Главная » Новости » 2021 » 01 » 08 » Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска

Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска

Сёння, 8 студзеня паводле новага стылю, або 26 снежня паводле старога стылю, у дзень па Хрыстовым Нараджэнні Царква адзначае свята – Сабор Прасвятой Багародзіцы. Звычайна “саборамі” называюцца святы, прысвечаныя некалькім святым.

Сённяшняе свята мы называем саборам таму, што ў дзень па Нараджэнні Хрыстовым хрысціяне збіраліся ў храмы ўшанаваць Маці Божую – Віноўніцу той радасці і ўцехі, якую мы атрымалі ў Хрыстовым Нараджэнні. Менавіта праз Яе стала магчымым яўленне Госпада ў наш грэшны свет, Які, не змяніўшыся, праз Яе стаў чалавекам.

Свята мае старадаўнюю традыцыю. У павучаннях на свята Божага Нараджэння Епіфанія Кіпрскага, Амвросія Медыяланскага, Блажэннага Аўгусціна пахвала Госпаду нашаму Іісусу Хрысту злучаецца з пахвалой Маці Божай. Само свята было ўстаноўлена на Шостым Усяленскім саборы ў 681 годзе.

У гэты дзень Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій узначаліў служэнне Боскай літургіі ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска. Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, благачынны Ваўкавыскай акругі іерэй Аляксандр Юзва, настаяцель храма архімандрыт Васілій Коржыч, клірык храма іерэй Антоній Федасееў, протадыякан Дзімітрый Шэпелеў i дыякан Павел Цыбульскi. Архіерэйскае набажэнства суправаджалася спевамі хору пад упраўленнем рэгента Надзеі Суворавай.

Па заканчэнні літургіі быў адслужаны малебен і слаўленне ў гонар свята Хрыстовага Нараджэння. Уладыка сардэчна павіншаваў усіх прысутных са святам і пажадаў усім трываласці ў гэтыя няпростыя, марозныя часы, каб нішто не азмрочвала нашу радасць аб народжаным Хрысце.

У часы смутку, тугі, нягод і ліхіх выпрабаванняў хрысціяне заўсёды звярталіся па дапамогу да Надзеі ненадзейных і ўсіх тужлівых Радасці – да Маці Божай, Прасвятой Дзевы Марыі. Яе шчырая апека аб нас, грэшных, ратуе ад розных бед і няшчасцяў. І вось сёння Царква заклікае кожнага з нас асабліва ўшанаваць Маці Божую, а для нас Яе ўшанаванне і шчырая малітва да Яе тым больш актуальныя ў наш складаны час.

З даўніх часоў іканапісцы, мастакі, аўтары набажэнскіх тэкстаў і му́зыкі песнаспеваў імкнуліся як мага прыгажэй уславіць Прасвятую Багародзіцу ў сваіх творах, а таксама выразіць пакаянне перад Ёй, маленне да Яе і ўдзячнасць Ёй за пастаянную апеку. Яна для кожнага з нас Нястомная Дапамога, Радасць і Уцеха.

Подзвіг зямнога жыцця Прасвятой Багародзіцы мусіць быць тым ідэалам, да якога павiнен імкнуцца кожны хрысціянін у сваім уласным жыцці. Маці Божая яўляе для нас узор змірэння, лагоднасці, чысціні, дабрыні, трываласці, цярпення, бязмежнай любові. Відаць, Яна ўвабрала ў Сябе ўсе людскія дабрадзействы. Менавіта таму Яна стала вартай таго, каб на Яе сышла благадаць Боская і каб праз Яе ўцяле́сніўся Гасподзь. “Пачэснейшая за херувімаў і непараўнальна слаўнейшая за серафімаў” – менавіта так узвялічвае Царква Прачыстую Дзеву Марыю; вышэйшая за ангелаў і ў той жа час такая блізкая кожнаму чалавеку. Калі хтосьці са святых трапіў у нябесныя абіцелі, ён убачыў прастол Гасподні, прастолы апосталаў і не ўбачыў прастола Багародзіцы. Разумеецца, святы спытаўся, дзе знаходзіцца Яе прастол. І ў адказ пачуў, што Яе прастол на зямлі, дзе людскія слёзы, туга і боль. Будзем верыць і спадзявацца, што не пакіне нас Маці Божая без свайго заступніцтва, а мы будзем годнымі Яе дзецьмі.

Божая Маці шануецца ў кожным хрысціянскім народзе. Шмат Яе святых абразоў было яўлена і на нашай зямлі. Сёння для хрысціянаў-беларусаў ёсць яшчэ адна нагода ўшанаваць Прасвятую Багародзіцу. Сёння мы ўшаноўваем Маці Божую дзеля Віленскай-Вастрабрамскай Яе іконы. Гэты святы абраз шануецца як у праваслаўных, так і ў каталікоў. Ён быў і ёсць сімвалам апекі Прачыстай Дзевы Марыі над нашай Бацькаўшчынай, якую многія стагоддзі раздзіралі розныя войны і разбурэнні і якая зноў перажывае няпростыя часы. Ён быў суцяшэннем для нашых продкаў, знакам пакрову Прачыстай над кожным чалавекам. Няхай і цяпер мы будзем шанаваць святыні нашага народа, праз якія Маці Божая яўляла і яўляе нам, беларусам, няспынную падтрымку.

Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч

Фото Остробрамской иконы: https://ikona7.ru/catalog/Vilenskaya

 
Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска
Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска
Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска
Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска
Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска
Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска
Боская літургія ў кафедральным саборы святых апосталаў Пятра і Паўла г. Ваўкавыска
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut