Главная » Библиотека » Публикации » 2020 » 07 » 04 » Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у 4-ю нядзелю па Пяцідзясятніцы, ацаленне слугі сотніка

Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у 4-ю нядзелю па Пяцідзясятніцы, ацаленне слугі сотніка

Сёння мы чулі Евангелле паводле Матфея, у якім гаварылася пра ацаленне слугі сотніка (Мф. VIII, 5-13). Да Збавіцеля падышоў рымскі сотнік, рымскі ваенны чыноўнік цэнтурыён, – прадстаўнік язычнікаў-рымлянаў, што захапілі Палесціну.

Ён прыйшоў, каб папрасіць дапамогі не для свайго дзіцяці, не для свайго сваяка, ён прыйшоў ацаліць яго слугу. Можа быць гэта быў яго салдат, рымскі легіянер, які цяжка захварэў. Гэта кажа пра яго любоў да чалавека, які намнога ніжэй за яго па становішчы.

Сотнік быў акупантам, кіраўніком гарнізона, г. зн. у маштабе Капернаума ён быў вялікім начальнікам. Але замест таго, каб паслаць сваіх падпарадкаваных па Іісуса, ён сам ідзе да Яго і просіць у Яго. Мала таго, што просіць. Калі Гасподзь сказаў: “Я зараз прыйду, ацалю Твайго отрака” (бо бачыў, што гэты чалавек міласэрны і сапраўды спачувае хвораму), ён адказаў: я няварты, каб Ты да мяне прыйшоў. Гэта значыць сотнік меў вялікае змірэнне, маючы такую вялікую ўладу.

Уражаны гэтай верай язычніка, Гасподзь кажа: “Нават у Ізраілі, – гэта значыць сярод людзей, што вераць у адзінага Бога, Сваіх адзінаверцаў, – не знайшоў Я такой веры”.

Перад намі адкрываецца дзівосна ясная, простая і наіўная вера гэтага рымскага афіцэра ў Бажэственную прыроду Збавіцеля, у здольнасць Збавіцеля ацаляць хворага. Гэта гісторыя з рымскім сотнікам нагадвае нам нешта з нашага нядаўняга жыцця. Краіна наша прайшла праз дзесяцігоддзі знішчэння веры. Мы добра ведаем пра гэтыя дзесяцігоддзі, асабліва людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту. Вера не проста ігнаравалася, не проста ганьбавалася – яна высмейвалася, з яе здзекваліся, яе знішчалі ўсёй сілай адміністратыўнага рэсурсу. І як многа было людзей, якія пахіснуліся, не вытрымалі выпрабаванняў. Многія баяліся страціць работу, сапсаваць кар’еру, згубіць чаргу на кватэру – ці мала што магло адбыцца з чалавекам, які, жывучы ва ўмовах атэістычнага грамадства, асмельваўся верыць у Бога.

Чатыры пакаленні людзей выхоўваліся ў гэтай атмасферы. Напэўна, усё, настаў канец – бо многія так і думалі! Мы ведаем, што адбылося затым. А адбылося тое, што адбылося з рымскім сотнікам. Язычнік, гэта значыць чалавек, які не веруе, не ведае Бога, не ўмее маліцца, які не наведвае храм, раптам у нейкі момант у сэрцы сваім адчувае каласальную перамену, і гэта перамена адбываецца ў адказ на сустрэчу чалавека са Хрыстом, з Богам.

І якія наступствы гэтай сустрэчы? Гэта не проста ўсведамленне таго, што “Бог ёсць, ну і буду час ад часу ў храм хадзіць”. Гэта сустрэча радыкальна мяняе жыццё чалавека.

А дзе ж адбываецца гэта сустрэча? Яна можа адбыцца дзе заўгодна і ў любы момант жыцця, але часцей за ўсё яна адбываецца ў храме. Калі мы наведваем храм, нават будучы людзьмі неўцаркоўленымі, мы, пераступаючы парог, адчуваем, што апынуліся ў іншым свеце. Гэта не той свет, які застаўся за сценамі. Гэта рэальнае ўспрыняцце нашым розумам і сэрцам іншага светабыцця, бо ў храме прысутнічае благадаць Божая, Бажэственная энергія. І часта, нават будучы неўцаркоўленымі, мы сэрцам адчуваем гэту Бажэственную благадаць. А калі чалавек адзін раз адчуў яе і вярнуўся ў храм, то ён пачынае паступова паглыбляцца ў гэту духоўную стыхію. Благадаць Божая падымае нас да неба, а з вышыні іншы погляд на мітусню гэтага свету.

