У каложскім прыходзе дзяцей будуць вучыць догляду за жывёламі
У Гродне ў каложскім прыходзе зладзілі адкрыццё невялікага жывога кутка. Маленькім вернікам распавялі цікавосткі пра чарапах, трусоў, рыбак, павучылі рабіць экалагічныя торбы, а таксама далі парады, як можна святкаваць Божае нараджэнне больш экалагічна.
Сябра арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Руслан Шайкін правёў экскурсію для дзетак па жывым кутку. Старэйшыя дзеці з цікавасцю слухалі навуковыя факты пра насельнікаў кутка: дзікага трусіка, джунгарскіх хамякоў, рыбак гупі і чырвонавухіх чарапах. Найбольшую цікавасць у малодшых выклікалі гарэзлівыя хамячкі і трусік, якога дзеці маглі пагладзіць і патрымаць на руках.
Па словах настаяцеля Каложскай царквы Аляксандра Балоннікава, куток стварылі, каб навучыць маленькіх прыхаджан клапаціцца пра жывёл.
- Усё жывое на зямлі – гэта справа рук Божых, і калі Царква служыць Богу, то яна павінна клапаціцца пра кожнае стварэнне. У першую чаргу яе намаганні скіраваныя на вяршыню стварэння – чалавека. Але нягледзячы на сваю перавагу, людзі, рыхтуючыся да святаў, у пагоні за зніжкамі становяцца часам горшымі за жывёл. Чалавек павінен умець кіраваць сабой, павінен не толькі браць, але і аддаваць. Праз любоў да братоў нашых малодшых і клопаты пра іх мы вучымся кіраваць сабой.
Пасля экскурсіі дзеці разам з дарослымі ўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе экалагічных торбаў. Меншыя выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання трафарэты, старэйшыя спрабавалі дадаць уласны ўзор.
Пра тое, як святкаваць Божае нараджэнне, не нашкодзіўшы навакольнаму асяроддзю, распавялі прыхаджанам менеджар рэспубліканскага сацыяльна-экалагічнага грамадскага аб’яднання “Жывое партнёрства” Ларыса Якавюк і спецыяліст па кірунку “Царква і ахова навакольнага асяроддзя” Цэнтра экалагічных рашэнняў Сяргей Юшкевіч. Спецыялісты параілі набываць толькі патрэбныя, лепш за ўсё максімальна экалагічныя, рэчы для святкавання. Таксама звярнулі ўвагу вернікаў, што лепшымі падарункамі з’яўляюцца нематэрыяльныя або створаныя ўласнаручна рэчы. Тое, што больш экалагічна набыць жывую елачку на рынку, чым штучную з пластыку, стала адкрыццём для прысутных. Нядаўна ў Мінску адкрылі два кантактныя звярынцы ў гандлёвых цэнтрах. Дзеці могуць туды прыйсці і пэўны час пабыць побач з козлікамі ды іншымі жывёламі, пагладзіць іх. Абаронцы жывёлаў разам з часткай грамадства ўбачылі ў такіх звярынцах небяспеку – як для жывёл, так і дзяцей.
Ці няма парушэння інтарэсаў жывёл і небяспекі для дзяцей у жывым кутку ў Гродне, мы спыталі ініцыятара стварэння жывога кутка ў каложскім прыходзе Сяргея Юшкевіча: - Мы раіліся з біёлагамі і падабралі такія віды жывёл, якія не патрабуюць спецыяльнага догляду і якія падвяргаюцца найменшаму ўздзеянню чалавека. Па гэтай прычыне жывы куток утрымлівае невялікую колькасць жывёл. Людзі заўсёды імкнуцца мець хатняга гадаванца, і адвучыць іх ад гэтага вельмі складана. Мы стварылі жывы куток не толькі для нагляднасці падчас заняткаў у нядзельнай школе. Наша мэта паказаць, якіх жывёл можна ўтрымліваць у хатніх умовах, як правільна іх даглядаць, каб яны не гінулі. Мы правялі інструктаж аб правільным доглядзе для тых, хто будзе клапаціцца пра гэтых жывёл. Таксама пакінулі свае кантакты, каб дзеці, якія жадаюць мець хатняга гадаванца, маглі звярнуцца да нас за кансультацыяй. Бо часам нават у краме даюць няправільную інфармацыю. Больш выгадна прадаць высокі, а не доўгі акварыум для чарапахі. У выніку гэта можа прывесці да гібелі жывёлы. - Дзецям трэба прывіваць любоў да жывёл, - кажа Наталля, валанцёрка Гродзенскага грамадскага аб’яднання абароны жывёл “Адданае сэрца”. - Ці можна гэта зрабіць у тэорыі, без практыкі? Думаю, не. Калі жывёлы ўтрымліваюцца ў адпаведных умовах і іх правільна даглядаюць, то што перашкаджае трымаць іх дома ці ў жывых кутках дзіцячых устаноў? Мы ведаем, што ёсць нават спецыяльная жывёльная тэрапія для дзяцей, напрыклад іпа- ці дэльфінатэрапія. Да таго ж у дзяцей добра развіваецца маторыка, калі яны гладзяць жывёл. Ды і самі жывёлы любяць ласку.
Жывы куток і іншыя мерапрыемствы арганізаваныя ў межах удзелу Каложскага прыходу ў праекце экалагічнага менеджменту ў царкоўных арганізацыях.