У Пакроўскім саборы адбылася вечарына-прэзентацыя зборніка паэзіі «КАЛОЖСКІ ДАБРАВЕСТ»
7 лютага 2017 года на паэтычнай вечарыне ў актавай зале Гродзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора святар іерэй Павел Каспяровіч і яшчэ 10 паэтаў-ўдзельнікаў штогадовых літаратурных сустрэчаў Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў прэзентавалі зборнік паэзіі «КАЛОЖСКІ ДАБРАВЕСТ».
Сярод аўтараў – як вядомыя беларускія пісьменнікі, так і маладыя творцы, якія зладзілі выдатны паэтычны марафон якаснага беларускага слова:
- Вольга Агапонава – паэтка, празаік, аспірант Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.
- Алена Бабіч – паэтка, журналістка, дызайнер, галоўны рэдактар праваслаўнага моладзевага часопіса “Пакаленне”.
- Данута Бічэль – паэтка, эсэістка, перакладчыца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы.
- Анатоль Брусевіч – паэт, перакладчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
- Голуб Юрка – паэт, перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі Імя Аркадзя Куляшова.
- Зніч (Алег Бембель) – паэт, публіцыст, насельнік Свята-Жыровіцкага манастыра.
- Павел Каспяровіч – паэт, клірык Гродзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора.
- Андрэй Мельнікаў – паэт, бард.
- Аліна Паўлоўская – паэтка, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
- Галіна Самойла – паэтка.
- Вікторыя Смолка – паэтка, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Некаторыя вершы таленавіта прагучалі ў выкананні барда Андрэя Мельнікава і рок-спявака Алеся Дзянісава:
Асаблівай шчырасцю і любоўю да радзімы і мовы прагучалі вершы, ўспаміны Дануты Бічэль пра Гародню, дзе сустракаліся з Караткевічам, Броўкай, Быкавым, пра "сустрэчу" са Скарынам у Полацку, ды інш:
Таксама ў гэты дзень удзельнікі вечарыны і аўтары выдання «КАЛОЖСКІ ДАБРАВЕСТ» прадставілі свае творы студэнтам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Мікалай БАЙДА
СМІ пра падзею:
БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ:..Пра творчую супрацу праваслаўнай Царквы й паэтычнага цэху Гародні кажа паэт Анатоль Брусэвіч – укладальнік кнігі: "Усё нараджалася з сяброўства паміж мной і айцом Паўлам Каспяровічам. У нас даўно ўзнікла ідэя падвышаць ровень агульнай культуры ў літаратурным плане ў гарадзенцаў, прывіваць літаратурныя густы. Вось гэтая ідэя паступова рэалізоўвалася праз розныя мерапрыемствы, праз паэтычныя спатканні і нарэшце вырасла да зборніка. І паколькі я з’яўляюся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, а айцец Павал прадстаўле праваслаўную царкву, то атрымалася супраца нібыта паміж Епархіяй і Саюзам беларускіх пісьменнікаў." (Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.)
Навіна будзе дапаўняцца.