Гасподзь распасцірае Сваю міласэрнасць на жыццё ўсяго чалавека. Ён кажа пра тое, што там, дзе ацалёны грэх – самая галоўная хвароба чалавека, там натуральна лёгка ацаліць хваробу цела.

Гасподзь убачыў веру тых, хто прынёс паралізаванага, ачышчэнне ж ад грахоў і ацаленне ад хваробы падаў самому паралізаванаму. Тут вера адных прыцягвае благадаць Божую да іншых. Душы тых, хто прынёс, адкрываюцца верай да прыняцця благадаці, але маючы чалавекалюбства і спачуванне да душы паралізаванага, яны на яе праводзяць ток гэтай благадаці і становяцца ўдзельнікамі прабачэння грахоў і ацалення паралізаванага. Так сцвярджаецца сувязь душ людзей і ўзаемная падтрымка іх у справе ўратавання, вядомая кожнаму чалавеку, які жыве духоўным жыццём. Пагэтаму трэба клапаціцца адзін пра аднаго, просячы ў малітвах усякага дабра бліжнім нашым.

Царква – адзінае Цела Хрыстова. І калі ў чалавечым целе ўсё зладжана дзейнічае і ўзаемадзейнічае, то хворы член хутка папраўляецца. Так і людзі, злучаныя ў Богу любоўю, маюць бязмежныя магчымасці дапамагаць адзін аднаму. Тут усё залежыць ад усіх. Вось што значыць – прыйсці да Хрыста.

Сённяшняе Евангелле, як заўсёды, прымушае нас задумацца пра тое, што адбываецца асабіста з кожным з нас і што адбываецца сёння з нашым народам. Бачыцца, што і пазбаўленне нашай айчыны ад ярма бязбожнасці ажыццёўлена Госпадам не па нашых немачных малітвах, а дзеля неадступнага хадайніцтва за народ старажытных падзвіжнікаў і найноўшых мучанікаў за веру.

Аднак што можна было б сказаць пра такога паралізаванага, які і выздаравеўшы ўпарта заставаўся б ляжаць на сваёй пасцелі, патрабаваў бы, каб яго па-ранейшаму кармілі з лыжачкі, умывалі і прычэсвалі? Не палічыў бы Гасподзь такога чалавека нявартым дадзенага яму ацалення, яўленага над ім цуду?

І мы з вамі зусім павольна, як бы не хочучы падымаемся цяпер з ложа духоўнага амярцвення, быццам не чуем прызыву Збавіцеля: устань і ідзі. Таму і працягваюць раздзіраць краіну маральныя і эканамічныя немачы.

Тая расслабленнасць, параліч, якім ахоплены сёння наш народ, ёсць толькі сімптомам – кажа сёння Хрыстос – той хваробы, якая называецца грэхам. Але ў нашага паралізаванага народа няма сіл самому прыйсці да Хрыста. Што ж рабіць?

Па-першае, Царква заклікаецца да таго, каб яна зрабілася здольнай панесці народ на сабе, на сваіх плячах да Хрыста. Для гэтага трэба мець спачуванне да людзей, што гінуць.

І па-другое, сам народ павінен быць здольным, як той расслаблены чалавек, прынамсі, не супраціўляцца.

Дзе ўзяць гэты давер да Царквы Хрыстовай для народа, які ў масе сваёй сёння няверуючы?

Трэба клапаціцца пра тое, каб народ наш не страціў сваю натуральную здольнасць быць народам, у якога яшчэ жывое сумленне і сорам. Калі мы з сапраўдным пакаяннем у грахах, даверымся таму, што ажыццяўляе з намі ў Царкве Гасподзь і Яго святыя, тады адбудзецца цуд ацалення.

Хацелася б спыніцца і на іншым вельмі важным моманце, на які мы не адразу звяртаем сваю ўвагу пры чытанні ці слуханні гэтага евангельскага сюжэта. Гэтым момантам ёсць тая непахісная воля людзей, якія, нягледзячы ні на якія цяжкасці, прыходзяць да мэты, пастаўленай перад імі. А мэтай іх было ацаленне хворага сябра. І паглядзіце, яны ідуць да Хрыста, але падысці да Яго – не могуць. Але гэтыя людзі не адкладваюць задуманае. Не прайшоўшы праз дзверы, не прайшоўшы праз вокны, яны ўзбіраюцца на дах, разбіраюць яго і ўсё роўна дасягаюць сваёй мэты.

У нашым духоўным жыцці павінна быць гэтаксама: пастаўлена мэта, а мэтай нашага духоўнага жыцця ёсць наша збаўленне, – і ўсе сілы павінны быць аддадзены на дасягненне гэтай мэты. І часта вельмі працяглы адрэзак часу, цэлае жыццё неабходна ісці па гэтым шляху, няспынна прадзвігаючыся да дасягнення пастаўленай мэты.

Але як бывае ў нашым жыцці? Пачынаем аб чымсьці прасіць Бога, нават пры той хваробе, молімся шчыра дзень, два, і праз пэўны час астыла наша сэрца, пагас агонь нашай малітвы, і замест гэтага – паныласць і туга напаўняюць нашу душу.

А вось сённяшні прыклад, узяты з Евангелля, кажа нам пра тое, што не павінны мы астываць. І калі ёсць для дасягнення нашай духоўнай мэты якаясьці перашкода ў адным, мы павінны паспрабаваць свае сілы ў чымсьці іншым, спрабуючы абысці гэту перашкоду, і не спыняцца да тых пор, пакуль наша мэта не будзе дасягнута. Штодзённа, няхай невялікімі крокамі, – але наперад! Толькі тады можна спадзявацца на вынік праз пэўны час, але пры той умове, што наша воля будзе спалучацца з воляй Божай.

Апостал Павел у пасланні да Рымлянаў, якое мы чулі сёння за Бажэственнай літургіяй, павучае нас: “у руплівасці не спыняйцеся; духам палымнейце; Госпаду служыце; у надзеі радуйцеся; у прыгнечанасці будзьце стойкімі; у малітве — пастаяннымі” (ХІІ, 11-12).

Мы не павінны шукаць чагосьці звышнатуральнага, бо Гасподзь заўсёды, нават калі мы знаходзімся ў бедах, жадае нам адзінага сапраўднага дабра – ачышчэння нашай душы, прабачэння грахоў, а праз гэта – вечнага блажэннага жыцця. Не будзем шукаць цудаў, не будзем шукаць знешняга пацверджання сапраўднасці нашага вучэння. Будзем шукаць гэтага пацверджання толькі ўнутры сябе, бо ачышчэнне душы і прабачэнне грахоў для сапраўднага хрысціяніна настолькі адчувальныя і бачныя, як і яўны, бачны цуд. Духоўнае жыццё не ёсць нечым абстрактным і эфемерным, пра што нельга сказаць нічога пэўнага. Гэта памылковае меркаванне недасведчаных і малаверных людзей. Сапраўдны вернік жыве духоўным жыццём і кіруецца сваёй верай. Ён бачыць шматлікія і цалкам пэўныя змены, якія адбываюцца ў ім як ад дзеяння благадаці, якая ачышчае яго ад страсцей ці аслабляе іх дзеянне, так і ад дзеяння лукавага, які спакушае яго на той ці іншы грэх. Наша жыццёвая задача – зрабіць сваё ўнутранае духоўнае жыццё цалкам вызначаным, плённым, для таго, каб наша ўнутранае духоўнае расслабленне ацалілася дзеяннем благадаці Божай, каб мы сталі людзьмі, якім ужо не патрэбна дапамога іншых людзей, больш здаровых духоўна, і якія здольны дзейнічаць самастойна.

Пакуль існуе Праваслаўная Царква, а яна будзе існаваць да сканчэння свету, у ёй будуць святары, якія прабачаюць грахі ад імя Госпада Іісуса Хрыста. І няма на зямлі іншага такога месца, дзе б чалавек мог душэўна ацаліцца і атрымаць прабачэнне грахоў. Аднак не будзем забываць пра тое, што неабходна і наша ўласнае намаганне, каб нам атрымаць прабачэнне грахоў і душэўную палёгку. Мы павінны не толькі прасіць святара памаліцца за нас у часе малебна ці Бажэственнай літургіі, у часе Таінства Споведзі, але і самі павінны ўмаляць Таго, Хто адзіны мае ўладу дараваць грахі, – Госпада Іісуса Хрыста, аб тым, каб Ён памілаваў нас, – і Ён створыць з намі цуд.

Мы павінны заўсёды каяцца, заўсёды прасіць Міласэрнага, Усяміласцівага Госпада Іісуса Хрыста дараваць нам прабачэнне грахоў – тады мы будзем адчуваць і ад Таінстваў вялікую карысць, чым калі б мы не змушалі сябе да штодзённага і, можна сказаць, няспыннага пакаяння. Вось пра гэта мы павінны памятаць.

Наша збаўленне ажыццяўляецца не толькі дзякуючы тым Таінствам і абрадам, якія існуюць у Царкве, але і дзякуючы нашай уласнай дбайнасці і, галоўным чынам, нашаму пакаянню. Гасподзь Іісус Хрыстос дакранецца да ўсякага неруплівага, чэрствага і, можа быць, змарнелага ад мітусні чалавека, каб толькі той праявіў пасільную для яго дбайнасць. Калі Гасподзь наблізіцца да нас, і мы адчуем у сваёй душы тое, што адчуваў паралізаваны, ацалімся ад духоўнага расслаблення і будзем здольныя да выканання дабрадзействаў. Падобна да таго, як паралізаваны змог узяць сваю пасцель і пайсці дамоў, умацуемся і мы – усімі сваімі духоўнымі членамі – і зможам выконваць евангельскія запаведзі. Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь аб ацаленнi паралізаванага
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut