“Iду сцяжынаю да Бога”. Прэзентацыя кнігі Дануты Бічэль
7 красавіка, у свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, у царкве ў гонар свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага пры Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы адбылася творчая сустрэча з беларускай паэткай, Лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (за зборнік вершаў “Дзе ходзяць басанож”, 1983) Данутай Бічэль. Пісьменніца не першы раз адклікаецца на запрашэнні айца Аляксандра Хомбака і прыходзіць у храм, каб падзяліцца сваімі думкамі, сваёй творчасцю з вернікамі.
Сёння, пасля Літургіі, упершыню ў Горадні адбылася прэзентацыя кнігі “Iду сцяжынаю да Бога”, якая была выдадзена да 75-гадовага юбілею паэткі. Гэта своеасаблівы зборнік вершаў-малітваў, прасякнутых шчырасцю, любоўю да роднай зямлі, надзеяй на яе духоўнае адраджэнне. Гэта высокая паэзія, якую хочацца слухаць, дакранацца да духоўных глыбінь чалавечай думкі. Пад час сустрэчы Данута Янаўна шмат расказвала пра Ларысу Геніюш, з якой вельмі доўга сябравала. Айцец Аляксандр падзякаваў пісьменніцы за шчыры і эмацыйна насычаны выступ.
Данута Бічэль нарадзілася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. У 1962 г. закончыла Гродзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Горадні. Яе пяру належаць зборнікі паэзіі: «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Ты — гэта ты» (1976), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «А на Палессі» (1990), «Ты не самотны…» (1997), «Снапок» (1999), «Ойча наш…» (2008), «У Будслаўскай святыні ты ранішняй зоркай…» (2004), «На белых аблоках сноў» (2002); кнігі прозы: «Хадзі на мой голас» (2008), «Мост Святога Францішка» (2010).
Iрына ШУРСКАЯ