У Сусветны дзень паэзіі святар і моладзевае брацтва Пакроўскага сабора зладзілі прэзентацыю і вечарыну паэтычнага зборніка
21 сакавіка 2017 года, у Сусветны дзень паэзіі, у зале пасяджэнняў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага” адбылася прэзентацыя зборніка вершаў “Каложскі Дабравест”.
Клірык Свята-Пакроўскага сабора іерэй Павел Каспяровіч і іншыя аўтары сустрэліся з навучэнцамі і супрацоўнікамі адукацыйных устаноў абласного центра. Больш за 30 экземпляраў выдання было перададзена ў школьныя бібліятэкі.
Увечары свята прадоўжылася ў актавай залі кафедральнага сабора. Айцец Павел і паэт Анатоль Брусевіч правялі тэматычную бяседу з чальцамі моладзевых брацтваў гродзенскіх храмаў, адказалі на пытанні, пазнаемілі слухачоў са сваімі вершамі, досведам творчай працы і асаблівасцямі натхнення.
Гродзенскія паэты адзначылі, што адным з галоўных матываў стварэння зборніка "Каложскі Дабравест" стала неабходнасць даць сучаснаму чытачу прыклад сапраўднай, якаснай паэзіі і добрага літаратурнага густу.
Паэтычны зборнік “Каложскі Дабравест” выдадзены па благаслаўленні Высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага.
Нагадаем, што ў кнігу ўвайшлі вершы адзінаццаці паэтаў – удзельнікаў штогадовых літаратурных сустрэч у межах Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі дабравест». Сярод аўтараў – як вядомыя беларускія пісьменнікі, так і маладыя творцы, якія толькі робяць першыя крокі ў прафесійнаым мастацтве.
Аўтары паэтычнага зборніка:
- Вольга Агапонава – паэтка, празаік, аспірант Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.
- Алена Бабіч – паэтка, журналістка, дызайнер, галоўны рэдактар праваслаўнага часопіса “Пакаленне”.
- Данута Бічэль – паэтка, эсэістка, перакладчыца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы.
- Анатоль Брусевіч – паэт, перакладчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
- Голуб Юрка – паэт, перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі Імя Аркадзя Куляшова.
- Зніч (Алег Бембель) – паэт, публіцыст, насельнік Свята-Жыровіцкага манастыра.
- Павел Каспяровіч – паэт, клірык Гродзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора.
- Андрэй Мельнікаў – паэт, бард.
- Аліна Паўлоўская – паэтка, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
- Галіна Самойла – паэтка.
- Вікторыя Смолка – паэтка, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Айцец Павел на радые МФМ. Размова пра паэтычны зборнік і падрыхтоўку да Пасхі:
Мікалай БАЙДА