У храме вескi Сынковічы адбылiся святочныя мерапрыемствы ў гонар Маці Божай
Сёння, 31 жніўня паводле новага стылю, або 18 жніўня паводле старога стылю, у перыяд пасвята Успення, ушаноўваецца Маці Божая дзеля іконы яе «Усецарыца». Ікона была яўлена ў XVII ст. і знаходзіцца ў Ватапедскім манастыры на Афоне.
У канцы ХХ ст. яе спіс быў прывезены ў Маскву ў дзіцячы анкалагічны цэнтр. І Багародзіца явіла там свае цуды: яе святы абраз заміраточыў, а тыя, хто прыходзіў да Багародзіцы з просьбамі праз гэты абраз, атрымліваў ацаленне.
З таго часу па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Аляксія ІІ у Рускай Праваслаўнай Царкве быў устаноўлены адмысловы дзень ушанавання Маці Божай дзеля Яе іконы «Усецарыца» — 18 жніўня паводле старога стылю, або 31 жніўня паводле новага стылю. Праз гэты абраз Багародзіца яўляе шматлікія свае міласці многім людзям, асабліва анкалагічна хворым.
У гэты дзень Высокапраасвяшчэннейшы Ўладыка Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, узначаліў служэнне Боскай літургіі ў храме святога Архангела Міхаіла ў Сынковічах у саслужэнні Праасвяшчэннейшага Веніяміна, епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага, сакратара Гродзенскай епархіі мітрафорнага протаіерэя Анатолія Ненартовіча, мітрафорнага протаіерэя Віталія Антоніка, настаяцеля храма протаіерэя Арсенія Ананкі і духавенства епархіі.
У часе літургіі на запрычасным хор парадаваў усіх прысутных на набажэнстве выкананнем вельмі прыгожых спеваў, прысвечаных Маці Божай дзеля яе слаўнага Успення, а таксама выкананнем псальмаў на беларускай мове дзеля Яе іконы «Усецарыца».
Па заканчэнні літургіі быў Хрэсны ход вакол храма і да святой крыніцы, а пры самой святой крыніцы быў адслужаны акафіст Маці Божай дзеля іконы Яе «Усецарыца».
У часе пропаведзі Ўладыка адзначыў, што Маці Божая, будучы такім самым чалавекам, як і мы, сталася вышэйшай за ангелаў праз сваю чысціню, змірэнне і палымяную любоў да Бога. Яна сталася апякункай усіх хрысціянаў. Яна не пакінула нас, і, пераймаючы чалавекалюбства свайго Адзінароднага Сына, яна яўляла, яўляе і будзе яўляць незлічоныя свае цуды. І так сталася, што Маці Божая яўляе свае міласці праз свае цудатворныя іконы, якіх безліч.
Іконы часта называюцца па тых мясцінах, дзе яны былі яўлены: Жыровіцкая, Каложская, Супраслеўская, Пачаеўская, Казанская, а часам — па тых міласцях, што Маці Божая аказвае чалавеку: “Спаручніца грэшных”, “Усіх тужлівых радасць”, “Радасць і Суцяшэнне”, “Спатоль маю журбу” ды інш.
Ікона, дзеля якой мы сёння ўшаноўваем Маці Божую, носіць назву «Усецарыца». Сапраўды, Маці Божая — наша Усецарыца, бо яе прастол знаходзіцца на грэшнай зямлі, поўнай людскога гора і слёз. Спіс, зроблены на Афоне з цудатворнай іконы Ватапеда, знаходзіцца і ў беларускіх Сынковічах, і праз гэты святы абраз Маці Божая таксама дапамагла, дапамагае і будзе дапамагаць многім людзям.
Вядома, што праз грахоўны лад жыцця Гасподзь папускае чалавеку беды дзеля ўратавання душы. Але Маці Божая ратуе нас ад іх, калі мы гатовы пакласці пачатак пакаянню. І менавіта ў імкненні стаць годнымі Царства Нябеснага няхай дапаможа нам Маці Божая сваімі святымі малітвамі і сваёй уладарнай апекай.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч
Награды по случаю дня памяти иконы Божией Матери «Всецарица»
Медаль Коложской Одигитрии III степени:
- протоиерей Арсений Ананко, настоятель храма
Медаль Коложского Креста III степени:
- иерей Сергий Шумец, клирик храма;
- Хутко Николай Михайлович, пономарь храма.
Архиерейская грамота:
- Романов Александр Сергеевич, пономарь храма.