Главная » Новости » 2016 » 11 » 26 » "Вера без спраў мёртвая!": выступленне настаяцеля Пакроўскага сабора протаіерэя Георгія Роя на моладзевым форуме “Quo Vadis”

"Вера без спраў мёртвая!": выступленне настаяцеля Пакроўскага сабора протаіерэя Георгія Роя на моладзевым форуме “Quo Vadis”

Вера без спраў мёртвая! (Іак. 2, 26)

Тэма суадносін нашай веры і нашых спраў, пастаўленая сёння для абмеркавання на нашым форуме, надзвычай важная для сучасных хрысціян. Гэта тое, што вызначае нашую хрысціянскую ідэнтычнасць і нашую хрысціянскую сапраўднасць. Як не можа быць музыканта без музыкі, ці паэта без вершаў, так не можа быць і хрысціянства без веры і без хрысціянскага дзеяння.

Вера і справы як “пытанне жыцця, ці смерці” для хрысціяніна.Такім чынам адзначым нашае першае сцверджанне: вера і справа – гэта як душа і цела ў прыродзе чалавека. Смерць  - ёсць тым станам, калі душа і цела раз’ядноўваюцца. Цела памірае, а душа робіцца прывідам. Калі раз’ядноўваюцца вера і справа, і пачынаюць існаваць паралельна – у такім выпадку прыходзіць смерць хрысціянскай душы і асобы хрысціяніна. У выпадку такой смерці пачынае існаваць ужо не сам хрысціянін, а яго пачварлівы прывід, які яшчэ захоўвае нейкае падабенства хрысціяніна, але на самрэч такім ўжо не з’яўляецца. Такі чалавек свядома, ці можа неўсвядомлена выкарыстоўвае толькі знешняе аблічча хрысціяніна, каб захаваць свой звыклы імідж, ці нейкае становішча. А фактычна такі хрысціянін становіцца пачварлівай карыкатурай на хрысціяніна сапраўднага.

Людзі, якія шукаюць Хрыста і жадаюць убачыць Яго святы вобраз у жыцці і справах тых людзей, якія называюць сябе хрысціянамі, сустракаюцца ня рэдка з карыкатурай і імітацыяй хрысціяніна. Якой павінна быць іх рэакцыя? Ці застануцца яны разам з тымі, хто з’яўляецца карыкатурным хрысціянінам, таннай падробкай? Такім чынам, мы бачым, што для нас гэтыя словы апостала Іакава маюць значэнне вызначальнага пытання пра жыццё і смерць. Таму сапраўды важна зразумець сутнасць таго, пра што нам кажа адзін з найбліжэйшых вучняў Хрыстовых.

Якія справы ажыўляюць веру?

Для сумленнага паглыблення ў сэнс гэтых словаў важна быць канкрэтным. Таму вельмі цікава даведацца, пра якія менавіта справы ўзгадвае хрысціянін, калі чуе гэтыя вядомыя словы апостала Іакава?  Без якіх спраў вера робіцца мёртвай і якія справы яе ажыўляюць? Без усвядомленнага адказу на гэтыя пытанні пэўна не будзе ні сапраўднай веры, ні хрысціянскіх спраў.

Па-перш, трэба абавязкова ўзгадаць у якім кантэксце у апостала Іакава гучыць гэтая фраза. Перад тым, як сфармуляваць гэтае залатое правіла хрысціянскага жыцця апотал Іакаў разважае пра дапамогу бліжняму: “Якая кары́сць, браты мае́, калі хтосьці будзе каза́ць, што ма́е веру, а спраў не будзе мець? хіба́ можа гэтая вера спасцí яго́. Калі брат ці сястра будуць без адзе́жы і не будуць мець е́жы на штодзе́нь,а хто-небудзь з вас скажа: "ідзíце з мíрам, грэ́йцеся і наяда́йцеся", але не дасць ім неабхо́днага для це́ла, то якая кары́сць? Так і вера, калі не будзе мець спраў, то яна мёртвая сама па сабе.” (Іак. 2, 14-17).

Такім чынам, дапамога бліжняму, таму хто патрабуе гэтай дапамогі ёсць адной з тых спраў, якія ажыўляюць веру. Сапраўдная вера не можа быць абыякавай да чалавечага гора, да чалавечай патрэбы. Асабіста для мяне самае адказнае чытанне Евангелля за цэлы год, гэта той дзень, калі мы чытаем тэкст пра Божы суд над чалавецтвам. Якімі крытырыямі Гасподьз ацэньвае дзейнасць людзей? Дагматычнай дакладнасцю вызнання веры? Ці можа дакладнасцю ў выкананні рэлігіёзных абрадаў? Ці строгасцю выканання пастоў і чытання малітоўных правілаў? – Аказваецца, не гэта вызаначае вырак Божы адносна чалавечага жыцця. “Бо быў галодны Я, і вы далí Мне есці; быў сасмя́глы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялí Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адве́далі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне” (Мф.25, 35-36). Калі гэтыя справы ёсць у нашым жыцці, значыцца, мы можам спадзявацца, што нашая вера не мёртвая. Я так разумею, што сённяшняя аўдыторыя – гэта прадстаўнікі моладзевых брацтваў. Скончваецца календарны год. Узгадайце, колькі добрых справаў вы зрабілі. Задайцеся пытаннем, ці прыклалі вы ў выкананні гэтых справаў належную маладосці энэргію і чуласць сэрца да чужога болю і патрэбы.

Мёртвасць веры без спраў – гэта не толькі пра дапамогу бліжняму.

Было б вялікай памылкай абмяжоўваць сэнс словаў “вера без справаў мёртвая” толькі таго кшталту дзейнасцю, якая цяпер завецца “сацыяльнай работай”.  Тут мы можам узгадаць казус двух родных сясцёр з бліжэйшага вучнёўскага атачэння Госпада Іісуса – Марфу і Марыю. Марфа суцэльна арыентавана на справы служэння, Марыя, наадварот занятая справай спасціжэння веры. І Хрыстос кажа, што менавіта Марыя абрала лепшае ў параўнанні з яе сястрой Марфай. Ці супярэчыць гэта сэнсу словаў апостала Іакава? Супярэчлівасць можна ўбачыць толькі пры павярхоўным чытанні словаў апостала. Прыклад дапамогі бліжняму – гэта першы прыклад у яго аргументацыі да падцверджання сфармуляванага тэзісу: вера без спраў мёртавая. Звычайна падцвярджальныя аргументы падаюцца па меры іх сэнсавага узрастання ад меншага да большага. Першы прыклад – вельмі сур’ёзны, але не галоўны. На што ж далей спасылаецца апостал Іакаў? Ён звяртае нашую ўвагу на прыклад Аўраама. Аўраам ўсё сваё жыццё аддае на справы веры: ён адкрыты да дыялогу з Богам. Ён услухоўваецца у Божыя словы і з іх вучыцца разуменню Гасподняй волі. Ён выхоўвае сябе у паслушэнстве да Божых рашэнняў адносна сябе, свайго жыцця і лёсаў сваёй сям’і.

Дык хочаш ве́даць ты, чалавек бязду́мны, што вера без спраў мёртвая? Хіба́ Аўраам, айцец наш, не спра́вамі апраўда́ны быў, калі паклаў сына свайго Ісаака на ахвя́рнік? Ба́чыш, што вера садзе́йнічала спра́вам яго, і праз спра́вы вера стала даскана́лаю? І здзе́йснілася Пісанне, у якім ска́зана: "вераваў Аўраам Богу, і гэта было́ залíчана яму як пра́веднасць, і ён быў назва́ны дру́гам Божым".Бачыце, што справамі апра́ўдваецца чалавек, а не толькі вераю?”(Іак. 2, 20-24).

Дык які я ж справы былі у праайца Аўраама? Гэта былі справы, народжаныя шчыраю і глыбокаю вераю. Парадаксальнасць словаў апостала Іакава ў тым, што іх можна чытаць наадварот і значнасць сэнсу будзе не меншая: “справы без веры мёртвыя, як і вера без справаў”. Аўраам практыкуе справы веры ў яго пастаянным дыялогу з Богам, у вывучэнні Божай волі, у служэнні Госпаду, у выкананню наканаванай яму і яго нашчадкам сусветнай місіі, ва ўтрыманні Божага слова і Божай праўды. Усё гэта – справы веры. Гэта тыя дзеі, якія робяць веру жывой і дзейснай. Менавіта гэтыя справы веры – аснова жыцця, кожнага пакліканага Богам. Гэта тое першачарговае, што павінен рабіць кожны нашчадак Аўраама па веры.

Такім чынам справа веры – жывая малітоўная размова з Богам. Справа веры – свядомы і асэнсаваны ўдзел у Таінстве святога Прычасця Цела і Крыві Госпада Іісуса.  Справа веры – жыць Божым Словам, яго вывучаць і ім натхняцца. Справа веры – жыць разуменнем рэальнасці Царства Божага. Жыць усведамленнем таго, што мы ў першую чаргу грамадзяне гэтай Нябеснай Айчыны, якая для нас павінна быць больш рэальнай, чым тое рэальнае, што нас акружае ў паўсядзённым жыцці. Справа веры – жыць жыццём Хрыстова Цела – Яго святой Царквы. Жыць з усведамленнем таго, што кожны з нас - жывая часцінка гэтага Цела-Царквы. Кожны з нас нясе адказнасць за жыццё гэтага арганізму. Калі мы гэтага не адчуваем – наша вера мёртвая і нашае месца ў Царкве – месца паўжывога (у духоўным сэнсе) захажаніна. Калі мы не натхняемся гэтымі справамі веры, то наш вобраз - вобраз карыкатуры на сапраўднага вучня Госпада Іісуса.

Каб вера і справа былі жывымі.

Апостал Іакаў не толькі фармулюе афарызм: “Вера без спраў мёртвая”. Ён і тлумачыць, што трэба рабіць, каб і вера і справа былі жывымі. Іх нельга падзяліць, як нельга падзяліць у нашай чалавечай істоце душу і цела, што азначала б смерць. Апостал кажа: “вера садзе́йнічае спра́вам, і праз спра́вы вера становіцца даскана́лаю”. Калі ёсць сапраўдная вера, будуць і справы веры. Трэба развіваць як адно, так і другое. Вера дапамагае нам рабіць годныя хрысціянскага паклікання справы, і справы веры абуджаюць у нас веру і вядуць яе да дасканаласці. Хрысціянін павінен крочыць абедзьвюма нагамі: верай і справай. І толькі так мы зможам прысці у нашу вечную Айчыну Нябеснага Царства.

26.11.2016

"Вера без спраў мёртвая!": выступленне настаяцеля Пакроўскага сабора протаіерэя Георгія Роя на моладзевым форуме “Quo Vadis”
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut