Главная » Библиотека » Публикации » 2017 » 07 » 09 » Свята ўзнёслага слова

Свята ўзнёслага слова

Пра зборнік “Дабравест” (Гродна, 2017)

Кожны год на зломе зімы, альбо крыху раней, званы старажытнай Каложы абуджаюць літаратурную Гародню. Адбываецца гэта наступным чынам: у горад з’язджаюцца ўдзельнікі фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Дабравест”, а ў яго межах абавязкова ладзяцца яшчэ і вечары духоўнай паэзіі.

Спачатку такія імпрэзы выглядалі больш чым сціпла і праходзілі, як правіла, на вельмі нізкім мастацкім узроўні, што ніяк не адпавядала міжнароднаму статусу фестывалю. Таму арганізатары задумалі змяніць гэты аматарскі фармат на прафесійны: з духоўнымі вершамі сталі запрашаць вядомых пісьменнікаў, а таксама пачынаючых творцаў, але з вельмі добрым літаратурным густам.

А потым паўстала ідэя выдаць кнігу з вершамі ўсіх ўдзельнікаў, каб да свята ўзнёслага слова змагла далучыцца як мага больш шырокая аўдыторыя. І такая кніга выйшла. Яна атрымала назву “Дабравест” і сабрала пад вокладкай адзінаццаць цікавых аўтараў: Вольгу Агапонаву, Алену Бабіч, Дануту Бічэль, Анатоля Брусевіча, Юрку Голуба, Зніча (Алега Бембеля), Паўла Каспяровіча, Андрэя Мельнікава, Аліну Паўлоўскую, Галіну Самойла і Вікторыю Смолку.

Усе гэтыя творцы, канешне, з даволі розным мастацкім вопытам. Так, напрыклад, паэзія Дануты Бічэль ужо даўно ўвайшла ў вучэбныя праграмы сярэдніх школ і ВНУ і зрабілася аб’ектам для шэрагу літаратуразнаўчых даследаванняў. Не адно дзесяцігоддзе на слыху ў беларускага чытача імя Юркі Голуба – выдатнага майстра слоўнай эквілібрыстыкі, альбо Зніча (Алега Бембеля) – паэта-манаха, вядомага на ўсю Беларусь сваімі філасофскімі і маральна-дыдактычнымі вершамі-рэфлексіямі. З вялікім задавальненнем беларусы слухаюць і спяваюць любімыя песні на словы паэта і барда Андрэя Мельнікава, а вось Аліна Паўлоўская і Вікторыя Смолка толькі пачынаюць шлях у літаратуру, хоць ужо і маюць па ўласнаму выдадзенаму зборніку. Маюць свае кнігі і старэйшыя іх калегі – Галіна Самойла і Павел Каспяровіч, якія не абласканыя пакуль належнай увагай з боку літаратурнай крытыкі, аднак ёсць надзея, што гэтыя аўтары з арыгінальным паэтычным светасузіраннем дачакаюцца свайго зорнага часу, магчыма, і дзякуючы публікацыі ў зборніку “Дабравест”.

Зрэшты, такая сітуацыя, калі побач апынуліся настолькі розныя творцы і творы, аказалася выйгрышнай: гэта дало сапраўды ўнікальную магчымасць у межах адной невялічкай па аб’ёму кнігі паказаць даволі вялікі зрэз айчыннага вербальнага мастацтва, прадставіўшы як мінімум чатыры пакаленні творцаў і добры дзясятак жанрава-стылёвых мадыфікацый духоўнай лірыкі – ад класічных вершаў элегічнага характару да эксперыментальных паэтычных формаў. У зборніку, праўда, творцы прадстаўлены не па прынцыпу храналогіі (ад старэйшых літаратараў да пачаткоўцаў), і не паводле сваёй значнасці альбо вядомасці ў беларускай культурнай прасторы, а ў алфавітным парадку, што дазволіць чытачу, асабліва не абазнанаму ў адметнасцях айчыннага літпрацэсу, сфармаваць уласнае ўяўленне пра сучаснае беларускае прыгожае пісьменства, без навязвання звонку пэўных каштоўнасных іерархій. Хацелася б, канешне, каб належная чытацкая ўвага ў аднолькавай ступені была звернута на кожнага, прадстаўленага ў кнізе паэта, аднак, мусіць, маладзейшым аўтарам яна больш патрэбная для творчага росту. Таму можна было б трошкі даўжэй спыніцца, напрыклад, на вершах Вольгі Агапонавай, якая свабодна пачуваецца ў самых розных лірычных жанрах і формах, спалучае традыцыйныя і наватарскія падыходы ў пабудове твораў, надаючы асаблівае значэнне фармальна-змястоўнаму аспекту:

Мы чулі спрадвеку
ліры
адзіныя, ці адзінокія,
выратавальныя,
з плачам
пабраныя.

Душаў пазбавілі
ліры абраныя –
белыя раны
таму не крывавяць.

Вельмі цікавае, арыгінальнае бачанне свету ў Алены Бабіч. Яе паэзія поўніцца яркімі вобразамі, пабудаванымі на дзіўным сугуччы эмоцый і кагніцый, якія натуральна спалучаюцца з актуальным і гістарычным кантэкстам хрысціянскай культуры:

Ты казаў: “Памятай, ты – з рабрыны”.
Я ж толькі ад Еўфрасінні да Скарыны
памяць маю.
Вянок пакутніцкі не ўтрымаю,
Адзенне чорнае замараю.
Хай у малітве інак памяне.
Мой Божа, вырашы за мяне.

Не менш прыцягальныя і запамінальныя вершы Аліны Паўлоўскай – з дасканалай, хоць і вельмі простай на першы погляд формай, з мудрым зместам, здольным перавярнуць стэрэатыпнае ўяўленне аб павярхоўнасці сучаснай паэзіі:

Адрачэнне – самы кароткі шлях
Ад сябе да людзей, ад турмы да волі.
Адрачэнне – белы, як сонца, сцяг,
Як глухая сцяна паміж шчасцем і болем.

Своеасаблівы спосаб светабачання, вельмі падобны да таго, які калісьці культывавалі рамантыкі, прапануе Вікторыя Смолка, што ў сваю чаргу аказвае ўплыў і на тэматыку, і на вобразнасць, і на інтанацыйна-гукавое афармленне яе твораў:

Зоркая мара, падгледзь мае сны,
Зор дзьмухаўцы хай акропяць мой голаў.
Чуеш, як дыхае звон цішыні?
Ходзяць анёлкі наўкола...

А ўвогуле, гартаючы зборнік “Дабравест”, з кожнай старонкай упэўніваешся, што наша літаратура, прынамсі ў межах духоўнай лірыкі, яшчэ не прайшла свой поўны цыкл развіцця: ёй ёсць куды рухацца, ёсць куды расці, адкрываючы новыя далягляды, новыя імёны, новае Дабравесце.

Анатоль Брусевіч

Свята ўзнёслага слова
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut