ВІНШАВАННЕ ВЫСОКАПРААСВЯШЧЭННЕЙШАГА АРЦЕМІЯ, АРХІЕПІСКАПА ГРОДЗЕНСКАГА І ВАЎКАВЫСКАГА, З НАГОДЫ СВЯТА НАРАДЖЭННЯ ХРЫСТОВА
Дзе тысячы гадоў аддзяляюць нас ад той святой віфлеемскай ночы, што абвясціла свету таямніцу Богаўцялеснення. Мінула шмат часу. Колькі за гэтыя гады паўставала і знікала магутных імперый, колькі ў свеце было знакамітых людзей – і ўсе яны зніклі без следу. Якія толькі не страсалі свет катаклізмы – і духоўныя, і сацыяльныя, і палітычныя – і ўсё гэта мінула, а Хрыстос – нязменны і вечны. Час і прастора не маюць над Ім улады: Хрыстос зноў і зноў уваходзіць у наша жыццё.
Хрыстос прынёс на зямлю Адкрыццё не толькі пра Бога, але і пра чалавека, пра яго высокае пакліканне і яго высакароднае прызначэнне.
Нараджэнне Хрыста дало нам магчымасць пазнання любві, дабрыні і міласці Божай.
Нараджэнне Хрыста – гэта вялікая таямніца заручэння Бога з чалавекам, таямніца неспасцігальная і зразумелая, таямніца Боская і чалавечая, таямніца нябесная і зямная.
Нараджэнне Хрыстова дае нам радасць богаўсынаўлення і поўную ўпэўненасць у вечным жыцці.
З сённяшняй ночы пачынаецца для свету Богаадкрыццё, Богаяўленне. Хрыстос даў нам святло ісціны. Гэтым святлом Ён прасвятляе ўсіх і дае магчымасць па-новаму асэнсоўваць жыццё, рыхтавацца да прыняцця Збавіцеля праз наша выпраўленне і аднаўленне.
У сённяшнюю святую ноч мы, сабраўшыся ў храме Божым, імкнемся наблізіцца да Бога, адчуць Яго сваім сэрцам і молімся да Яго. Мы сёння радасна спяваем “Слава ў вышніх Богу”, а за гэтымі сценамі свет зноў паўстае супраць Хрыста, як было з самага пачатку, з першых дзён жыцця народжанага на зямлі Збавіцеля. Свет ізноў ашчэрыў іклы і імкнецца знішчыць Божую справу выратавання чалавека.
Жывучы ў гэтым свеце, усе мы, браты і сёстры, у пэўнай меры і ступені падобны або да тых жыхароў, якія не адчынілі сваіх дзвярэй для Прасвятой Дзевы і Іосіфа, або да віфлеемскіх пастухоў ці валхвоў, якія прыйшлі пакланіцца народжанаму Сыну Божаму. Тыя, хто вераць у сваю магутнасць і абсалютную праведнасць, не знойдуць дарогі да Яго.
Для нас зараз асабліва актуальны словы Збавіцеля: “Будзеце ўзненавіджаныя за імя Маё”. Цяпер кожны святар, кожны вернік з’яўляецца тым, супраць каго накіроўваюцца ўсе здзекі, кпіны і паклёпы, увесь бруд. Гэта не выпадкова.
Наш час – страшны. У што ператвараецца жыццё? Яно ўжо стала напоўнена злобаю, ашуканствам, няшчырасцю, крывадушшам – усякім брудам. Мы жывём у трывожны час. На свет насунуліся апакаліптычныя хмары.
Няхай народжаны Хрыстос Збавіцель умацуе веру. Няхай гэта вера будзе даваць нам сілы ў шматлікіх жыццёвых выпрабаваннях. Вера адкрывае нам шлях да Бога, натхняе, дорыць надзею, перамагае страх і прыгнёт. Вера робіць нас свабоднымі.
Няхай дасць нам Гасподзь смеласць быць Яго паслядоўнікамі і сведкамі ісціны Божай. Няхай заўсёды ў душы нашай будзе благадаць Бога, Які дзеля нас і нашага збаўлення сышоў з нябёс, уцялесніўся і стаў чалавекам, а сэрца наша стане прастолам, на якім вечна будзе панаваць Збавіцель Хрыстос! Амінь.
Гродна
- 2013 -