Святары Шчучынскага раёна сустрэліся з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей
На мінулым тыдні ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак наведаў горад Шчучын і правёў некалькі плённых сустрэч. Цэнтральнай падзеяй візіта стала сустрэча з праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі Шчучынскага раёна.
Утульная канферэнцзала Палаца творчасці дзяцей і моладзі горада дапамагла дадаць падзеі ўрачыстасць. Падчас шчырай гутаркі Аляксандр Аляксеевіч агучыў шмат праблем, вырашэнне якіх павінна аб’яднаць сілы ўсіх нашых суайчыннікаў дзеля захавання духоўнай спадчыны і нацыянальнай свядомасці.
З актуальным пытаннем прыйшоў на асабісты прыём, сярод іншых, да прадстаўніка дзяржавы благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцярняк. Прычына вельмі простая: патрабуе сур’ёзнага рамонту храм ХVІ стагоддзя — царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка.
— Правесці рэстаўрацыю помніка архітэктуры толькі сваімі сіламі немагчыма, таму дапамога з рэспубліканскіх фондаў была б вельмі дарэчы! — адзначыў, у прыватнасці, шчучынскі благачынны.
Больш за дзьве гадзіны святары мелі магчымасць задаваць хвалюючыя патынні высокаму госцю са сталіцы. Аляксандр Аляксеевіч заклікаў святароў да супрацоўніцтва, бо вельмі важна разам выхоўваць духоўнасць і высокую маральнасць у маладзёжным асяродку, уберагчы юнае пакаленне ад небяспечных сацыяльных з’яў — у прыватнасці, залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў, актыўней падтрымліваць спрадвечныя сямейныя каштоўнасці, аказваць дапамогу пажылым і адзінокім, людзям з інваліднасцю, наведваць з высакароднай місіяй дамы-інтэрнаты.
Больш інфармацыі тут.
Крыніца: Дзянніца