Святочнай праграмай "Падарунак Хрысту" адзначылі Божае Нараджэнне ў нядзельнай школе Пакроўскага сабора
14 студзеня 2018 года пасля літургіі ў Свята-Вольгінскай царкве святары, настаўнікі,вучні і бацькі сабраліся ў актавай залі Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна каб адсвяткаваць Нараджэнне Госпада нашага Іісуса Хрыста.
Чаму ў дзень народзінаў Хрыста падарункі дораць нам, а не Хрысту? Такім пытаннем на пярэдадні Калядаў задаліся вучні нядзельнай школы кафедральнага сабора.
Натуральным рашэннем стала падрыхтоўка падарункаў да Раства Хрыстова. Рыхтаваліся з лістапада. Рыхтаваліся самыя і з дапамогай настаўнікаў.
Песні, танцы, падзелкі, музычныя п’есы – усё лепшае, што ўмеюць, дзеці з трапятаннем і любоўю паднеслі ў падарунак немаўлятку Хрысту, які ляжаў у яслях у вярцепе адноўленым на сцэне.
Інсцэнероўку па апавяданню Е.Міхаленкі “Падарунак для Хрыста” падрыхтаваную вучнямі, педагогамі, свяшчэнствам і дзіцячым хорам “Саборныя верабейчыкі” з цікавасцю і захапленнем глядзелі і дарослыя і дзеці, а гарэзлівы танец “Сняжынкі” у выкананні самых маленькіх артыстаў суправаджаўся незмаўкальнымі апладысментамі.
Яшчэ доўга ў актавай зале працягвалася вяселле. Здавалася, сам Гасподзь прысутнічае сярод дзяцей – такая чароўная атмасфера панавала ў святочна ўпрыгожанай зале.
Жанна ЛІТВІНЕНОК, фота: Мікалай БАЙДА