Сустрэча з фальклорным гуртом "Жэмэрва" (Польшча) адбылася ў Пакроўскім саборы
20 красавіка 2018 года ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна зладзілі творчую сустрэчу з фальклорным гуртом "Жэмэрва" (Польшча, мастацкi кiраўнiк – Ганна Фiёнік).
Унутраны двор прыходскага дому па вуліцы Акадэмічная 2 на некаторы час ператварыўся ў канцэртна-танцавальную пляцоўку для знаёмства.
У пачатку свята настаяцель храма протаіерэй Георгій Рой з радасцю павітаў гасцей, святароў і прыхаджан сабора.
Фальклорная лабараторыя "Жэмэрва" пазнаеміла тых, хто прыйшоў з культурай і традыцыямі праваслаўных беларусаў Падляшша, з тым творчым матэрыялам які калектыў збiрае, сiстэматызуе i выконвае. "Жэмэрва" дзейнічае пры прыватным Музее Малай Бацькаўшчыны ў Студзіводах. У горадзе 5 праваслаўных храмаў, шмат вернiкаў праваслаўнага веравызнання. Суправаджаў гасцей протаіерэй Хрыстафор Вайтешук, клірык Пакроўскай царквы горада Бельск Падляскі.
Пасля канцэрта маладзёжнае брацтва Пакроўскага сабора арганізавала для гасцей азнаямленчы шпацыр па Гродна. Развітваючыся, хлопцы і дзяўчаты дамовіліся аб наступнай сустрэчы ўжо на тэрыторыі Падляшша.
Мікалай БАЙДА, фота: Таццяна РОГАВА