Главная » Новости » 2015 » 09 » 05 » Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у Шчучын

Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у Шчучын

5 сентября 2015 года. Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у ШчучынНепагасную Лампаду з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга прынеслі ў наш горад удзельнікі 22-ой рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, якая 2 верасня рушыла ў шлях ад галоўнага храма краіны – Свята-Духава кафедральнага сабора ў сталіцы. Адмераўшы сотні кіламетраў па тэрыторыі трох абласцей, гэта экспедыцыя становіцца духоўнай часцінкай і святым сімвалам прыгожага дзейства – Дня беларускага пісьменства, які прымае Шчучын.

На памежжы Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў паломнікаў хлебам-соллю сустракалі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Г.С. Хвядзюк, Благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк, прадстаўнікі грамадскасці.

Нізка пакланілася залацістаму шчучынскаму караваю, прыняўшы яго ў рукі, нязменны кіраўнік экспедыцыі – пісьменніца, журналіст Ніна Загорская. Гэта вядомая ў краіне жанчына стаіць ля вытокаў “Дарогі да святыняў”, яна – лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Духоўным кіраўніком зкспедыцыі з’яўляецца Уладыка Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі.

- Прыехалі на шчучынскую сталічную зямлю – ад сталіцы да сталіцы, -- адзначыла Ніна Сямёнаўна Загорская. – Гэты сонечны каравай – як сонца. Гасподзь жа свеціць усім, і нам засвяціў. Гэта сонца вашых розумаў светлых, вашай стваральнай працы.  Жадаю усім здароўя духоўнага і фізічнага, шчасця ва ўсіх вымярэннях і Божай благадаці над усімі справамі. Дзякуй, што вы нас сустракаеце, што дасце падыхаць гэтым цудоўным паветрам. Як сказала матушка Гаўрыіла, калі ідзе хрэсны ход, то Гасподзь адкрывае нябёсы.

Ганна Станіславаўна Хвядзюк цёпла прывітала ўдзельнікаў экспедыцыі ад імя кіраўніцтва Шчучынскага раёна:

- Я вельмі рада, што разам з вялікім святам – Днём беларускага пісьменства -- у сталіцу гэтага свята – горад Шчучын прыйшоў, дарэчы, ужо ў другі раз, Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга. Я веру і ведаю, што гэты агонь разам з цеплынёй вашых душ прынясе ў наш раён, на нашу Гродзеншчыну як мага больш дабрыні, цеплыні і духоўнасці. Я ведаю, што гэта ўсё распаўсюдзіцца і на нашу любімую краіну.

Айцец Сергій Гардун, протаіерэй Свята-Духава кафедральнага сабора ( ён з’яўляецца галоўным захавальнікам Благадатнага агню),благаславіў усіх цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконай Пакрову Прасвятой Багародзіцы.

У складзе экспедыцыі людзі розных прафесій і заняткаў – вучоныя, святары, пісьменнікі, артысты і журналісты, прадстаўнікі дзяржустаноў. У прыватнасці, духоўнае шэсце прывяло ў Шчучын народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч, пісьменніка Анатоля Бутэвіча, паэтаў Міхася Башлакова і Вадзіма Спрынчана, супрацоўніцу Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзію Шагойка, а таксама многіх іншых дастойных грамадзян нашай Беларусі. Пяцідзённая “Дарога да святыняў” – своеасаблівы хрэсны ход -- з’яднала гэтых людзей, на сваім шляху яны абавязкова збочвалі да храмаў, дзе адбываліся малебны, наведвалі ўстановы адукацыі і сацыяльныя ўстановы, ахвотна сустракаліся з жыхарамі, моладдзю і школьнікамі, каб расказаць аб вялікай сіле Благадатнага агню.

Удзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі адразу з дарогі спыніліся ля храма Святога Архангела Міхаіла ў Шчучыне, дзе іх шчыра сустрэлі і прывіталі вернікі, што з радасцю і надзеяй прыйшлі сустрэць Благадатны агонь.

Усе разам яны прайшлі хрэсным ходам вакол царквы і прынялі ўдзел у малебне, а таксама запалілі свечкі ад Непагаснай Лампады з Благадатным агнём. Старанна ахоўваючы ад ветру маленькія духоўныя агеньчыкі, разышліся шчучынцы ў свае дамы і кватэры, каб не проста асвяціць ім жыллё -- каб запаліць і ўмацаваць у сэрцах агеньчык духоўнасці, веры, радасці і надзеі.

У гэты ж вечар удзельнікі “Дарогі да святыняў” падзяліліся на некалькі груп і правялі заняткі для выхаванцаў двух нядзельных школ, выступілі ў сельгасліцэі перад членамі праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”, душэўна пагутарылі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў ў г.п. Астрына. Ішла размова пра нябеснае і зямное: аб еднасці святла Божага з ведамі, якія нясуць чалавеку навука і культура, аб тым, што вытокі беларускага пісьменства непарыўна звязаны з хрысціянствам. Разважалі над тым, як важна сёння шукаць Божай дапамогі ў жыцці.

У тэму

Па традыцыі навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” папярэднічае Дню беларускага пісьменства і завяршае шлях у горадзе, названым сталіцай вялікага свята. Адна з галоўных яе мэт – духоўная асвета, збліжэнне свецкай і царкоўнай культур.

 На маршруце экспедыцыі сёлета былі: Мінск – Святое Поле (месца з’яўлення ў 1983 годзе Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, праслаўленай Сінодам БПЦ у 2000 годзе, Адзігітрыі (Шляхаводніцы) экспедыцыі) каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна, гарады Баранавічы і Івацэвічы, пасёлак Першамайскі, в. Малеч Бярозаўскага раёна і г.Пружаны Брэсцкай вобласці. На Гродзеншчыне экспедыцыя рабіла духоўныя прыпынкі ў г. Свіслач, г.п. Бераставіца, г.Гродна, аг. Верцялішкі і г.Скідзель.

Непагасная Лампада з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга пранесена сёлета па дарогах Беларусі ў 22-гі раз.

Па традыцыі экспедыцыя заўжды заходзіць на Святое Поле ля невялікай вёсачкі Загор’е ў Баранавіцкім раёне.

Таццяна ПАЛУБЯТКА
Фота аўтара

5 сентября 2015 года. Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у Шчучын
5 сентября 2015 года. Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у Шчучын
5 сентября 2015 года. Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у Шчучын
5 сентября 2015 года. Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у Шчучын
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut