Прастольнае свята ў Лунна
7 ліпеня, або 24 чэрвеня паводле старога стылю, у дзень Нараджэння Святога Прарока, Прадцечы (Папярэдніка) і Хрысціцеля Гасподняга Іаана, Луненская парафія адзначала прастольнае свята.
З гэтае нагоды адбылося ўрачыстае служэнне Боскай літургіі, што ўзначаліў Ўладыка Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, у саслужэнні протаіерэя Анатолія Ненартовіча, сакратара Гродзенскае епархіі, а таксама настаяцеля храма іерэя Аляксандра Свістуна.
Падчас сваего казання Ўладыка Арцемій звярнуў увагу на важнасць для ўсіх хрысціянаў тае вялікае падзеі, што адзначаем мы ў гэты дзень. Са словаў Ўладыкі, Іаан Хрысціцель быў тым, хто абвясціў пакаянне: “Пакайцеся, бо наблізілася Царства Божае”. Гэты заклік быў актуальны тады, у Евангельскія часы, актуальны ён і сёння. Уладыка адзначыў, што хрысціянам варта пазбягаць фармальнае споведзі кшталту “справай, словам, думкай”, а па мажлівасці старацца ацэньваць кожны свой учынак з гледзішча Божых запаведзяў і прыносіць шчырае пакаянне Богу. Пакаянне – то ачышчэнне, якое набліжае нас да Бога, і яно адбываецца тады, калі мы не паўтараем ранейшых злых учынкаў.
Пасля набажэнства адбыўся Хрэсны ход. На свяце былі жыхары не толькі мястэчка, але і вёсак, што адносяцца да Луненскае парафіі: Машталераў, Стральцоў, Няцечаў, Жылічаў, Хамічоў, Камянчанаў, Мінявічаў, Мяшэтнікаў ды інш. На гэта парафіяльнае свята ў местачковы храм з’язджаюцца і дзеці старых жыхароў мястэчка і навакольных вёсак.
Зьмiцер ДАЎГАПОЛIК