Мы апазнаем прысутнасць Бога ў нашым жыцці праз голас нашага сумлення, калі штосьці раптам пачынае турбаваць – так пакутліва, што з гэтым пачуццём немагчыма даць рады. І калі мы ўсведамляем, што прычынай турбот ёсць наш грэх, наша слабасць, наша недасканаласць, то гэта азначае, што Бог пануе ў нашым сэрцы, падтрымліваючы голас сумлення. А калі ёсць гэты голас, ёсць вера ў сэрцы, то заўсёды прыйдзе пакаянне, жаданне змяніць сваё жыццё да лепшага, пераадолець свой грэх добрымі справамі, духоўным подзвігам і праз гэта набыць свабоду ад знешніх абставінаў, якія скоўваюць нас і цягнуць ва ўладу граху.

Хрыстос выконвае жаданае сотнікам. І Ён прамаўляе словы, якія не раз чуюцца ў Евангеллі, чуюцца ўжо для нас з вамі. Гасподзь кажа пра тое, што многія з сыноў Царства, з тых, хто закліканы да таго, каб увераваць у Хрыста, будуць адкінуты ў цемру, апраметную, дзе плач і скрыгат зубоў.

Мы часта ўспрымаем гэтыя словы як словы, звернутыя да сучаснікаў Хрыста, якія не ўверавалі ў Яго. Але гэтыя словы для нас павінны гучаць грознай перасцярогай. Мы цяпер – сыны Царства, мы, хрысціяне, і мы вельмі часта напаўняемся легкаважнай упэўненасцю ў тым, што ўжо мы сталі для Бога сваімі. Не, для таго, каб стаць для Бога сваімі, трэба вераваць у Яго, як вераваў сотнік, а мы ці веруем у Яго так? І калі няма ў нас такой веры, то ці не спасцігне нас тая самая доля, што і тых іудзеяў, якія былі падрыхтаваныя да прыходу Збавіцеля, якія нават прыйшлі да Хрыста, захацелі ў Яго ўвераваць, але, спалоханыя крыжовым шляхам, які Ён указаў ім, палічылі за лепшае адхіснуцца ад Яго. Мы-та з вамі ці выконваем крыжовы подзвіг? Мы-та з вамі ці ідзем па тым крыжовым шляху, па якім ішоў Збавіцель?

Задумаемся над гэтым, а таксама задумаемся і над тым, ці здольны мы вераваць так, як вераваў сотнік? Ці здольныя мы проста, без сумненняў ускласці ўсе свае надзеі на Збавіцеля не толькі тады, калі нам дрэнна, калі нам трэба штосьці ад Бога, але і тады, калі нішто не пагражае нашаму жыццю і дабрабыту? Калі ў нас усё добра, ці памятаем мы пра Хрыста, ці лічым сябе настолькі нявартымі быць з Хрыстом і прымаць ад Яго міласці, як нявартым лічыў сябе сотнік? Ці мы ўжо жывем у падсвядомым перакананні, што нам за тое, што мы называем сябе хрысціянамі, Гасподзь павінен даваць вялікія дабрадзействы, а калі іх няма, то мы ўжо гатовыя калі не наракаць на Бога, то з лёгкасцю забываць пра Яго і жыць так, як жывуць далёкія ад Царквы людзі. Гэта вельмі глыбокае, вельмі яркае, выразнае Евангельскае чытанне перш за ўсё заклікае нас задумацца пра сваё жыццё, пра сваю веру і пра сваю надзею на Хрыста, якіх усім нам, пэўна ж, так не стае.

Амінь.

Архiепiскап Арцемiй. Пропаведзь у 4-ю нядзелю па Пяцідзясятніцы, ацаленне слугі сотніка
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut