Главная » Новости » 2015 » 08 » 28 » Сьвята Усьпеньня Найсьвяцейшае Багародзіцы ў Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы

Сьвята Усьпеньня Найсьвяцейшае Багародзіцы ў Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы

Сьвята Усьпеньня Найсьвяцейшае Багародзіцы ў Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы28 жніўня, або 15 жніўня паводле старога стылю, праваслаўныя хрысьціяне адзначылі адно з двунадзясятых сьвятаў – сьвята Усьпеньня (Спачыну) Найсьвяцейшае Багародзіцы й Вечнадзевы Марыі. З гэтае нагоды ў Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы адбылося ўрачыстае служэньне Боскае літургіі, што ўзначаліў высокапраасьвяшчэнны Арцемі, архіяпіскап Гродзенскі й Ваўкавыскі, у саслужэньні настаяцеля сабора протаіярэя Георгія Роя і протаіярэя Андрэя Бандарэнкі. Пасьля набажэнства адбылося высьвянчэньне зёлкаў.

Акалічнасьці Спачыну Найсьвяцейшае Дзевы Марыі вядомыя ў Хрысьціянскай Царкве з апостальскіх часоў. Хоць у Сьвятым Паданьні няма зьвесткаў пра абставы слаўнага Усьпеньня Прачыстае Дзевы Багародзіцы, аднак мы ведаем пра яго з даўняга паданьня. Да часу Свайго слаўнага Усьпеньня Багародзіца прыйшла ў Ерузалем. Яна мела звычай у Сьвятым Горадзе прыходзіць да Гасподняе труны і там маліцца.

Падчас маленьня Багародзіцы зьявіўся Арханёл Гаўрыіл, які паведаміў аб надыходзе часу Яе сьмерці й сустрэчы з Госпадам. Тады нейкім дзіўным чынам пачалі зьбірацца апосталы адусюль, што самі пачалі дзівіцца цуду іхняга сыходу. Сабраліся многія апосталы зь ліку 12-ці і 70-ці, у тым ліку апостал Павал і яго вучні. У рэсьце настала гадзіна адыходу да Бога. Багародзіца зьвярнулася да Бога ў малітве. Сьвяты апостал Іаан Багаслоў пачуў, як малітва была заключаная словам “Амінь”, якое ён пачуў зь нябёсаў. Столь у памяшканьні, дзе быў дзіўны сход з нагоды спачыны Прачыстае, нібы расступілася, стала відаць прысутнасьць сьвятых анёлаў і Яе Боскага Сына, і Багародзіца спачыла. Нарэсьце ў суправаджэньні апосталаў і нябесных анельскіх чыноў пачалася пахавальная працэсія. Юдэі, што не прынялі Хрыста, хацелі зашкодзіць пахавальнай працэсіі, але працэсія апынулася атуленая сьветлым воблакам. І многія, што мелі жаданьне зашкодзіць пахаваньню Прачыстае, сталі невідушчыя.

Тады адзін зь юдэйскіх сьвятароў па імі Афонія хацеў перавярнуць цела Прачыстае, і як толькі наблізіўся, сьвяты анёл адсек яму рукі. У тое імгненьне сьвятар Афонія ўвераваў у Прачыстую, тады яго рукі зноў сталі цэлыя, і ён далучыўся да пахавальнае працэсіі і стаў гарачым вернікам у Хрыста і Яго Прачыстую Маці. Багародзіцу пахавалі ў пячоры ў Гефсіманскім садзе, і падчас пахаваньня ад яе цела сыходзіў прыемны водар. На пахаваньні не было апостала Фамы, таму апосталы, паспачуваўшы яму, адкрылі пячору, дзе была пахаваная Прачыстая, каб разьвітацца з Пачасьнейшай ад Херувімаў. Аднак цела не знайшлі, і яны ўпэўніліся ў тым, што Багародзіца за свой жыцьцёвы подзьвіг стала годнай Свайго Небаўзяцьця зь целам на нябёсы.

Наша чалавечая сьвядомасьць успрымае сьмерць як нешта страшнае, пачварнае, агіднае. Аднак Усьпеньне Прачыстае Багамаці – гэта радасная падзея, бо то была доўгачаканая сустрэча Прачыстае Маці зь Яе Боскім Сынам і яе слаўнае ўваходжаньне ў Нябесне Царства. Але Прастол Прачыстае Багамаці на зямлі, там, дзе мы, грэшныя людзі («…во успении мира не оставила еси, Богородице…»). Тут варта ўзгадаць усынаўленьне Прачыстаю ўсяго сьвету ва ўвасабленьні апостала Іаана са слоў Госпада нашага Ісуса Хрыста (“Вось, Маці Твая”). Такім чынам, Багародзіца сталася Матуляю ўсіх хрысьціянаў. Яна ёсьць нашаю Апякункаю, Хадайніцай і Заступніцай. Таму станем годнымі Яе дзецьмі, возьмем за прыклад яе пакорамудрасьць (зьмірэньне – “яко призре на смирение Рабы своея”), яе адданасьць Богу і здольнасьць несьці жыцьцёвы крыж, які ў яе быў зусім ня лёгкі.

Таму ўславім Прачыстую ў псалмох і малітвах і паўторым арханёльскае вітаньне: “Радуйся, Благадатная, Гасподзь з табою”.

Зьмiцер ДАЎГАПОЛIК

Сьвята Усьпеньня Найсьвяцейшае Багародзіцы ў Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut