Чытанне пакаяннага канона Андрэя Крыцкага ў храме прыхода свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага
5 сакавіка 2020 года, у чацвер першай сядміцы Вялікага посту, Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій узначаліў служэнне вялікага павячэр’я з чытаннем пакаяннага канона Андрэя Крыцкага ў храме Святых Віленскіх Мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія прыхода свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага (мікрараён Альшанка).
Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, настаяцель прыхода іерэй Андрэй Наздрын, клірык храма іерэй Іаан Каяла.
У чацвер першай сядміцы Вялікага посту, як і на працягу ўсёй Чатырохдзясятніцы, Царква заклікае знішчыць “закваску грэху”, “абапірацца на жазло веры” і паследаваць за Тым, Хто паказаў нам перамогу над дыявалам. Пра неабходнасць абудзіцца ад сну грэху нам досыць слушна нагадвае кандак Вялікага пакаяннага канона Андрэя Крыцкага: “Душе моя, востани, что спиши…” Пост якраз і закліканы скалануць грахоўную наледзь са сваёй душы, растапіць яе слязамі пакаяння. Бо толькі тады мы здолеем пайсці за Тым, Хто “смерцю смерць зваяваў” і ўнаследаваць жыццё вечнае.
Адметна, што ў сераду і чацвер у канон Андрэя Крыцкага дадаюцца трапары, прысвечаныя прападобнай маці Марыі Егіпецкай. Менавіта гэта жанчына, спазнаўшы глыбіню духоўнага падзення, здолела абудзіцца ад грахоўнага сну і па-сапраўднаму пакаяцца, пакінуўшы ранейшы грахоўны лад жыцця. Такім чынам Царква ставіць нам у прыклад вобраз былой вялікай грэшніцы, якая сталася адной з найвялікшых святых, каб нам не ўпадаць у стан паныласці, а звяртацца да Бога з просьбай аб ацаленні нашых душ.
У адным з трапароў сённяшняга канона аўтар, усведамляючы сваю заскарузласць у грахах і духоўнае бяссілле, усклікае да Бога: “Не патрабуй ад мяне годных пладоў пакаяння, бо я знясілены”. Гэта покліч знясіленай грахом душы. Але ў Богу наша надзея, і менавіта Ён зможа нам дапамагчы выйсці з гэтага стану. Пагэтаму пакінем свой “ганарлівы звычай” і папросім у Бога сіл, каб нам годна прайсці не толькі попрышча посту, але і свой жыццёвы шлях, каб унаследаваць Царства Божае ў вечнасці.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч