Вечаровы агеньчык
Гэтая простая жыццёвая падзея, пра якую мы хочам вам распавесці, адбылася пару дзён таму ў Гародні на вуліцы ў гонар знакамітага заходнебеларускага паэта Міхася Васілька.
У апошнія гады многія гарадзенцы здзіўляліся, што за змрочны будынак месціцца насупраць былога венералагічнага дыспансера?Павольна дзіцячы садочак, які працаваў на гэтым месцы раней, ператварыўся ў чарговы гарадскі прывід з замкнёнымі дзвярыма і забітымі вокнамі.
Праўда ў апошні час пільнае вока якога мінака магло заўважыць сапраўдныя зрухі ў выглядзе гэтага будынка-здані.
Свежыя дошкі, рыдлёўкі...
Але ўвечары былы садочак зноў вяртаўся ў змрочную прывіднасць.
І раптоўна ў адзін дажджлівы студзеньскі вечар у гаспадарчай прыбудове былога садка заззяла святло. Любы, хто зазірнуў бы ў шыбы, мог убачыць дзіўных натхнёных людзей, якія месціліся вакол стала і нешта расказвалі. Не здзіўляйцеся, яны не былі нейкімі змоўшчыкамі. Гэта ў будучым сацыяльна-арыентаваным цэнтры творчых ініцыятыў Гродзенскай епархіі адкрылася група таварыства Ананімных Алкаголікаў.
Зычым ім цвярозасці і поспехаў!
Іерэй Павел Каспяровіч