ПАСЛАННЕ ДА РАЖДЖАСТВА ХРЫСТОВАГА ПАТРЫЯРХА МАСКОЎСКАГА І ЎСЯЕ РУСІ КІРЫЛА
Праасвяшчэнныя архіпастыры, высокашаноўныя прасвітары і дыяканы, набожныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
У гэтую святую ноч сардэчна вітаю ўсіх вас і ад душы віншую з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага: святам здзяйснення старажытных абетаванняў пра спасенне чалавечага роду, святам невымоўнай любові Тварца да Свайго стварэння, святам прышэсця ў свет Сына Божага — Месіі.
За мінулыя стагоддзі многае было сказана святымі айцамі пра тайну Богаўцялеснення. І сёння мы, як і яны раней, услухоўваемся ў словы царкоўных малітваў і песнапенняў, з благагавеннем слухаем Свяшчэннае Пісанне, якое апавядае пра гэтую слаўную падзею, і не перастаём захапляцца гэтым дзівосным цудам.
Разважаючы пра Ражджаство Хрыстова, прападобны Сімяон Новы Багаслоў піша наступнае: «Бог, прыйшоўшы ў свет, злучыў прыроду Божую з прыродай чалавечай, каб чалавек стаў богам, і ў гэтага чалавека, які стаў богам па благадаці, таямніча ўсялілася Прасвятая Троіца» (Слова 10-е). А прападобны Яфрэм Сірын кажа пра Богаўцялесненне так: «Сёння Бажаство паклала на Сябе пячаць чалавецтва, каб і чалавецтва аздобілася пячацццю Бажаства» (Песнапенні на Ражджаство Хрыстова).
Слухаючы гэтыя мудрыя словы, спытаем самі ў сябе: якім чынам можам мы аздобіцца гэтай Божай пячаццю? Як нам дасягнуць богападабенства, да якога закліканы людзі ад стварэння сусвету? Як нам жыць для таго, каб вобраз Хрыста выявіўся ў нас (Гал. 4, 19)? Адказ просты: будзем выконваць запаведзі Спасіцеля. Разам з апосталам Паўлам звяртаюся да ўсіх вас, дарагія мае: «насіце цяжары адзін аднаго, і гэтак выканаеце закон Хрыстоў» (Гал. 6, 2). Любоўю ўсё пакрывайце — і здабудзеце душэўны мір і спакой. Велікадушна да ўсіх стаўцеся — і ў сэрцах вашых запануе радасць, якой «ніхто не адыме ў вас» (Ін. 16, 22). «Цярпеннем вашым здабудзьце душы вашы» (Лк. 21, 19) — і атрымаеце жыццё вечнае.
Як важна, каб мы, хрысціяне, не толькі заклікалі іншых трымацца высокіх маральных ідэалаў, але і самі імкнуліся гэтыя ідэалы ўвасабляць у сваім паўсядзённым жыцці, і ў першую чаргу — праз служэнне бліжнім. І тады міласцю Божай будзем мець у сабе ісцінныя плады духу: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць,міласэрнасць, веру, лагоднасць, устрыманасць (Гал. 5, 22-23).
«Будзем уважлівымі адно да аднаго, заахвочваючы да любові і добрых спраў» (Яўр. 10, 24). Пераадольваючы канфлікты і падзелы, мы нясём свету самую пераканаўчую пропаведзь пра Народжанага Спасіцеля і справамі сведчым пра надзвычайную прыгажосць і духоўную моц праваслаўнай веры.
Мы ўступілі ў 2017 год. Роўна сто гадоў аддзяляе нас ад падзей, якія радыкальна змянілі жыццё Расіі — вялікай шматнацыянальнай краіны, і ўцягнулі яе ў вар’яцтва грамадзянскай вайны, калі дзеці паўсталі супраць бацькоў і брат пайшоў на брата. Тыя далейшыя страты і беды, праз якія прайшоў наш народ, былі ў многім прадвызначаны разбурэннем тысячагадовай дзяржаўнасці і барацьбой з рэлігійнай верай людзей, што спарадзіла глыбокі раскол у грамадстве.
Мы з трымценнем і благагавеннем згадваем подзвіг навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай, малітвамі якіх, верым, не пакінуў Гасподзь народ наш і дараваў яму сілы на здзяйсненне вялікіх працоўных і ратных подзвігаў, якія прывялі да перамогі ў самай страшнай вайне з усіх войнаў, да аднаўлення краіны, да поспехаў, якія выклікаюць захапленне.
Мы дзякуем Госпаду за яўлены ўсяму свету цуд — уваскрашэнне веры і набожнасці ў народзе нашым, за аднаўленне разбураных святынь, за новыя храмы і манастыры, само будаўніцтва якіх — бачны знак глыбокіх перамен, якія адбыліся ў сэрцах людзей.
У апошнія дзесяцігоддзі ў нашым жыцці было і застаецца цяпер нямала цяжкасцей і выпрабаванняў. Але ўсе яны часовыя, а таму і не страшныя. Вопыт мінулага стагоддзя многаму навучыў і ад многага павінен засцерагчы.
Будзем бязбоязна ісці сцяжынаю спасення, таму што з намі Бог. Будзем умацоўвацца ў веры, таму што з намі Бог. Будзем сцвярджацца ў надзеі, таму што з намі Бог. Будзем узрастаць у любові і тварыць дабро, таму што з намі Бог.
Усе свае спадзяванні ўскладзём на Госпада, таму што Ён —«цвярдыня вечная» (Іс. 26, 4) і, паводле сведчання апостала Пятра,«няма ні ў кім іншым спасення» (Дзеян. 4, 11). Святло Хрыстова няхай азарае заўсёды наш зямны шлях, і няхай гэты шлях прывядзе нас у Царства Нябеснае, якое прызначана Госпадам для тых, хто любіць Яго.
Духоўна радуючыся сёння разам з усімі вамі, якія жывяце ў розных краінах, гарадах і вёсках, але складаеце Адзіную Царкву Хрыстову, я хацеў бы малітоўна пажадаць кожнаму з вас здароўя душэўнага і цялеснага, міру ў вашых сем’ях, поспехаў у працы. І няхай дасць Народжаны ў Віфлееме Гасподзь і Спасіцель кожнаму з нас магчымасць з новай сілай і ўсім сэрцам адчуць Яго прысутнасць у нашым жыцці.
Амінь.
+ Кірыл,
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі
Ражджаство Хрыстова 2016/2017 года