У Свята-Пакроўскім саборы адбылася паніхіда на спачын душы Ніла Гілевіча
1 красавіка у пятніцу у 16.00 у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы г.Гродна адбылася паніхіда на спачын душы народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, якi памёр вечарам 29 сакавіка на 85-м годзе жыцця. Настаяцель і святары кафедральнага сабора, пісьменнікі і гараджане ўшанавалі сумеснай малітвай памяць пісьменніка.
Настаяцель Свята-Пакроўскага сабора протаіярэй Георгій Рой:
Дзе па роднай зямлі ні крочыў –
Скрозь – ад Прыпяці да Дзьвіны –
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.
Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сьніў аб Радзіме сны –
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.
I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.
О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны –
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.
Пахавалі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча на Кальварыйскіх могілках у Мінску 1 красавіка 2016 года побач з жонкай Нінай Іванаўнай.
Мікалай БАЙДА