Саборнае сястрыцтва ў гонар святой праведнай Юліяніі адзначыла дзень сваёй заступніцы
19 ліпеня 2018 года, або 6 ліпеня паводле старога стылю, Царква адзначае памяць святой праведнай Юліяніі, князёўны Гальшанскай. Святая Юліянія нарадзілася ў княжацкай сям’і.
Пра яе зямное жыццё амаль не захавалася ніякіх звестак. Князёўна Юліянія сталася слаўнай дачкой старажытнага роду ўдзельных князёў Дамбравіцкіх-Гальшанскіх, вядомага з канца ХІ ст., нашчадкаў князя Глеба Юр’евіча, праўнука Святаполка-Міхаіла, які ўдзельнічаў у бітве 1184 года, калі быў разбіты хан Канчак.
У ХV ст. Валынь увайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, і з роду Дамбравіцкіх аддзялілася адгалінаванне Гальшанскіх князёў. Смелыя ў баях князі Гальшанскія рабілі шчодрыя ахвяраванні на Кіева-Пячэрскі манастыр, з насельнікамі якога падтрымлівалі і цесныя духоўныя сувязі. Сваіх спадкаемцаў яны выхоўвалі ў набожнасці і міласэрнасці, чытанні святых кніг і паслухмянасці. Князёўна Юліянія акрамя многіх духоўных дабрадзействаў адрознівалася любоўю да кніжнай навукі, павагай да святарства і любоўю да жабракоў. Аднак князёўна пражыла нядоўга: яна памерла ў 16 год і была пахавана ў межах Кіева-Пячэрскай абіцелі, паблізу храма Успення Божай Маці, пра які яна асабліва клапацілася. Дзень памяці святой праведнай Юліяніі аднесены да свята адшукання яе пачэсных мошчаў.
Калі архімандрытам Кіева-Пячэрскага манастыра быў Елісей Плецянецкі (перыяд з 1599 па 1624 гг.), рыхтуючы дол для адной спачылай дзевы, капальнікі натрапілі на пачэсныя мошчы богаўгоднай дзевы Юліяніі, якія пасля былі пакладзены ў Пячэрскім храме. Праз пэўны час архімандрытам Кіева-Пячэрскага манастыра стаў Пётр Магіла, і святая з’явілася яму ў сне, выкрываючы яго грэблівае стаўленне да святых мошчаў і за малавер’е ў адносінах да іх (пасля адшукання мошчы былі пакінутыя ў храме без належнага ўшанавання). Неўзабаве была зроблена новая рака, у якую былі пакладзены святыя мошчы святой праведнай князёўны, быў скліканы ўвесь асвячоны сабор і архіпастыр Кіеўскі, апрануты ў свяціцельскае адзенне, ажыццявіў святочнае маленне, з дзякаваннем Богу, Прачыстай Дзеве Марыі і прападобным айцам Пячэрскім за з’яўленне пачэсных мошчаў святой дзевы. З тых часоў Божай міласцю і малітвамі Святой Юліяніі мошчы гэтыя аказваюць дапамогу кожнаму, хто з багавейнасцю і верай ушаноўвае іх.
У чым святасць Юліяніі? Яна была паслухмянай дачкой сваіх бацькоў, захоўвала сваю цнатлівасць, выконвала запаведзі любові да Бога і блізкіх. Яна наведвала набажэнствы і ўдзельнічала ў жыцці Царквы. Дзяўчына дасягнула вышынь, якіх не дасягалі многія людзі, што пражылі шмат гадоў. Богу няма розніцы, колькі год чалавек пражыў на зямлі. Галоўнае – як ён пражыў гэтыя гады. І святая дзева Юліянія паказвае, што простым хрысціянскім жыццём можна дасягнуць вялікіх вышынь, прытрымліваючыся запаведзяў, якія ўсім вядомыя. І менавіта ў яе вобразе адлюстроўваецца памяць пра многіх беларускіх жанчын-хрысціянак, якія неслі і якія нясуць свой хрысціянскі подзвіг.
Менавіта таму ў гонар гэтай беларускай святой арганізавана саборнае сястрыцтва, таму несумненна, што гэта асаблівы дзень у жыцці прыхода Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г.Гродна. Напярэдадні ў саборным храме было адслужана вячэрняе поліялейнае набажэнства, а ў сам дзень памяці святой адбылося святочнае служэнне Боскай літургіі, якое ўзначаліў духаўнiк сястрыцтва протаіерэй Уладзімір Барысевіч. У часе набажэнства ўзносіліся малітвы за саборнае сястрыцтва. Пасля літургіі быў адслужаны малебен Божай Маці і святой Юліяніі.
Дзейнасць сястрыцтва займае сур’ёзную нішу ў жыцці прыхода. Саборнае сястрыцтва ажыццяўляе апеку пра старых прыхаджан, а таксама рэгулярна дапамагае ў прыбіранні храма напярэдадні найбольш важных святаў, рэгулярна прысутнічае на набажэнствах, нядзельных, святочных і штодзённых, сочыць за парадкам у храме ў часе набажэнстваў, прымае чынны ўдзел у арганізацыі прыходскіх святаў. Няхай Гасподзь умацуе нашых жанчын, што ўваходзяць у сястрыцтва, і надалей працягваць служэнне пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, хай гэта служэнне будзе на ратаванне сясцёр і ў славу Божую.
Протаіерэй Уладзімір БАРЫСЕВIЧ