Калядны канцэрт хора «Бацькаўшчына» ў царкве свяціцеля Лукі
7 студзеня 2013г., у дзень Нараджэння Іісуса Хрыста, прыхаджан і настаяцеля царквы ў гонар свяціцеля Лукі пры Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы айца Аляксандра Хомбака прыйшоў павіншаваць і падзяліцца святочным настроем хор беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына”. З вялікім задавальненнем вернікі сустракалі спевакоў. Больш за гадзіну гучалі беларускія калядкі, а таксама замежныя святочныя песнапенні, тэксты якіх перакладзены на беларускую мову («Jingle bells» і «Stille Nacht») . Мастацкі кіраўнік хору Вера Кунцэвіч неаднаразова прапаноўвала слухачам далучыцца і спяваць разам вядомыя ўсім калядкі.
Асаблівым падарункам для вернікаў стаў трапар “Нараджэнне Хрыстова”. Напэўна, кожны прысутны ў храме быў удзячны хору “Бацькаўшчына” за радасць, за ўзняты настрой, за цеплыню, якая напоўніла сэрца, за адраджэнне калядных спеваў. У канцы сустрэчы айцец Аляксандр падзякаваў за эмацыйна ўзнёслы выступ, за добрую традыцыю сустракаць святы разам, а затым падараваў салодкія пачастункі не толькі артыстам, але і ўсёй пастве. Ірына ШУРСКАЯ.
Фото: