[Видео]: У Горадні выступіў легендарны манах Іаан Бембель, або паэт Зніч
Адраджаць беларускую паэзію і мову ўзяліся ў гарадзенскім клубе праваслаўнай размовы пры Свята-Пакроўскім саборы. Тут чыталі ды спявалі духоўную лірыку, між гледачоў былі як праваслаўныя, гэтак і каталікі. Адным з самых каларытных выступоўцаў быў раней інак, а з нядаўняга часу манах Іаан Бембель, насельнік Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, вядомы таксама як паэт Зніч.
Выступалі тут таксама паэт Анатоль Брусевіч і бард Тацяна Салаўёва. Свае вершы і творы сваіх сяброў чытала, бадай, самая вядомая гарадзенская паэтка Данута Бічэль. Ідэя праводзіць падобныя вечарыны вырасла з фестывалю праваслаўных песнапенняў, які адбываецца ў Горадні ўзімку.
Клірык Свята-Пакроўскага сабору, айцец Павел Каспяровіч узгадвае: «Я помню са свайго дзяцінства, калі я быў малы, колішняе стаўленне да літаратуры. Беларускія пісьменнікі, мерапрыемствы, кнігі. Сёння я гляджу, як усё занядбана, і мне крыўдна. Я лічу, што ў нашых сілах змяніць гэта, таму мы і праводзім такія мерапрыемствы».
А таму тыя, хто не трапіў на імпрэзу, могуць спадзявацца на яе працяг.
Іншыя тэмы: У гомельскім філіяле Веткаўскага музею адчынілася выстава-праект «Хлебам адзіным», на якой можна ўласнаруч змалоць муку на старых жорнах і паслухаць захапляльную гісторыю пра народныя абрады. У Менскай ратушы працуе выстава польскага плакату – «найлепшага плакату на свеце». Бубнач амерыканскага гурта «Korn» запрасіў менчукоў на канцэрт, які пройдзе 17 траўня ў Палацы спорту.
Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu