Пасхальнае пасланне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавысскага Арцемія
Хрыстос Сапраўды Ўваскрос! Гэта азначае, што ісцінна ўсё тое, чаму Ён вучыў. Існуе вышэйшая справядлівасць, дабро і вечнае жыццё. З моманту Хрыстова Ўваскрасення ўсё гэта становіцца рэальнасцю. З Уваскрасеннем Хрыстовым у свет прыходзіць сапраўдная свабода, якая становіцца асноваю жыцця Царквы. Царква ніколі не збочыць з таго шляху, якім прайшоў яе Заснавацель. Хрыстос дайшоў да Крыжа не змяніўшы Сваёй справе ўзвяшчаць Божую праўду і адчыняць людзям дзверы выратавання. Тое самае павінна здзяйсняць і Царква Божая, не паддаючыся аніякім спакусам, пагрозам, падману, паклёпам, аніякаму жаданню магутных сілаў гэтага свету прапанаваць ёй іншы шлях, заняць тую ці іншую палітычную пазіцыю.
Вызваленне чалавека ў Хрысце выклікае страх у тых, хто супрацьстаіць прысутнасці Бога на зямлі. Але ўсё гэта яшчэ болей і болей усвядамляе веруючых, наколькі ёсць каштоўным гэты дар Хрыстовай свабоды, наколькі ён прыўзыходзіць усе чалавечыя выдумкі.
Шлях Царквы асвечаны святлом Хрыстова Ўваскрасення! Пасха Хрыстова – гэта перамога над смерцю. Бог ёсць жыццё і крыніца жыцця, а гэта азначае, што жыццё у поўным сэнсе існуе толькі там, дзе Бог. Хрыстос Сваім Ўваскрасеннем зрабіў магчымым далучэнне чалавека да Бажэственнага Жыцця. Гасподзь перамог смерць дзеля таго, каб нас ўсіх, без выключэння, злучыць з крыніцаю Вечнага Жыцця – з Богам. Смерць на зямлі цяпер для нас не страшная; яна – сон, яна – успенне. У самой смерці мы сустракаем Хрыста. Ён смерць пераўтварыў у сустрэчу з Сабою. Таму мы, хрысціяне, не баімся больш нікога, хто ў нас можа адняць зямное жыццё. У Хрысце мы валодаем вечным жыццём.
Царства Божае прыходзіць кожны раз – у сіле, святле і перамозе - калі я, калі кожны веруючы выносіць яго з царквы і ім пачынае жыць ў сваім жыцці.
Няхай жа радасць Пасхі дасягне праз нас сэрцы ўсіх людзей!
С Пасхай Гасподняй! Сапраўды ўваскрос Хрыстос!
Гродна, 2014