Святы куток пад Гомелем
У святочныя для нашых сяброў католікаў выхадныя адбылася паездка вернікаў нашага храма да святых мошчаў Іаана Кармянскага ў в. Карма, што пад Гомелем. У суботу 23 снежня зрання наш мінібус стартаваў з благаслаўлення б. Анатолія і б. Максіма на другі канец Беларусі – у Карму. Нас было 14 чалавек.
Каменная царква ў в.Карма, дзе служыў Бацюшка, была пабудавана на месцы, дзе тры начы запар запальваліся самі сабой свечкі. Святы Іаан Кармянскі (Іван Гашкевіч, 1837-1917) пасля нараджэння пятага сына у 48 гадоў атрымаў благаслаўленне ад старцаў Кіева-Пячорскай лаўры на манаскі лад жыцця і ўжо больш ніколі не еў мяса і па начам чытаў Ісусаву малітву.
Ведаў Бацюшка дзень, калі ён адыдзе да Госпада ў 1917 годзе. Ведаў і цяжкі лёс, і безбожны час, які чакаў краіну. Пахаваны бацюшка быў каля старой драўлянай царквы, якую потым у 1930 годзе спалілі бальшавікі. Тут быў пахаваны пазней і адзін з яго сыноў. У 1942 годзе немцы вырашылі правесці богаслужэнне на свой лад з пратэстанскім святаром. Адзіная на той час ікона ў царкве вісела ў алтары і тая сарвалася на галаву святара. Гэта была ікона Божай Маці "Уладзімірская".
У 1991 годзе было вырашана паставіць крыж на месцы спаленай старой царквы. Тэхніка, якая дапамагала ў раскопках, правалілася. Тады і ўспомнілі старажылы пра магілку бацюшкі Іаана. Калі раскапалі, то знайшлі дзве труны: ад сына засталіся толькі косткі, а бацюшка Іван ляжаў, не крануты часам. У 1998 годзе адбылася кананізацыя бацюшкі ў абліччы праведнага мясцовага Беларускай Праваслаўнай Царквы, а ў 2017 годзе Іаан Кармянскі кананізаваны як Усерасійскі Праваслаўны святы. З 2000 года пры царкве адкрыты жаночы манастыр. Цяпер там падвязаліся Госпаду 10 манахінь, адна з іх з Гродна (сястра Ангеліна), якая і паведала нам гэтую цудоўную гісторыю манастыра і шмат цудаў, якія адбываюцца па малітвам святога Іаана да Госпада нашага.
Амаль кожную пятніцу ў Карму адпраўляецца аўтобус з Санкт-Пецярбурга. Мы пазнаёміліся таксама з паломнікамі з Мінска і Бранска. Памаліліся на вячэрняй службе і Літургіі. А таксама Гасподзь Бог спадобіў нас паўдзельнічаць у Таінстве Саборавання, якое адбывалася пасля Літургіі. І з легкім сэрцам, перапоўненым радасці і благадаці, мы адправіліся дадому ў Гродна.
Святы праведны Іаане, малі Бога пра нас!
Вольга
По материалам сайта Собора Всех Белорусских Святых