Пачаўся навучальны год у нядзельнай школе прыхода святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла ў Ваўкавыску
19 верасня нядзельная школа прыхода храма святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла ў Ваўкавыску шчыра расчыніла дзверы ў новы навучальны год для сваіх выхаванцаў, сярод якіх ёсць і дзеці дашкольнага ўзросту, і дзеці-інваліды, і сярэдняга школьнага ўзросту, і старшакласнікі.
Пасля нядзельнага богаслужэння іерэй Аляксандр Юзва правёў малебен за ўсіх навучэнцаў, пажадаў ім добрага здароўя, моцы духу і поспехаў ва ўсіх добрых справах.
Затым усіх вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў чакаў салодкі стол, за якім усе разам абмеркавалі план заняткаў на новы навучальны год. Па традыцыі, быў зроблены агульны фотаздымак на доўгую памяць.
— На вялікі жаль, з-за эпідэміялагічнай сітуацыі колькасць навучэнцаў нядзельнай школы значна паменшылася. Спадзяемся, што з Божай міласцю эпідэміялагічная сітуацыя палепшыцца і маленькіх прыхажан стане значна больш, — зазначыла настаўніца нядзельнай школы Ірына Плюта.