У дзень яўлення іконы Божай Маці ў Казані архіепіскап Арцемій узначаліў служэнне Боскай літургіі ў кафедральным саборы Гродно
21 ліпеня, або 8 ліпеня паводле старога стылю, Царква адзначае яўленне іконы Божай Маці ў Казані. У Свята-Пакроўскім кафедральным саборы знаходзіцца спісак з Казанскай іконы Прасвятой Багародзіцы, які таксама праславіўся сваімі цудамі.
З гэтай прычыны гэта асаблівы дзень для саборнага храма. Усім вядома, што гэты абраз Божай Маці па-асабліваму шануецца яшчэ з часоў заснавання нашага храма.
Перад гэтай іконай маліліся і моляцца маладыя пасля вянчання, да Божай Маці ўскладалі і ўскладаюцца кветкі, перад гэтай іконай да Божай Маці ўзносяць свае малітвы і заходнія хрысціяне, калі наведваюць сабор.
Як вядома, ушанаванне Казанскай іконы Божай Маці пачалося пасля 1915 года. Першапачаткова ікона знаходзілася ў Сафійскім саборы. Пры набліжэнні кайзераўскіх войскаў пачалася тэрміновая эвакуацыя насельніцтва з горада, а таксама матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў з Гродна.
Казанская ікона таксама павінна была быць вывезена. Аднак пасля няўдалых спроб ускрыцця ківота (у гэтым быў убачаны провід Божы) было вырашана пакінуць абраз у Гродне. У 1919 годзе ікона была перанесена ў Свята-Пакроўскі сабор. З гэтага часу пачынаецца асаблівае ўшанаванне гэтай іконы.
Таму несумненна, што дзень яўлення Казанскай іконы Божай Маці – асаблівы ў жыцці прыхода і епархіі. З гэтай нагоды Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, узначаліў служэнне Боскай літургіі ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў саслужэнні сакратара епархіі, благачыннага Гродзенскай гарадской акругі, настаяцеля і духавенства сабора. Пасля літургіі быў адслужаны малебен перад Казанскай іконай Божай Маці.
Уладыка ў сваёй пропаведзі адзначыў, што сімвалізм сённяшняга свята ў тым, што Багародзіца з’яўляла цуды ў розных месцах, што Яна ніколі не пакідала чалавечы род без Сваёй дапамогі. Як сведчыць гісторыя нашага, Гродзенскага спіска Казанскай іконы, Божая Маці не пакінула і наш горад без Свайго малітоўнага заступніцтва ў ліхія часы.
Будзем удзячнымі Прасвятой Багародзіцы за тыя цуды, якія яна з’явіла ў жыцці кожнага з нас, за яе пастаяннае заступніцтва, за яе благадатны пакроў, за яе мацярынскую апеку над кожным з нас, грэшных людзей, якіх Яна ўсынавіла пры крыжы і якіх Яна любіць бясконца.
Дзмiтрый ДАЎГАПОЛIК