Вечарыны духоўнай паэзіі
Творчых людзей не існуе. Бо сам факт стварэння чалавека ўздзеяннем Боскай Волі сведчыць пра тое,што нават словы ці фразы, якія мы хочам вымавіць, – не што іншае, як праява ў нас творчых пачаткаў і здольнасцяў. І так ,вырашылі: творчых людзей не існуе. Аксіёма.
Вечарыны духоўнай паэзіі - гэта ні ў якім разе не неабходнасць, але без вершаваных малітваў, споведдзяў, памкненняў, летуценняў немагчыма ўявіць чалавека, асабліва таго, хто займаецца гэтым прафесійна - вучыцца дасканала выказваць свае думкі і пачуцці пры дапамозе метафары, рытмаў, рыфмаў і г.д…
Чарговым «ў нашай прамоклай Гародні» з’явіўся музыкальна-паэтычны фэст ў межах міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі благавест».
Гучала мова.. гучала Слова…І рускае, і беларускае. «З мовы ня трэба рабіць палітыканства, трэба прымаць яе як Божы дар. Мовай трэба зачараваць. Кожнай мове Бог даў сваю красу, як кожнай музычнай танальнасці сваё гучанне», - калісьці сказаў брат інак Мікалай, а сёння манах Іаан Бембель, паэт, насельнік Свята-Успенскага (Жыровіцкага) манастыра.
Сваімі новымі вершамі пра стварэнне Сусвету, пра захаванне Божых запаведзяў ў жыцці, пра Любоў да Бога і да бліжняга брат Іаан падзяліўся са сваімі слухачамі і на сённяшняй імпрэзе.
Удзельнікамі паэтычнай сустрэчы сталі таксама святар Павел Каспяровіч, клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора; Вольга Агапонава, магістр філалагічных навук, аспірант кафедры рускай і замежнай літаратуры ГрДУ им.Я. Купалы; Алена Бабіч, галоўны рэдактар часопіса «Пакаленне»; Анатоль Брусевіч, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГрГУ ім Я. Купалы, кандыдат філалагічных навук; Святлана Іванова, прыхаджанка храма ў гонар Свяціцеля Лукі (Война-Ясенецкага); Галіна Самойла, прыхаджанка храма ў гонар Свяціцеля Лукі (Война-Ясенецкага), сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі; Святлана Якімава, паэтка, выпускніца гістфака ГрДУ імя Я. Купалы.
Вакальна-інструментальны дуэт студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Я.Купалы выканаў раманс «Кельля - зорка» (Андрэй Дактароў - вакал (клас дацэнта Р.Л.Левінай); Дзмітрый Харошка - гітара (клас ст.выкладчыка У.І. Захарава), лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі; сл. Зьніч - манах Іаан Бембель, муз.У. Захараў)
Вольга АГАПОНАВА