Воскресная проповедь протоиерея Георгия Роя в неделю 2-ю по Пасхе (Антипасха)
8 мая 2016 года, в неделю 2-ю по Пасхе (Антипасха), день памяти апостола Фомы во время поздней Божественной литургии в Свято-Покровском кафедральном соборе города Гродно, с проповедью к прихожанам обратился настоятель собора протоиерей Георгий Рой:
Пропаведзь у Нядзелю апостала Фамы.
У імя Айца, і Сына, і Святога Духа!
Евангеліст Іоан распавядае пра першыя агульныя сустрэчы Уваскрэслага Госпада Іісуса з вучнямі. У першы раз Гасподзь з’явіўся вучням у самы першы дзень Свайго ўваскрасення. Але спачатку не ўсім . Першымі пра Яго ўваскрасенне даведаліся жанчыны, потым Пётр і Іоан. Астанія былі разгубленыя і не ведалі, ці могуць яны даверыцца сведчанню тых, хто бачыў Іісуса ўваскрэслым. Але яны ўжо сабраныя разам, дзверы пакою, дзе яны знаходзяцца зачынены ад страху перад тымі людзьмі, якія распялі Хрыста. І вось пры зачыненых дзвярах з’яўляецца Хрыстос! Не можа быць ніякіх сумневаў – гэта Ён, з прабітымі ад цвікоў рукамі і нагамі, з ранаю на грудзях! Ён сапраўды ўваскрос!!! І першае, што Ён прамаўляе мае вялікі сэнс і для апостолаў і для апостальскай Царквы на ўсе вякі: "Мір вам!"
Сваім Уваскрасеннем Ён дае мір чалавецтву. Ці не пакутуем усе мы ад таго, што не можам знайсці мір у сваёй душы, у адносінах з бліжнімі і дальнімі? Ці не пакутуе наш свет ад няспынных войнаў? Чаму ўсё гэта адбываецца? Па-першае, зло дзейнічае у нашай прыродзе. Па-другое, чалавек аддаляецца ад Бога і таму губляе ўнутраную гармонію. Сваім Уваскрасеннем Хрыстос перамагае зло і пераадольвае аддаленасць нашай чалавечай прыроды ад Бога. Хрыстос на Крыжы забірае грэх усяго свету на Сябе, Сваёй смерцю ён нясе гэты грэх туды, дзе яму і належыць быць – у пекла. А Сваім Уваскрасеннем ён аднаўляе нашу чалавечую прыроду. У адноўленай уваскрэслай чалавечай прыродзе, якую носіць Хрыстос, ужо няма прымесі зла. Яна такая, якою яе ад пачатку задумаў Бог. Вераю і благадаццю Духа мы далучаемся да гэтай адноўленай і ўваскрэслай прыроды Хрыста, гэтая новая прырода пачынае дзейнічаць у нас, перарабляючы прыроду старую і хворую. У нашым сэрцы, душы, жыцці ўсталёўваецца новы мір, які паступова пачынае дамінаваць над паўсядзённай раздражнёнасцю, над мітуслівасцю, над усімі разчараваннямі і праблемамі. Праз сыноў і дачок Божых гэты мір ідзе і ў жыццё свету і ахоўвае яго ад разбурэння ў крывавай варожасці.
"Прыміце Духа Святога!" – кажа Хрыстос. Уваскрэслы Хрыстос, Пераможца смерці і дыявала, перадае Свой першы дар - Духа Святога! Менавіта Духам Святым чалавек можа далучыцца да ўваскрэслай, абноўленай прыроды БОГАЧАЛАВЕКА – Хрыста! Святы Дух – гэта тая закваска ў прыродзе чалавека, якая перарабляе нашу грэшную, слабую, хворую прыроду у прыроду новую, далучаную да прыроды Уваскрэслага Хрыста!
Але важнае пытанне: Каму даецца дар Святога Духа? Адзначым, гэтыя словы прамоўлены не ўсяму свету. Яны не накіраваны да тых адзіночак, што сцвярджаюць: “Бог у маёй душы”. Адрасат дару Духа канкрэтна вызначаны - абшчына вучняў. Гэта тое кола, якое збірае ў адзінае цэлае Сам Хрыстос. Гэтая абшчына – Ягоная Царква, ці як кажа апостал Павел – Ягонае Цела. Дар Уваскрэслага Хрыста захоўваецца як у каштоўным каўчэгу у Хрыстовай Царкве. І атрымаць гэты дар ва ўсёй паўнаце і сіле зможа толькі той, хто ўвойдзе ў гэты каўчэг Хрыстоў. Таму Гасподзь і кажа Сваім апосталам і апостальскім пераемнікам: “Каму даруеце грахі – будуць дарованы, на кім пакінеце – на тых будуць пкінуты”.
Але Гасподзь дае не толькі дар, а і даручэнне, місію. Гасподзь пасылае Сваіх вучняў несці агонь Святога Духа ў свет. Ён праз Свой Крыж і Уваскрасенне запаліў гэты агонь у свеце. Дзеля гэтага паслаў Яго Айцец Нябесны. Дарэчы, пасланы, з грэцкай мовы, гучыць як “апостал”. Хрыстос і ёсць Першаапостал Нябеснага Айца. І Ён - Першасвятар і Першаапостал пасылае сваіх вучняў у гэты свет, каб запаліць у незлічоных тысяч тысячаў сэрцаў агонь Свтога Духа.
Фама.
Самае галоўнае сказана і зроблена, але… ёсць адзін чалавек, які не далучыўся да гэтай веры, гэтага дара і гэтай адказнасці. Чалавекдарагі і любімы для Госпада Іісуса – Яго вучань Фама. Чалавек прамы і шчыры, з гарачым сэрцам і цвярозым розумам. Фама не быў пры першай сустрэчы. Ён не бачыў і не чуў Госпада. І яго розум патрабуе цвярозасці ў адносінах да таго, што кажуць яму іншыя пра Уваскрасенне Настаўніка. Можа яны выдаюць пажаданае за здзейсненае? Ён ведаў, што калі Хрыстос уваскрос, то і ён павінен убачыць Яго. І Фама напэўна чакае гэтай сустрэчы. Таму і кажа: “Пакуль сам не ўбачу, пакуль сваімі пальцамі не дакрануся да Яго ранаў - не паверу!”.
Што ж, апостале, калі для тваёй веры патрэбна сваімі пальцамі дакрануцца да Хрыстовых ранаў – вось яны перад табою, нясі свае рукі!
Але не рукі, якія дакранаюцца да ранаў Хрыста, а сэрца Фамы сведчыць пра яго веру ў Хрыстова Уваскрасенне і пра яго любоў да Настаўніка. “Гасподзь мой і Бог мой” – усклікае апошні з Дванадцацці.
Прыняўшы Хрыстовы мір і дар Святога Духа, сэрцам пераканаўшыся ў Яго Уваскрасенні, усклікнем і мы з Фамою: "Гасподзь наш і Бог наш, слава Уваскрасенню Твайму!"
Амінь!