Епіскап Антоній узначаліў Божую літургію ў храме Сабора ўсіх Беларускіх святых у Гродна
11 ліпеня у Нядзелю 3-ю па Пяцідзесятніцы, храм у мікрараёне Вішнявец адзначае сваё прастольнае свята — памяць Сабора ўсіх Беларускіх святых. З гэтай нагоды Праасвяшчэннейшы Антоній, епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, узначаліў служэнне Божай літургіі ў гэтым храме.
Архіпастыру саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі протаіерэй Анатолій Ненартовіч, духаўнік епархіі протаіерэй Аляксандр Наздрын, благачынны Гродзенскай гарадской акругі протаіерэй Аляксандр Велісейчык і настаяцелі гарадскіх храмаў.
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Дзімітрый Шэпелеў.
Архіерэйскае набажэнства суправаджалася спевамі хору пад кіраўніцтвам Наталлі Гаплічнік.
Па заканчэнні Літургіі адбыўся хрэсны ход вакол храма і былі ўзнесены малітвы Беларускім святым.
Уладыка павіншаваў усіх прысутных са святам. Паводле слоў архіпастыра, беларускія святыя — гэта Божае благаславенне для нашай зямлі, як спяваецца ў трапары сённяшняга свята: "Ушанаваў Гасподзь беларускі край, - святымі, якія добра дагадзілі Яму…"
Яго Праасвяшчэнства таксама падзякаваў настаяцелю, хору і прыхаджанам за клопат пра храм, пасля чаго прыняў удзел у трапезе на свежым паветры разам з клірыкамі і прыхаджанамі абшчыны.
Фотои и видео: Николай БАЙДА