Рыцар храма-крэпасці
У першы дзень зімы, сцюдзёным ранкам мы наведалі Сынкавіцкую царкву. Стаіць яна пры дарозе сярод палёў, адзінокі помнік беларускай готыкі, старажытная крэпасць. Хто не ведае яе? Два гады таму царква адзначыла 610 гадоў з дня свайго асвячэння. Для такога старажытнага храма 15 год – як гадзіна, але для святара Арсенія Ананка - гэта значная дата. Менавіта столькі ён з’яўляецца настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сынкавічах.
Мы прыехалі павіншаваць бацюшку і распытаць кагосьці з прыхаджан пра іх настаяцеля. А ў выніку мне пашчасціла пазнаёміцца з прыемнай жанчынай Таццянай Васільеўнай, прыхаджанкай і экскурсаводам, якая расказала і пра нястомнага бацюшку, і пра мясцовыя легенды, і пра “лісіныя лапкі” у кутках царквы.
Мярзота запусцення
Айцец Арсеній прыняў храм у жаласным становішчы – у гады савецкай улады нічога лепшага, чым арганізаваць склад у старажытным помніку архітэктуры, зрабіць не змаглі. Калі у 90-ыя гады храм вярнулі вернікам, тут нават падлогі не было. Сцены былі з раз’едзенай штукатуркай, выбоінамі. Храм, як змаглі, адрамантавалі і больш за 10 гадоў ён стаяў у нязменным стане.
- Зараз ужо, канешне, праведзена рэстаўрацыя, стала прыгожа. Скляпенні з охраным слоем. Магчыма, тут былі фрэскі. Таму чакаем, можа знайдуцца мастакі, каб зноў распісаць наш храм, - гаворыць Таццяна Васільеўна.
Быў тут калісьці і цудоўны дубовы іканастас. Калі ў 1959 годзе храм зачыняўся, іканастас гэты быў разрублены і спалены. А айцец Арсеній з амаль гістарычнай даставернасцю яго аднавіў.
Збоку ля царквы – невялічкі ўступ з пліт, на якім стаіць чорны гранітны помнік з крыжам. Сумныя на ім надпісы – аб пахаванні тут маладой двадцацігатовай жонкі настаяцеля царквы і пяцімесячнага немаўляткі, які памёр “на світанку жыцця”.
- Гэта склеп сям'і Еўстафія Міхайлоўскага, які тут служыў у другой палове 19-га стагоддзя, - расказвае Таццяна Васільеўна. – айцец Арсеній не абыходзіць яго ўвагай. Захоўваем яго, імкнемся прыводзіць ў парадак. Калі я была дзяўчынкай, прыходзілі сюды на склад працаваць, і вугал гэтага склепа быў вырваны. Туды хлопцы залазілі, нават косці выцягвалі і палохалі дзяўчат… Для мяне гэта дзяцінства, і я ўсё роўна ўспамінаю яго з цеплынёй, а для Царквы, канешне, гэта былі цяжкія гады. Уявіце сабе. Недалёка стаяў домік свяшчэнніка, дык старшыня загадваў абавязкова араць дарожку, как свяшчэннік не ішоў дадому. А калі прайшоў, пратаптаў дарожку – значыць, нанёс урон гаспадарцы і павінен быў заплаціць штраф. Ці такую святыню, нашу царкву ператварыць у склад… Не ўкладваецца гэта ў галаве. Такія былі часы. Хаця, напэўна, не часы мяняюць людзей, а людзі мяняюць час. Бо ад людзей гэта залежыла.
У кінастужцы Нікіты Міхалкова “Сонечны ўдар”, прысвечанай прычынам кастычніцкай рэвалюцыі, ёсць вобраз зламанага часу. Фокуснік (на самой справе – бес) на караблі просіць у галоўнага героя, паручыка, карманны гадзінік для выканання свайго фокуса. Але фокус не ўдаецца, гадзіннік ламаецца, і наўзамен пераапрануты бес дае паручыку іншы гадзіннік, толькі з заганам. Каб гадзіннік ішоў, трэба па ім ударыць. “І ўдарылі. Па часу, па краіне, па паручыку, па нашых прадзедах і прабабках. Калі ўсё гэта пачалося? Калі зламаўся час”. І як хочацца верыць, што мы свой гадзіннік больш не аддадзім і не зламаем, каб не бачыць таго, што бачылі нашы людзі пасля рэвалюцыі, што бачыў у тым ліку і Сынкавіцкі храм.
"Бацюшка наш увесь сівы"
І Уладыка Арцемій падчас пропаведзі сказаў, што Царква наша зараз праходзіць рэанімацыю, пакуль што ледзь стаіць на нагах пасля таго, што ж ёй зрабілі. І зараз так патрэбны святары, якія будуць уважлівымі да людзей, якія будуць гатовыя ўдзяляць ім увагу і аддаваць свой час.
- Айцец Арсеній ведае не тое, што кожную дошчачку ў храме - кожны вінцік. Вось кіоты, аналоі, нават лаўкі - паглядзіце, з якой любоўю, як дабротна ўсё выканана. Гэта будзе ўсё на вякі. Настаяцель не робіць так, што “пасля мяне хоць трава не расці”, - працягвае Таццяна Васільеўна. - Наш бацюшка заўседы вельмі ўважліва адносіцца не толькі да храма, але і да людзей, да сваіх прыхаджан.
Толькі яго намаганнямі ў нас цяпер такі хор с цудоўнымі галасамі, чулі? Прычым у нас два хоры: з мясцовых жыхароў і ансамбль "Аксіос", які спявае на святочных службах, як сенняшняя. Бацюшка бачыць, што чалавек часта прыходзіць у храм, распытваецца, хто што ўмее. Можна сказаць, што кожнага з нас, і мяне таксама, ён за руку прывёў у храм.
Прыхаджане кажуць, што айцец Арсеній ведае кожнага на прыходзе. Кожны можа да яго прыйці з якойсьці праблемай. А хтосьці хоча проста пагутарыць, набрацца мудрасці. Я сама бачыла, як падчас аднаго свята спавядаў айцец Арсеній: нахіліўшыся да чалавека, уважліва, сам не мітусіўся і нікогда не тарапіў.
- Як бацюшку на ўсіх хапае? – здзіўляюся я.
- Вы ведаеце, у яго павінен быць хаця б адзін выхадны. Але ж у яго ніколі яго не бывае! – шкадуе Таццяна Васільеўна. - Ён кожны дзень у храме. І мы хочам пажадаць нашаму бацюшке і жадаем, каб Гасподзь дараваў яму яшчэ многія гады і, канешне, здароўе. Вы бачыце, ён яшчэ сярэдніх гадоў мужчына, а ўжо ўвесь сівы. Вы думаеце, з-за чаго? Усё, што да яго даносяць людзі - іх хваробы, іх праблемы - ён прапускае праз сваю душу.
А што тычыцца храма, айцец Арсеній, па словах прыхаджан, стараецца не толькі прынесці нешта новае, але, у першую чаргу, захаваць гістарычную каштоўнасць гэтага места, працуе з архіўнымі дакументамі. Так, у храме захаваныя галаснікі, таму службу добра чуваць нават без мікрафона.
- Калі толькі прыйшоў бацюшка Арсеній, у храме ў час вялікай службы стаяла дзесяць чалавек, - гаворыць Таццяна Васільеўна. - А Вы заўважылі, колькі сёння людзей? І гэта, прычым, немнагалікая служба. Бывае поўны храм. Напэўна, батюшка Арсеній проста...
- …скромнічаў.
- Вось! Уладыка прыехаў павіншаваць яго. А ён пасаромеўся падкрэсліваць гэта. Напэўна, каб хто хоть штосьці сказаў, быў бы цэлы храм. Ды і не толькі ў храме стала шмат людзей – вёска аджыла.
Усецарыца Сынкавіцкая
Апынуўшыся ў храме, гэту ікону знойдзеш вачамі адразу ж – перад ёй заўсёды стаяць людзі. Перад службай я планавала запытацца ў іх, аб чым моляцца перад іконай, аб чым просяць. Але пасля шэрагу адказаў “Анкалогія. У мяне”, “У мужа рак, прыехалі на службу”, “Даўно хварэю на анкалогію” стала сорамна чапаць гэтых людзей. Толькі ўдзячныя радкі ў прыхадской кнізе аб дапамозе Багародзіцы дапамагаюць не ўпасці ў роспач.
- У нашым храме была ікона Божай Маці Чанстахоўскай, старажытная, 15-га стагоддзя. Таксама цаліцельніца, як і наша Усецарыца, - расказвае Таццяна Васільеўна. - Яна была масіўная, пісаная на дубе і памерам 80 на 120 см, а вагой у два пуды, гэта 32 кг. І была яна ў царкве да яе зачынення ў 1959 годзе. Старажылы нашы сцвярджаюць, што яе разам з усімі іконамі і іканастасам у той час не спалілі. Напэўна, не паднялася рука нават у камуністаў, каб такую цаліцельніцу знішчыць. Аднак дзе яна - невядома. Мы спадзяёмся, што гэта ікона ўсё ж такі калі-небудзь явіцца да нас зноў.
- А ваша ікона Ўсецарыцы – сучасная? – пытаюся.
- Так, яна да нас явілася ў 2008 годзе. Людзі, якія атрымалі міласць ад Усецарыцы, захацелі напісаць яе копію. Яна была правезена па ўсіх праваслаўных манастырах на Афоне, і мы адчуваем яе благадаць. Пад іконкаю ёсць каменьчык, бачыце? На Афоне ёсць валун з адбіткам стапы нашай Багародзіцы. І каля валуна ляжаць вось гэтыя каменьчыкі. І наш айцец Арсеній заслужыў - яго афонскае манаства благаславіла на тое, как ён прывёз гэты каменьчык да нас у храм.
Таццяна Васільеўна кажа, што на дзень памяці іконы, 31 жніўня, бывае столькі людзей, што стаяць яны ад старой фермы да храма ў тры рады. Людзей быў не толькі поўны храм, але і поўны двор. Успамінае, з якіх мясцін прыязжаюць да іконы:
- Пра нашу Усецарыцу вядома ўжо многім людзям. З Уладывастока прыязжала ў мінулым годзе дэлегацыя з некалькіх чалавек начале з бацюшкам, з Мурманска. З Масквы і Пецярбурга вельмі частыя госці у нас. З Бостана. Людзі, калі ў іх пасля малітвы потым нараджаюцца дзеткі, прыязжаюць сюды хрысціць іх. Летам была сям'я з Англіі - прыязжалі да Усецарыцы памаліцца, каб Гасподзь даў дзетак. А цяпер вярнуліся з падзякай.
Яшчэ кідаецца ў вочы тое, што большасць ікон у храме ўпрыгожаны вышытымі рушнікамі. Усё гэта вельмі пасуе старажытнай царкве. Аказваецца, рушнікі вырабляе жанчына з Маларыты У яе была анкалогія, яна прыязжала да іконы, а потым вылечылася. Жанчына цяпер часта наведвае Сынкавіцкі храм і прывозіць рушнікі – у знак падзякі.
Пра лебедзя і лісіныя лапкі
Мы ўсё не можам развітацца з Таццянай Васільеўнай: толькі скончым гаварыць пра адно, як знаходзіцца іншая тэма. Я шчасліўчык, Таццяна Васільеўна праводзіць для мяне індывідуальную экскурсію:
- У 1990 годзе храм аддали веруючым з умоваю, што рэмонт унутры - гэта ваша справа. Дзяржава, улічваючы, што гэта гістарычны помнік, адрамантавала крышу, дзе якіясьці выбоіны былі - таксама. А ўнутраная аддзелка - сваімі сродкамі. Гэта ж 90-я гады, нічога не было. Дасталі недзе блакітную фарбу, пафарбавалі, паштукатурылі. І былі закрытыя вось гэтыя графіці, - Таццяна Васільеўна падводзіць мяне да адной са сцен храма. - Бачыце, на сцяне чырвонымі рамачкамі абведзеныя.
Іх упершыню зарэгістраваў Еўстафій Міхайлоўскі, які служыў тут у канцы 19-га стагоддзя. Ён рабіў капітальны рэмонт, калі і былі знойдзены гэтыя графіці. Айцец Еўстафій зарэгістраваў іх у Пецярбуржскай акадэміі навук, адправіўшы туды дакументы. І вось у 90-я гады калі рабілі рэмонт, бачылі гэтыя графіці. Але падумаеш - хтосьці нешта нацарапаў на сцяне. Замазалі. І вось воля Госпада. Шэсць гадоў таму айцец Арсеній ініцыіраваў рэстаўрацыю, каб зняць непрыгожую фарбу. Аднак яна настолькі моцна ўелася ў сырыя сцены, што прыйшлося здымаць яе са слоем штукатуркі. І вось адкрыліся графіці. На іх ёсць дата - бачыце? 1213 год. Дакладна вядома, што храм асвечаны ў 1407 г, а вось калі пабудавана крэпасць, з якой перабудаваўся храм, невядома.
Таццяна Васільеўна расказвае, што ў Сынкавіцкай царквы ёсць падабенства з Мірскім замкам. Падчас рэмонту ў апошнім знайшлі на кірпічы адбіткі лісіных лапак – знак архітэктара. А ў Сынкавіцкім храме яны ёсць спакон веку.
- Хочаце, пакажу? – пытаецца яна.
Ці хачу я пабачыць старадаўнія адбіткі сапраўдных лісіных ножак? Ну канешне, хачу! І Таццяна Васільеўна вядзе мяне у маленечкае памяшканне, якое прымыкае да храма:
- Вось гэта – ветравод, - паказвае яна на адтуліны ў сцяне. – Магчыма, тут быў кацёл. Туды ішло цеплае паветра і абагравала крэпасць. А вось і ліс’і лапкі. Я іх заўседы дзецям паказваю.
Што было ў гэтым катушку – дакладна невядома. Можа, і келья. Адным словам, царква з загадкамі!
Выходзячы на вуліцу, Таццяна Васільеўна азіраецца:
- Вось і панікадзіла ў нас новае перад Пасхай з’явілася. Мне здаецца, яно вельмі падыходзіць да нашага храма. Там зверху ў акладах іконкі - быццам дах нашага храма з гэтымі вежачкамі (усміхаецца). Напэўна, Гасподзь так дае, как адно да аднаго пасавала і была наша царква сапраўднай жамчужынкай нашай Беларусі. Наогул, многія прыхаджане адзначаюць, што не без волі Госпада айцец Арсеній трапіў у наш храм. За невялікі прамежак часу - усяго 15 гадоў - зрабіць столькі, сколькі зрабіў бацюшка Арсеній без дапамогі Госпада проста немагчыма.
На двары ціха, усе ўжо раз’ехаліся. Таццяна Васільеўна глядзіць удалячынь:
- Сення такая ціхая пагода - напэўна таму, што архіерэй да нас прыехаў (усміхаецца). А летам тут вельмі прыгожа. Гэтыя дрэвы, - паводзіць рукой, - старадаўнасць надаюць. У добрае надвор’е завожу дзяцей на своды, зверху цікава паглядзець праз байніцы навокал.
Рассказвае мясцовую легенду:
- Бачыце скруглены выступ над іконай архангела Міхаіла? Як крышка труны. Гавораць, што вёска Сынкавічі называецца так таму, што на ўзвядзенні храма (ці крэпасці) працавала адна сям’я. І вось сын, абарваўшыся з лясоў, упаў на зямлю і разбіўся. А бацька з болем і горыччу крыкнуў: "Сынку!" Хаця на самой справе гэты выступ - фанар для вядзення назіранняў у крэпасці. Аднак такога нідзе больш няма, гэта такая вось асаблівасць нашага храма.
Таццяна Васільеўна паказвае на старажытнае пабудаванне пры дарозе – былы спіртзавод, бровар. Сынкавіцкаму арандатару захацелася аднавіць гэту пабудову. Магчыма, тут будзе гасцініца, каб можна было крыху болей пабыць у гэтым месцы.
- У такім будынку цікава будзе астанавіцца, - кажа Таццяна Васільеўна. – І царква, і лясны масіў, і возера недалека. Дарэчы, пра возера. У мінулым годзе каля яго доўга-доўга сядзеў адзін паранены лебедзь. Мы яго ўсе падкармлівалі. А потым зладзілі цэлую экспедыцыю, как перавезці на незамерзаемы вадаём. І бацюшка наш таксама клапаціўся, як там тое возера, што там з тым лебедзем, уяўляеце?
Уяўляем. І з ахвотай верым.
Развітваючыся, прасіла дазвалення у Таццяны Васільеўны сфатаграфаваць яе. Але яна аднеківалася, так я яе і не ўгаварыла:
- Я ўжо папала на тэлебачанне, не магу глядзець гэту праграму (смяецца).
Такіе вось усе ў Сынкавічах сціплыя. Але калі завітаете, абавязкова паспрабуйце знайсці гэту прыемную жанчыну.
Замест пасляслоўя
Таленавітая журналістка Алена Бабіч некалькі год таму напісала цэлую кнігу аб Сынкавіцкай царкве і святарах, што служаць у ёй – “Тэорыя вялікага ў малым”. Яна ёсць і ў царкве - запытайцеся ў жанчын са свечнага кіёска. Пачытаўшы, яшчэ больш дазнаецеся пра царкву, а таксама пра тое, што ўмясцілі ў сабе 15 гадоў служэння ў Сынкавіцкай царкве для яе настаяцеля.
Светлана ПАВЛЮКЕВИЧ