Паседжанне метадычнага аб'яднання настаўнікаў нядзельных школ Гродзенскай епархіі
6 красавіка 2019 года на базе дамавой царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы на Архірэйскім падвор'е г. Гродна прайшло паседжанне метадычнага аб'яднання настаўнікаў нядзельных школ Гродзенскай епархіі. «Мы сеем насенне» - пад такім дэвізам педагогі вывучалі новыя формы, метады і прыёмы праверкі ведаў у выпускных класах.
На пачатку паседжання ўсіх прысутных прывітаў настаяцель Мікольскага храма іерэй Мікалай Гайдук, напярэдадні свята Звеставання, кажучы аб сучасным падыходзе да нядзельнай школы і асноўных педагагічных задач, адзначыў значнасць двунадзясятага свята для праваслаўных хрысціян.
«Мы натхняем нашых дзяцей любіць Бога і вучым іх, як шукаць волю Божую ў сабе» - казала ў сваім выступе перад удзельнікамі аб'яднання завуч нядзельнай школы Таццяна Іванаўна Сердзюкова, падкрэсліваючы, што, калі дзеці навучаны любіць Бога, усё іншае прыкладзецца ім. (Мц. 06:33). Протаіерэй Міхаіл Велісейчык вызначыў праблемнае поле, паказваючы на важнасць прымянення новых формаў, метадаў і прыёмаў праверкі ведаў у выпускнікоў нядзельнай школы.
Удзельнікам метадычнага аб'яднання быў паказаны ўрок у выпускным класе на тэму: «Двунадзясятае свята» (настаўнік - Ксенія Уладзіміраўна Собаль). У нядзельнай школе «Анёлкі» Мікольскага храма ўжо традыцыйна выпускнікам прапануюць на экзамене абараніць свае праекты па тэме «Двунадзясятае свята».
Праект ствараецца ў электронным выглядзе і дапаўняецца аўтарскім малюнкам, выкананым ад рукі, у розных мастацкіх тэхніках. На ўроку былі прадэманстраваны разнастайныя формы праверкі ведаў вучняў, пры гэтым былі задзейнічаныя сучасныя тэхнічныя сродкі навучання. Пасля ўроку прысутным было прапанавана паўдзельнічаць у гутарцы з элементамі дыспуту «Выпускнікі нядзельных школ у Царкве !?», якую правёў іерэй Аляксандр Рудзінскі. Разглядаліся пытанні:
- чаго бацькі і дзеці хочуць ад Царквы;
- удзел бацькоў вучняў нядзельнай школы ў жыцці парафіі;
- праграма навучання і метадычныя матэрыялы для нядзельнай школы на сучасным этапе: іх актуальнасць і практычнае прымяненне;
- дзе выпускнікі нядзельнай школы цяпер;
- цяжкасці дзіцячай споведзі, у прыватнасці, навучэнцаў нядзельнай школы.
Пасля гутаркі ўсе сабраліся на кава-паўзу, дзе ў нязмушанай і добразычлівай абстаноўцы падзяліліся ўражаннямі і распрацавалі планы на будучыню. Сапраўдным падарункам да свята Звеставання стаў майстар-клас па вырабе віншавальнай паштоўкі з выкарыстаннем мінералаў і горных парод, які правяла Таццяна Іванаўна Сердзюкова.
Святары і педагогі Свята-Мікольскага храма дзякуюць ўсім удзельнікам метадычнага аб'яднання за такі гонар і жадаюць Божай дапамогі ва ўсіх добрых справах.
Іерэй Мікалай ГАЙДУК