Главная » Новости » 2015 » 04 » 01 » У Гродзенскім дзяржаўным музеi гісторыі рэлігіі адбылося адкрыццё выставы “Сонца Вялікадня”

У Гродзенскім дзяржаўным музеi гісторыі рэлігіі адбылося адкрыццё выставы “Сонца Вялікадня”

1 красавіка 2015 года ў будынку УК “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі” адбылося адкрыццё выставы “Сонца Вялікадня”. У адкрыцці прымаў удзел клірык прыхода храма Сабора ўсіх Беларускіх Святых іярэй Дзмітрый Ляўчук.

Удзелнікі выставы даведаліся аб гісторыі свята, аб тым, калі і як яго пачалі святкаваць на Беларусі, а самае галоўнае – аб яго значэнні для кожнага веруючага чалавека. Супрацоўнікі музея асабліва падкрэслілі думку аб тым, што хрысціяне вераць у тое, што сваёй смерцю на крыжы і сваім змёртвыхпаўстаннем Гасподзь Ісус Хрыстос выратаваў усіх вернікаў ад рабства д’яблу і ад вечнай смерці.

У межах адкрыця выставы прагучаў расказ аб тым, як сустракалі Хрыста перад жудаснымі падзеямі, як прайшлі апошнія дні Яго зямнога жыцця, як Ісус памёр на крыжы, хто здымаў Яго цела, як адбылося пахаванне і якім чынам жанчыны ад анёла даведаліся аб тым, што Хрыстос уваскрос у адпаведнасці з Евангеллем.  

На выстаўцы свята Вялікадня адлюстравана рознымі відамі мастацтваў: абразамі, вышыўкай, гравюрамі, барэльефам. Галоўнае месца займаюць абразы “Сашэсце ў пекла – Уваскрэсенне”, “Уваскрэсенне”.

Сашэсце Ісуса Хрыста ў пекла ў евангелістаў прама не апісваецца, існуюць толькі асобныя ўзгадванні аб Яго знаходжанні там. Уваскрэсенне Хрыстова, згодна з Пісаннем, не назіраў ніхто, у сувязі з гэтым абразы Уваскрэсенне – Сашэсце ў пекла належаць да сімвалічных выяў.

Выступаючыя надалі вялікую ўвагу таму, што Божай славе Уваскрэслага Госпада адпавядае і асаблівая ўрачыстасць богаслужэння. З апостальскіх часоў царква праводзіць Пасхальнае набажэнства ўночы. Апоўначы пачынаецца Хрэсны ход, які суправаджаеца харугвамі, абразамі і сумным спевам. Пасля Хрэснага ходу ўся цемра ўзрушваецца моцным усклікам святара: “Хрыстос Уваскрэс”, – і пачынаецца святочнае спяванне хора, якое адлюстроўвае ўсю ўрачыстасць падзеі.

Удзельнікі выставы мелі магчымасць пазнаёміцца і з велікоднымі традыцыямі. Гэта і фарбаванне яек, і выпяканне пірага, і велікодныя гульні, і віншаванне адзін аднаго святочнымі паштоўкамі. З гэтай нагоды былі прадстаўлены бабачнік для пасхальнага пірага, форма для тварожнай пасхі, пісанкі, драпанкі, жолаб для катання яек, паштоўкі.

Напрыканцы сустрэчы да яе ўдзельнікаў звярнуўся святар Дзмітрый Ляўчук, які сардэчна павітаў усіх з адкрыццём такой значнай для хрысціян выставы, і выказаў падзяку супрацоўнікам музея за яе арганізацыю. У сваім звароце да ўсіх прысутных айцец Дзмітрый падкрэсліў наколькі важна данесці сутнасць свята Вялікадня да падрастаючага пакалення і моладзі. Гэта магчыма здзейсніць толькі тады, калі бацькі будць прымаць актыўны ўдзел у гэтай справе. Нажаль, вялікая колькасць дарослых людзей, якія маюць ужо сваіх дзяцей, не ведае сутнасці гэтага галоўнага для хрысціян свята. У найлепшым выпадку частка грамадства выконвае толькі некаторыя традыцыі  і нават не разбіраецца, што яны значаць. Агульнымі намаганнямі трэба пастарацца вырашыць гэтую праблему, у тым ліку дзякуючы і даннай выставе.

Святар прапануе ўсім вернікам і тым, хто неабыякава адносіцца да сваёй гісторыі, наведаць выставу “Сонца Вялікадня”, якая будзе прадстаўлена у музеі да сярэдзіны мая.     

Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut