Боская літургія ў Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы горада Ваўкавыска з нагоды 15-цігоддзя асвячэння храма
17 верасня паводле новага стылю, або 4 верасня паводле старога стылю, Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій узначаліў служэнне Боскай літургіі ў Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы горада Ваўкавыска з нагоды 15-цігоддзя асвячэння храма.
Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, настаяцель храма архімандрыт Васілій Коржыч, благачынны 3-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель Аляксандра-Неўскага храма г.Мiнска, протаіерэй Мікалай Коржыч, благачынны Ваўкавыскай акругі протаіерэй Аляксандар Юзва і духавенства благачыння.
Па заканчэнні літургіі Уладыка павіншаваў прыход з юбілеем асвячэння храма і пажадаў, каб храм яшчэ больш напаўняўся людзьмі. А ўвогуле, найлепшым зычэннем для любога храма ёсць тое, каб ён ніколі не закрываўся.
Так атрымалася, што юбілей асвячэння храма супаў з 70-годдзем настаяцеля. Таму ўладыка сардэчна павіншаваў айца Васілія, выразіў яму найвялікшую ўдзячнасць за гады адданага служэння Богу і людзям і пазычыў яму ўсяго найлепшага.
Насельнікі Ваўкавыска заўсёды вызначаліся набожнасцю, таму храмы Ваўкавыска ніколі не пуставалі. А пасля таго, як згарэў у часе вайны Петра-Паўлаўскі храм, адзіны дзеючы ў Ваўкавыску Свята-Мікольскі не змяшчаў усіх ахвотных памаліцца на набажэнстве. Таму, натуральна, было вырашана аднавіць гістарычную справядлівасць і зрабіць так, каб у Ваўкавыску ўсё ж быў Петра-Паўлаўскі храм, які пазней стане другім кафедральным саборам Гродзенскай епархіі.
Пабудова новага Петра-Паўлаўскага храма пачалася ў 1991 годзе пры непасрэдным удзеле айца Васілія Коржыча, тады настаяцеля Свята-Мікольскага храма. 11 ліпеня, напярэдадні свята першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Філарэт узначаліў урачыстасці з нагоды закладкі камня ў аснову будучага храма. Пад храм была абрана балоцістая мясціна, таму шмат працы было пакладзена на ўмацаванне фундамента будучага храма.
Праект храма стварыў архітэктар Леанід Макарэвіч. Адметна, што будаўніцтва храма працякала ў няпростыя часы для нашай краіны. Гэта была пара перабудовы і адбудовы незалежнай Беларусі. Гэта былі часы эканамічнай нестабільнасці і гіперінфляцыі. Аднак намаганнямі вернікаў храм быў пабудаваны і асвячоны 16 кастрычніка 2004 года. За часы будаўніцтва храма сфарміраваўся моцны прыход, была арганізавана нядзельная школа, якая месціцца ў цокальным паверсе храма.
Так сталася, што за гады будаўніцтва праект храма быў спрошчаны. Паводле пачатковай задумы храм меўся быць пяцікупальны і са званіцай. Для званіцы нават былі набыты званы. Аднак гэты праект не быў спраўджаны з прычыны недахопу матэрыяльных сродкаў. Але цяпер, калі прыход развіваецца, многія прыхаджане выказваюць пажаданне пабудаваць званіцу для свайго храма. Будзем спадзявацца, Бог паспрыяе таму, каб іх надзея спраўдзілася.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч