Паломніцтва ў Іерусалім ад прыхода храма Архіерэйскага Падвор’я
30 лістапада –– 7 снежня адбылося паломніцтва ў Іерусалім ад прыхода храма Архіерэйскага Падвор’я ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Суправаджаў групу паломнікаў клірык Свята-Мікольскага храма іерэй Цімафей Наздрын.
На працягу паломніцтва група пражывала ў рускім Горненскім манастыры. Паломнікі наведалі многія святыя мясціны.
На пачатку паломніцтва група наведала месца Гасподняга Ўзнясення – Елеонскую гару. Там паломнікі прыклаліся да камня, з якога, паводле падання, узнёсся Гасподзь. Затым паломнікі наведалі Гефсіманскі сад – месца, адкуль пачаўся крыжовы шлях Госпада на Галгофу. У Гефсіманскім садзе ёсць камень, дзе ўпаў пояс Прасвятой Багародзіцы, да якога мелі мажлівасць прыкласціся паломнікі. На тэрыторыі Гефсіманіі размяшчаецца рускі манастыр Святой Марыі Магдалены, дзе удзельнікі паломніцтва маглі прыкласціся да мошчаў святой прападобнамучаніцы Елізаветы Феадораўны і яе келейніцы Варвары. Пасля гэтага яны наведалі месца нараджэння Божай Маці. Потым быў Хрэсны ход па тым шляху, па якім Гасподзь ішоў на Галгофу. Затым паломнікі наведалі храм Гроба Гасподняга, дзе яны прыклаліся да камня памазання, да месца Гасподняга ўкрыжавання і Яго пахавання.
На наступны дзень паломнікі наведалі манастыр святога Герасіма Іаарданскага. Затым яны наведалі месца Гасподняга Хрышчэння на рацэ Іардан, дзе мелі мажлівасць акунуцца. Пасля гэтага паломнікі пабывалі на гары спакусаў, што знаходзіцца каля Іерыхона. У самім горадзе яны наведалі падвор’е рускай духоўнай місіі ў гонар Іаана Хрысціцеля. У горадзе ёсць дрэва, дзе стаяў дом Закхея, якое мелі мажлівасць пабачыць паломнікі. Тамсама знаходзіца манастыр, дзе паломнікаў частавалі гарбатай. Затым удзельнікі паломніцтва маліліся на святочным Ўсяночным трыванні з нагоды свята Уваходжання ў храм Прасвятой Дзевы Марыі ў Горненскім манастыры, пасля чаго яны накіраваліся на начную літургію, служэнне якой адбывалася ў храме Гроба Гасподняга.
У свята Ўваходжання ў храм Прасвятой Дзевы Марыі паломнікі наведалі манастыр святога Георгія Хазевіта ў Іўдзейскай пустыні. У ім паломнікі наведалі пячору, дзе ажыццяўляў свой подзвіг прарок Ілія. Паводле падання тамсама ажыццяўляў свой подзвіг Іаакім, бацька Прасвятой Багародзіцы. У Сіхеме, што ў Самарыі, знаходзіцца студня патрыярха Іакава, дзе паломнікі мелі мажлівасць набраць вады. Тут паводле Евангелля адбылася размова Хрыста і самаранкі.
На наступны дзень паломнікі наведалі грэцкі манастыр святога Георгія Перамоганосца. Там яны прыклаліся да святых верыгаў вялікамучаніка. Пасля манастыра паломнікі накіраваліся на Фавор. Як вядома, з гэтай гарой звязана слаўнае Гасподняе Праабражэнне. Наступнае месца, ўшанаванае ўдзельнікамі паломніцтва, – грэцкі манастыр у Назарэце, дзе знаходзіцца крыніца, каля якой, згодна з паданнем, Прасвятой Дзеве з’явіўся Архангел Гаўрыіл. У Назарэце ўшаноўваецца месца, дзе жыла Багародзіца. Потым паломнікі накіраваліся ў Кану Галілейскую – месца, звязанае з першым цудам Госпада. Затым яны наведалі Капернаум, з якім звязана нагорная пропаведзь Збаўцы, у ім – храм 12-ці апосталаў. Наступнай святой мясцінай, якую наведалі паломнікі, было падвор’е святой Марыі Магдалены. Там знаходзяцца святыя крыніцы, дзе можна было набраць асвячонай вады.
На 6-ы дзень паломнікі наведалі грэцкі манастыр Успення Прасвятой Багародзіцы, што паблізу Гефсіманіі. У ім знаходзіцца грабніца Божай Маці, а таксама Яе бацькоў – святых Іаакіма і Ганны. Затым паломнікі наведалі грэцкі манастыр, у якім знаходзіцца славуты Мамврыйскі дуб, які памятае Аўраамаву гасціннасць. У манастыры ёсць храм, у якім 3 прастолы: цэнтральны – у гонар святых патрыярхаў Аўраама і Сары, левы – у гонар свяціцеля Міколы Цудатворцы, правы – у гонар Прасвятой Тройцы. Потым паломнікі накіраваліся ў лаўру Святога Савы Асвячонага, што ў Іўдзейскай пустыні. Варта адзначыць, што лаўра жыве паводле Афонскага ўставу. Наведаўшы лаўру, паломнікі накіраваліся ў Віфлеем, дзе наведалі месца Гасподняга Нараджэння, а таксама пячору, дзе былі забітыя віфлеемскія немаўляты.
Паломніцтва пакінула глыбокі след у душах паломнікаў. Ад святых мясцінаў веяла цеплынёй Божай благадаці. Цягам паломніцтва не абышлося і без спакусаў, аднак яго ўдзельнікам удалося захаваць мірны дух і не растраціць набытую благадаць.
Ларыса Аляксееўна Даўгаполік, удзельніца паломніцтва