Главная » Библиотека » Публикации » 2017 » 04 » 03 » Хрысціянскія святыні Гродзеншчыны ў мастацкім асэнсаванні беларускіх паэтаў

Хрысціянскія святыні Гродзеншчыны ў мастацкім асэнсаванні беларускіх паэтаў

Храмы і святыя мясціны заўсёды будуць месцамі людскога пакланення і ўшанавання, бо валодаюць своеасаблівай прыцягальнай сілаю. Спасцігнуць яе сутнасць спрабуюць кожны па-свойму: адныя ў малітвах, іншыя ў вершах.

Вядомая святыня і гонар Гродзеншчыны знаходзіцца ў мястэчку Жыровічы. Гэта  праваслаўны  мужчынскі  манастыр, што быў заснаваны на месцы цудоўнага з’яўлення Жыровіцкага абраза Божай Маці. Гэта сапраўды цудадзейнае месца, дзе не толькі чалавек   імкнецца дацягнуцца душой  да Бога, але і сам Бог прарастае ў сэрцы чалавека.

Знакавасць  гэтых мясцін   прачула  падкрэсліла ў сваіх вершаваных радках  знакамітая беларуская паэтка Ларыса Геніюш, для якой святыя мясціны таксама сталі месцам сакральным:

Жыровічы — святы для нас куточак,
Дзе цэрквы ў неба вежы узнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак —
Благаславенне для маёй зямлі…

У вершы з’яўляюцца малітоўныя элементы: лірычнае "я" звяртаецца да Бога, адносячыся да веры з надзеяй і спачуваннем, просіць у Яго абароны і дапамогі не толькі для сябе, але і для ўсіх людзей:

О Маці Божая! Ты - ласка у цярпенні,
прамень сьвятла, што праз вякі ня згас,
на голаў грэшную маю пашлі благаславенне
і будзь пры мне ў жыцця адказны час.

Хай будзе мір і ўсюды Твая воля,
і Бог - Твой Сын - распяты на крыжы.
Стары народ наш не пакінь ніколі
і ад нягодаў землю сцеражы!

Для Алега Нагорнага “Жыровіцкі куток” з’яўляецца непарыўнай часткай Беларусі, якую асвяціў Бог. Гэтыя мясціны - абарончы фарпост і нашай гісторыі, і нашай духоўнасці:

І стогн, і смех – то роспаведзь дзядоў.
Іх ласкі і пагрозы аплялі,
І ў вунію цягнула чужаўладдзе,
Але ўсіх верных Праваслаўю здрадзіць

Нічым прывабіць так і не змаглі.
Заўсёды скарбам роднае зямлі
Зіхцела вера даўняя, святая,
Што сёння ў народзе ажывае.

Душа лірычнага героя імкнецца да Бога і разумее вышэйшыя запаветныя каштоўнасці, таму гучыць надзея, што народ навучыцца “быць верным Праўдзе і Любві Хрыстовай”.

Каложская царква - цуд родам з ХІІ стагоддзя - самы пашыраны аб’ект паэтычнага захаплення. Гэта адзін  са старажытных гістарычных помнікаў Гродзенскай зямлі, які стаў яе душой, яе гісторыяй, яе лёсам.

Для лірычнай гераіні Ангеліны Дабравольскай Каложа - гэта святое месца, якое дорыць чалавеку надзею:      

Ля цудоўнага храма
наноў…
Дзе нічога магло не адбыцца –
Ды мільгнула
крылом-бліскавіцай
і схавалася ў хмару –
Любоў…

Тут чалавек здольны ўладкаваць парушаную душэўную раўнавагу, правесці  шчырую размову з Богам; тут можа нарадзіцца  сапраўднае  спасціжэнне,  для  чаго варта  жыць. У  значнай  ступені  такую думку выяўляе  верш Ганны  Аўчыннікавай “Каложа”:

Я думала: калі б застацца зараз
У восені, урачыстай і прыгожай,
Калі усё, усё змясціцца можа
І апраўдацца для тваёй душы –
Асветленай, усё пакінуць зараз...
Ды смутак невымоўны
ў дрэве кожным,
І парк мяне праводзіць ад Каложы.
І варта
Жыць.

Падарожжа пешшу ў восеньскі дажджлівы дзень па парку ў стане, калі «дождж па сэрцы коламі прайшоў», заканчваецца для лірычнай гераіні такой важнай і аптымістычнай думкай – “варта жыць”.

У  вершы ўпамінаюцца адметныя рысы ўнутранага ўбранства Каложы -  “алень драўляны на іканастасе» і галаснікі:

А голас святара ляцеў свабодна
І зноў вяртаўся ад галаснікоў.

У цэнтры Гродна размясцілася яшчэ адна з найважнейшых славутасцяў горада -  касцёл Святога Францыска Ксаверыя, які яшчэ называюць «фарны», што азначае папросту «галоўны». Касцёл пабудаваны ў 1703 годзе, з'яўляецца помнікам архітэктуры.  Раней вакол дадзенага касцёла размяшчаўся цэлы комплекс будынкаў езуіцкага кляштара. Многія з гэтых будынкаў захаваліся і цяпер выкарыстоўваюцца ў розных мэтах.

Побач   на заходнім баку Старога рынку (цяпер пл. Савецкая) знаходзіўся яшчэ адзін каштоўны архітэктурны помнік - Фара Вітаўта, якая была заснавана вялікім князем Вітаўтам у канцы 14 ст. Гэта быў адзін з самых буйных каталіцкіх храмаў Вялікага княства Літоўскага.

У 1807 годзе адрамантаваны ў стылі класіцызму храм пераасвячоны ў сабор Святой Сафіі.

Пасля 2-й сусветнай вайны храм не дзейнічаў. У 1949 г. паводле рашэння мясцовых улад яго перадалі пад склад. Так фара Вітаўта прастаяла да 1961 г. 8 сакавіка 1961 г. па ініцыятыве дырэктара краязнаўчага музея і «дырэктыўных органаў» гарвыканком прыняў рашэнне № 213 «О сносе аварийного здания бывшего военного костела на Советской площади».

Данута Бічэль далучае нас да адной з вышэй азначаных святынь тутэйшай зямлі ў вершы “Анёлы Гародні”.

Месцазнаходжанне лірычнай гераіні прадаецца лаканічнымі словамі:

Сяджу перад Фарным касцёлам
Пры Богу на лаўцы.

Слова “лаўка” паўтараецца двойчы, і праз гэты вобраз перадаецца светаўсведамленне вернiцы, сапраўднай хрысцiянкi, выразнае i дакладнае, павучальнае i мудрае: магчымасць быць побач з Богам, карыстацца Яго ласкай, ёсць ва ўсіх людзей, якія перад Ім роўныя, таму “прыбядняцца чаго там!” Гэта ўсведамленне вельмі каштоўнае, таму што Бог – Творца, і толькі Ён усё стварае, акрамя зла і ўсяго, што знішчае духоўнае светаадчуванне чалавека.

Анёлы спрадвечнай Гародні”, якія сядзяць на вежах, нібы непадуладныя часу істоты, пасланцы Бога, глядзяць на зямны свет, дзе і “выгнаны з дому сабачка, і люд гэты просты”, і лірычная гераіня бачацца адным цэлым..

Віктар Шалкевіч у вершы “У Гародні дождж” праз увядзенне вобразаў анёлаў, якія “на вежах Фарнага касцёла” наклікалі на горад дождж, спалучае нябеснае з зямным.

Паўтор амаль пасля кожнай страфы сказу “У Гародні дождж!!!” падкрэслівае цесную сувязь і прыналежнасць  да стройнай сістэмы рэчаў такіх розных персанажаў, як   госць “Комплексбанка”, мэр, ваявода, сабака, загадчыца крамы нумар пяць, ксёндз Анатоль.

Назіранні за наваколлем, дзе  “неспадзявана зграя чорных хмараў на горад з неба наплыла” выклікаюць у лірычнага героя ўзнёслы, аптымістычны настрой, таму што менавіта праз стыхію дажджу перадаецца яднанне ўсяго жывога ў разнастайным наваколлі.

Тады душа чалавека напаўняецца непаўторным пачуццём блізкасці да нечага вышэйшага, і храм бачыцца як  загадкавы вартаўнік вялікай таямніцы быцця.

Вобраз  Фары  мы знайшлі і ў вершы Святланы Куль:

Трубіць анёл на старажытнай Фары
І беражэ мой горад ад бяды.

Гэты храм, на думку паэткі, -  гонар горада, як і тыя людзі, што калісьці аддалі за яго сваё жыццё або цяпер услаўляюць яго сваёй натхнёнай працай.

У гонар тых ён ахвяруе прошчу,
Чыю яго зямля ўвабрала кроў,
Хто працаваў аддана і натхнёна.

Юрась Пацюпа ў вершы “Горадна” перадае вельмі кантрасны малюнак: прыземлена-брутальная рэальнасць і веліч святой Фары, якая “на ўсіх, на ўсіх цень-крыж кладзе”, даруючы такім чынам ўнутранае спаталенне сучаснаму чалавеку.

Часта  ў храмах не толькі слалі малітвы Усявышняму, але і бараніліся за яго моцнымі сценамі ад нападу ворагаў. Ёсць на гродзенскай зямлі і такія святыні.  Прыклад таму, Сынкавіцкая царква-крэпасць, што  грозным  напамінам  пра  мінулыя  войны  ўзвышаецца ў адным з маляўнічых куточкаў Гродзеншчыны.

У вершах Юркі Голуба “Сынкавіцкая царква”, Міхася Скоблы “У Сынкавічах” выказваецца бязмежная павага гэтаму старажытнаму помніку-храму. Але і гучыць заклапочанасць, што Шлях да Храма не стаў пратораным шляхам:

Да самоты храм за стагоддзі звык.
На муроўцы відзён лапік свежы.
Ці засіліўся, ці праглынуў язык –
Звон маўчыць на прыгорбленай вежы.

М.М. Пракопчык, настаўнік рускай мовы і літаратуры,
Рошчын Сяргей, вучань 7 “А” класа
ДУА “Сярэдняя школа №28 г. Гродна”

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Бічэль-Загнетава, Д. Анёлы Гародні  / Д.Бічэль// http://www.mercana.by/tvorchestvo/literaturnye-stranitsy/431-anjoly-garodni (дата звароту 05.11.2016)

2. Дабравольская, А. Вершы з нізкі “Каложа” / А.Дабравольская// http://angel-dobro.narod.ru/business5.html (дата звароту 20.12.2014).

3. Чарот, І.А. Насустрач духу: анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі.Зборнік паэтычных твораў хрысціянскай тэматыкі ад старажытнасці да сучаснасці /І.А. Чарот. -

Мінск : Ураджай, 2001 г. – 238 с.

4. Тарасава, С.М. Гродзенскія храмы і святыні ў мастацкім асэнсаванні беларускіх паэтаў /  С.М.Тарасава// Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны (матэрыялы і даследаванні): зб. навук. арт. - Гродна, 2013. - Вып 2.- С. 217 - 223.

5. Россып: зб. вершаў/ - Гродна, ПВУП “Ламарк”, 2010. – 117с.

Хрысціянскія святыні Гродзеншчыны ў мастацкім асэнсаванні беларускіх паэтаў
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut