Пропаведзь архiепiскапа Арцемiя. Нядзеля 2-я па Пяцідзесятніцы, усіх святых зямлі Рускай
У дзень, калі мы ўспамінаем подзвіг усіх рускіх святых, Царква прапануе апавяданне аб прызванні першых апосталаў.
Невыпадкова сёння прагучала Евангельскае чытанне пра тое, як Гасподзь заклікаў братоў Пятра і Андрэя, а затым Іакава і Іаана, пра тых, хто, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Хрыстом. Заклік Хрыста – ідзіце за Мною – звернуты да кожнага чалавека, які прымае Хрышчэнне. Гэта прызванне кожнага хрысціяніна. І кожная эпоха, відаць, патрабуе якога-небудзь свайго подзвігу. Святыя зямлі рускай – гэта тыя людзі, якія ішлі на выпрабаванні.
Праз два тыдні пасля свята Тройцы Царква ўспамінае ўсіх рускіх святых. Свята гэта было ўсталявана ў 1918 годзе на Усерасійскім Царкоўным Саборы як адказ на распачатыя тады адкрытыя ганенні на рэлігію і Царкву ў нашай краіне.
Так, сапраўды, менавіта дзякуючы малітвам святых за зямлю нашу, за ўсіх нас, якія жывуць на ёй, Гасподзь яшчэ адорвае нас Сваімі багатымі і шчодрымі ласкамі. Гасподзь па іх малітвах даруе нам многія правіны нашыя і затрымлівае Свой прыход для таго, каб судзіць нас за нашы ўчынкі.
Углядаючыся ў выявы святых, мы павінны перш за ўсё навучыцца пераймаць іх жыццё, іх подзвіг, іх любоў, іх змірэнне, іх жаданне пакласці жыццё сваё за тое, каб не на словах, а на справе здзейснілася выкананне запаведзяў Хрыстовых.
Паглядзім на падзвіжнікаў ХХ стагоддзя, амаль нашых сучаснікаў, яны ўмелі радавацца ў Госпадзе, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні ў іх жыцці. Чытаючы іх жыціі, дзівішся, якія вельмі жорсткія ганенні, пакуты, ссылкі і турмы выпалі на іх долю, але з імі быў іх Гасподзь, і з імі была радасць. Яны не наракалі і не жаліліся, мужна пераносячы ўсе выпрабаванні, за ўсё дзякавалі Богу і перамагалі, таму што ў іх сэрцах быў Хрыстос.
Каб стаць святым Царквы Хрыстовай, неабходная ўстойлівасць слабасці, мужнасць галечы.
Пераймаючы Хрыста Збавіцеля, гэтаксама былі гнаныя і святыя Рускай Царквы. Для таго каб пераканацца ў гэтым, не трэба нават звяртацца да гісторыі крывавага дваццатага стагоддзя. У любую эпоху “ўсе, хто хоча жыць набожна”, былі гнаныя ад ворагаў Хрыстовай Царквы, гнаныя ад уладатрымальнікаў, гнаныя ад ілжэбратоў.
Маскоўскага мітрапаліта Філіпа па загадзе “праваслаўнага цара Іаана Васільевіча” задушылі ў Цвярскім Атрочым манастыры толькі за тое, што ён асмеліўся звярнуцца да Грознага цара з угаворам спыніць вайну супраць уласнага народа, спыніць кровапраліцце.
Іншага мітрапаліта, якога як свяшчэннамучаніка кананізавала наша Царква ў двухтысячным годзе, Арсенія (Мацяевіча), “праваслаўная матухна-гасударыня” Кацярына Аляксееўна, пазбавіўшы сану і манаства, замарыла голадам у сырых сутарэннях Рэвельскага замка, за спробу спыніць беззаконнае святатацтва: рэквізіцыі царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы.
Руская Царква – царква гнаных. І пакуль яна застанецца такой, яна будзе і Хрыстовай, і праваслаўнай. Не дай нам Бог пераўтварыцца з гнаных у ганіцеляў, не дай нам Бог так здрадзіць Хрысту.
Кожны раз, калі народ забываў заклік Збавіцеля: “Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам” (Мф. VI, 33), забываў і пачынаў замест прапанаванага Царства Нябеснага актыўна ўладкоўваць царства зямное, – памнажаліся смуты і бязладдзе, расколы і міжусобныя войны. Такое ўражанне, што шукальнікі нацыянальнай ідэі, барацьбіты за імперскую магутнасць ніколі Евангелля не чыталі і не чулі словаў Госпада нашага: “бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прынíжаны, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны” (Лк. ХІV, 11).
І роўна па гэтым прысудзе Хрыстовым кожны раз, калі краіна імкнулася павучаць іншыя народы, ганарліва называла сябе «авангардам усяго прагрэсіўнага чалавецтва», гэта значыць засвойвала сабе ролю правадыра і настаўніка, тут нас усіх і спасцігала выцверажальнае няшчасце: нашэсце іншапляменных, смутны час або “крывавая лазня” рэвалюцыі.
Але варта было народу пакорліва прыняць пасланае Богам выпрабаванне, варта было яму, “седзячы ў валасяніцы і попеле” (Лк. Х, 13), пакаяцца, як суд Божы “перамяніўся на міласць” (2 Мак. VIII, 5). “Бог ганарлівым працівіцца, а пакорлівым дае благадаць” (Іак. ІV, 6).
Бог, на шчасце, не палітык, не военачальнік, не грамадскі дзеяч. Гасподзь так і не задаволіў цікаўнасць Сваіх вучняў, якія спыталі яго пра лёс Царства Ізраільскага.
Хрыстос стаў чалавекам не для таго, каб санкцыянаваць Сваім благаславеннем які-небудзь дзяржаўны лад, бо Ён – Збавіцель душ і целаў, а не палітычных структур або этнасаў. Усё гэта: дзяржавы, народы, палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі – усяго толькі наступства грахоўнага распаду чалавецтва. Любое раздзяленне, такім чынам, не дабро, а няшчасце.
Таму вось Гасподзь будуе на камені веры Сваю Царкву, у якой няма ўжо «ні эліна, ні іудзея, ні абрэзання, ні неабрэзання, варвара, скіфа, раба, свабоднага, а ўсё і ва ўсім Хрыстос» (Кал. ІІІ, 11).
Немагчыма і ўявіць сабе вечнае Царства нашага Бога, падзеленае на гэтак любімыя аднымі з нас класы і гэтак расхваленыя іншымі – нацыі.
Святасць – гэта і ёсць пераадоленне раздзяленняў спачатку ў самім сабе, а потым і ва ўсіх грамадскіх групах, таму што адзінства з суседам, з калегам, з іншапляменнікам, з чужым – адным словам, магчыма толькі ў Богу, гэта значыць у стане зноў здабытай цноты, цэласнасці, цэльнасці.
Вось адкуль вядомы заклік Сароўскага цудатворца: “Уратуйся сам, і вакол цябе ўратуюцца тысячы”.
Вось чаму нічога не выходзіць з нацыянальнай ідэяй; тыя, хто жадаюць яе сфармуляваць, хочуць сумясціць несумяшчальнае – дзяржаўную моц з пакорлівай праўдай Хрыстовай.
Святыя ўзнагародзілі нас асаблівай спадчыннасцю. Нам не падыходзяць сыты росквіт ці імперская моц. Нам наогул глыбока чужы глабалізм ва ўсіх магчымых сэнсах гэтага паняцця.
Праўда Хрыстова, Сіла Хрыстова, якая здзяйсняецца ў немачы, сталі нашай зброяй у барацьбе не за землі або моры, а за душы і розумы.
Усё дадасца нам, калі мы выканаем галоўную ўмову, пастаўленую нам нашым Богам: захаваем душу сваю, тую самую душу, за якую Хрыстос узышоў на Крыж, – захаваем яе для Царства Нябеснага!
Няма і не можа быць у народа, які хрысціўся ў Хрыста, агульнанацыянальнай ідэі, як няма і не можа быць агульнанацыянальнай адказнасці на Страшным Судзе Гасподнім, бо там кожнаму давядзецца даваць адказ перад Госпадам не за грахі і дабрадзействы народа, а за ўласныя грахі і дабрадзействы.
Вось чаму святыя родзічы нашы, чыю памяць мы цяпер радасна і багавейна шануем, не пакінулі нам, убогім, ніякага распараджэння адносна нацыянальнай ідэі.
Затое згодна з евангельскімі запаведзямі блажэнстваў, якія мы зноў успомнілі толькі што пад час літургіі, яны сваім уласным прыкладам паказалі нам Царскі шлях збаўлення: “Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах” (Мф. V, 11, 12). Амінь.