Главная » Новости » 2014 » 05 » 25 » Паніхіда ў памяць Максіма Багдановіча ў Каложы

Паніхіда ў памяць Максіма Багдановіча ў Каложы

25 мая 2014 года ў Гродзенскай епархіі адзначылі гадавіну смерці выдатнага беларускага паэта, “песняра чыстай красы” Максіма Багдановіча. У гэты дзень у старажытнай Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царкве была адслужана паніхіда ў памяць паэта, яго маці Марыі і бацькі Адама. Малебен на беларускай і царкоўнаславянскай мовах праводзіў настаяцель храма протаіерэй Аляксандр Балоннікаў у саслужэнні протаіерэя Георгія Роя і дыякана Уладзіміра Юзвы.

Пасля паніхіды ў сваім слове протаіерэй Аляксандр падкрэсліў, што паэт пражыў нядоўгае жыццё, але пакінуў нам вялікую творчую спадчыну, якая будзе нагадваць аб ім вечна. Лёс Багдановіча з’яўляецца урокам сучаснаму пакаленню аб любові да сваёй Радзімы і народа. Напрыканцы айцец настаяцель прачытаў вершы паэта “Дзед”,”Ізноў пабачыў я сялібы…”, “Народ, Беларускі народ!”.

Максім Багдановіч пражыў у горадзе над Нёманам некалькі гадоў свайго маленства, з 1892 па 1896 г. Яго бацька, Адам Багдановіч, у гэты час працаваў у мясцовым сялянскім пазямельным банку. У 1896 г. у Гродна памерла маці паэта Марыя Багдановіч. Яе магіла захавалася да нашага часу і знаходзіцца на старых праваслаўных могілках перад Свята-Марфінскім храмам.

Неабходна заўважыць, што памінанне Максіма Багдановіча ў Праваслаўнай царкве на Беларусі мае пэўную гістарычную традыцыю. У 1917 г. у Мінску падчас набажэнства за душу паэта свяшчэннік Разумовіч прамовіў адну з першых у навейшай беларускай гісторыі беларускамоўную пропаведзь. У дзясятую гадаўшчыну смерці Багдановіча ў 1927 годзе беларуская грамадскасць Вільні арганізавала ў Свята-Троіцкай царкве жалобнае набажэнства, якое служыў па-беларуску айцец Іаан Мыслівец. Спадзяемся, што гэтая традыцыя і надалей будзе працягвацца ды здабываць сабе прыхільнікаў сярод прыхаджан і святароў Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Аляксандр Горны
http://kalozha.by/ru/component/content/article/9-kalozha/470-panikhida-pamyats-maksima-bagdanovicha-kalozhy

Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut