Клірык кафедральнага сабора прыняў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 30-годдзю польскай філалогіі ГрДУ
4 снежня 2019 года клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэй Уладзімір Барысевіч у якасці ганаровага госця прыняў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 30-годдзю польскай філалогіі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Варта адзначыць, што сустрэчы з удзелам святара сталі ўжо добрай традыцыяй, і шматгадовае плённае супрацоўніцтва кафедры і Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна ініцыюе прысутнасць моцнага рэлігійна-этычнага вымярэння ў выхаванні маладога пакалення і ў стварэнні ўмоў для яго навучальнай і навуковай дзейнасці. Польская філалогія і прыходы Гродзенскай епархіі арганізоўвалі сумесныя дабрачынныя праекты, сярод якіх наведванне дзіцячых дамоў, дабрачынныя абеды ды інш.
На мерапрыемства былі запрошаны генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк з жонкай Эльжбетай. У сваім прывітальным слове да кіраўніцтва ўніверсітэта і непасрэдна да выкладчыкаў кафедры польскай філалогіі генеральны консул падкрэсліў значнасць падзеі ў гісторыі ўніверсітэта, горада Гродна і ўсяго рэгіёна. Генеральнае консульства Польшчы ў Гродне падаравала 170 кніг найноўшых выданняў вядучых польскіх выдавецтваў: мастацкая літаратура, мемуары, навучальныя дапаможнікі па краіназнаўстве.
Кіраўніцтва факультэта і ўніверсітэта адзначыла, што польская філалогія Гродзенскага ўніверсітэта ёсць дзейнай, прафесійнай і мабільнай структурай, вядомай далёка за межамі Беларусі, а польскія ўніверсітэты ёсць самымі блізкімі і надзейнымі партнёрамі.
З музычнымі падарункамі выступілі спецыяліст музея Гродзенскага ўніверсітэта Лізавета Даўгаполік і студэнтка спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Вольга Ванчук.
Разумеецца, з добрымі словамі духоўнага настаўлення і благаслаўлення на далейшыя гады выступілі клірык Свята-Пакроўскага сабора протаіерэй Уладзімір Барысевіч і настаяцель Брыгіцкага касцёла Антоній Грэмза. Вызначыўшы важнасць захавання духоўных традыцый на перасячэнні культур і веравызнанняў, святары падзякавалі кафедры за шматгадовае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў пытаннях выхавання моладзі.
Са слоў айца Уладзіміра, 30-годдзе паланістыкі ў Гродзенскім універсітэце – гэта цудоўная нагода падзякаваць Богу, што ў нашым універсітэце ёсць магчымасць не проста спрычыніцца да польскай культуры, але і спазнаць яе на больш сур’ёзным узроўні. Гэта невымоўна прыемна, што яшчэ адна хрысціянская культура 30 год таму стала даступнай для спасціжэння ў сценах Гродзенскага ўніверсітэта. І, што вельмі важна, досыць блізкая для нас. Айцец Уладзімір пажадаў, каб, спасцігаючы польскую мову, літаратуру, культуру, кожны заўсёды атрымліваў нешта карыснае для сваёй душы.
З нагоды юбілею паланістыкі айцец Уладзімір падараваў кнігу духоўна-маральнага зместу і ікону Маці Божай на знак Божага благаславення кафедры і апекі Прасвятой Дзевы Марыі.
Выражаецца сардэчная ўдзячнасць загадчыку кафедры польскай філалогіі Панькову Яўгенію Аркадзьевічу за арганізацыю мерапрыемства і за запрашэнне на яго.
Протаіерэй Уладзімір БАРЫСЕВIЧ