Малебен для выпускнікоў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў
30 ліпеня 2018 года, або 17 ліпеня паводле старога стылю, у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы быў адслужаны малебен для выпускнікоў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў з нагоды заканчэння навучання.
Напярэдадні малебна протаіерэй Аляксандр Казакевіч, адказны за работу з праваахоўнымі органамі, правёў экскурсію па саборы для выпускнікоў, распавёў шмат цікавага з гісторыі кафедральнага храма епархіі і з гісторыі яго святынь.
Пасля айцец Аляксандр адслужыў малебен, у часе якога ўзносіліся малітвы за выпускнікоў, аб умацаванні іх у далейшым жыцці і ў прафесійнай дзейнасці. Вядома, што праца служачага ў аддзеле ўнутраных спраў зусім не простая і да ўсяго досыць адказная, таму тут вельмі дарэчы памаліцца і атрымаць Божае благаславенне на гэту нялёгкую працу.
Па заканчэнні малебна айцец Аляксандр звярнуўся да выпускнікоў з пропаведдзю, у якой адзначыў, што Хрыстос ёсць узорам праведнасці і мярылам нашых учынкаў, у тым ліку ў прафесійнай дзейнасці. Менавіта Яго Евангельскімі запаветамі варта кіравацца ва ўсіх сферах нашага жыцця.
Пасля пропаведзі святар благаславіў кожнага выпускніка асабіста на няпросты шлях прафесійнай дзейнасці.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч