Асвячэнне царквы ў гонар Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Каралін
10 лістапада 2019 года, Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій, кіроўны архіерэй Гродзенскай епархіі, узначаліў асвячэнне царквы ў гонар Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі ў аграгарадку Каралін і служэнне Боскай літургіі ў ім.
Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, протаіерэй Аляксандр Балоннікаў, благачынны Зэльвенскай акругі і настаяцель прыхода протаіерэй Георгій Субаткоўскі, духавенства епархіі.
Па заканчэнні літургіі Уладыка павіншаваў усіх з нагоды асвячэння храма, выразіў удзячнасць за працу па адбудове святыні і ўручыў узнагароды ўсім тым, хто асабліва спрычыніўся да гэтага.
У часе пропаведзі Уладыка прыгадаў, што традыцыя асвячэння мясціны, прысвечанай Богу, бярэ пачатак яшчэ ў Старым Запавеце. Да прыкладу, сам Гасподзь указваў, як будаваць старазапаветны храм у часы царавання Саламона. Уладыка ў чарговы раз адзначыў, наколькі важна ажыццяўляць клопат пра храм, і, разумецца, клапаціцца пра збавенне ўласных душ, бо менавіта праз духоўнае падзенне людзей Гасподзь папускае чалавечаму роду шматлікія беды, сярод якіх і закрыццё святынь. З гэтай нагоды Уладыка традыцыйна пажадаў, каб храм ніколі не закрываўся.
Да таго, як будынак быў абсталяваны пад храм, ён выкарыстоўваўся як цір і належаў раённаму аддзелу народнай адукацыі. Пасля таго, як будынак быў перададзены на баланс Царквы, айцец Георгій заняўся арганізацыяй яго пераабсталявання. Новаствораная святыня будзе мець статус прыпіснога храма. На пачатку да ідэі стварэння храма ставіліся раўнадушна, але з цягам часу людзі ўсвядомілі патрэбу ў святыні ў сваім населеным пункце і дапамагалі яе адбудове. Адметна, што ў храме ў месным радзе размяшчаюцца старадаўнія і досыць прыгожыя іконы Хрыста і Маці Божай, а на горнім месцы не менш старадаўняя і прыгожая ікона Прасвятой Тройцы. Са слоў айца Георгія, гэтыя іконы, верагодна, паходзяць з разбуранага ў савецкія часы храма ў Беражках.
У нашай епархіі ўсім вядома пра экалагічны маладзёвы злёт, які якраз адбываецца ў Зэльвенскім благачынні. І новаадбудаваная святыня будзе мець самае непасрэднае дачыненне да гэтага злёту, бо ў ім плануецца правядзенне маладзёвых літургій.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч