Хронiка фестывалю «Каложскi дабравест». Пазаконкурсны паказальны канцэрт у музычным каледжы
Сёння ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы прайшлі першыя конкурсныя слуханні харавых калектываў. Вечарам у музычным каледжы адбыўся пазаконкурсны паказальны канцэрт. Сваю творчасць прадставілі два калектывы з Расіі - хор Ніжагародскага праваслаўнага жаночага духоўнага вучышлішча і хор студэнтаў Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Н.Г. Жыганава. Хор з Ніжняга Ноўгарада выканаў спевы у партэсным і знаменным царкоўных стылях. Таксама прагучалі свецкія творы патрыятычнага характару. Асаблівыя воплескі публікі выклікала песня пра святую Русь.
У выкананні хора Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі таксама прагучалі песні духоўнага і свецкага характару. Бурныя авацыі публікі выклікала песня на татарскай мове і лёгкая завадная песня “Вейся, вейся, капустка”. Адмыслова да прыезду на фестываль хор развучыў і выканаў беларускую народную песню “Ой, дубе, мой дубе”.
Як стала вядома перад канцэртам, трэці канкурсант - акадэмічны хор імя Платона Майбарады Нацыянальнай Радыёкампаніі Украіны - пакуль не прыехаў. Іх выступ чакаецца ў пятніцу.
Усе хоры, якія выступалі на канцэрце, будуць заўтра ўдзельнічаць ў конкурсных слуханнях. Але як мы даведалися ад саміх удзельнікаў, для іх гэта не самае галоўнае.
“Для нас галоўнае не сябе паказаць, а каб людзі нейкім чынам да Бога звярнуліся, нашая задача несці малітву, - кажа адна з рэгентаў ніжагародскага хору Таццяна Кастрова. - Узгадваю выпадак, як мы выступалі ў Іванаве. Праграма у асноўным складалася з кантаў і песень, было некалькі богаслужэбных спеваў. І вось, паслухаўшы канты, да нас падышла жанчына і падзякавала. Сказала, што пачуўшы нашую музыку, ёй захацелася пайсці ў храм, дзе яна даўно не была, і паставіць свечку”.
Інга МАРМЫШ